«Народ Беларусі сутыкаецца зь беспрэцэдэнтным санкцыйным ціскам і парушэньнем сваіх правоў з боку Захаду. Без мандату ААН супраць гэтай краіны ўводзяцца эканамічныя абмежаваньні, замарожваюцца актывы, закрываюцца пункты пропуску на мяжы. Мэта гэтых супрацьпраўных захадаў — дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне», — заявіў Генадзь Гацілаў у часе дыялёгу аб справаздачы.
У Міністэрстве замежных спраў Расеі адзначылі сваю занепакоенасьць «спробамі Захаду аднавіць нацыяналістычны рух у Беларусі». Такія арганізацыі, паводле паведамленьня расейскага МЗС, «мэтанакіравана рыхтуюцца ва Ўкраіне».
«Узгадаваныя „калектыўным Захадам“ праваабарончыя арганізацыі замоўчваюць усе гэтыя абуральныя факты. На жаль, на гэты шлях стала і Ўправа Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека. Заклікаем спыніць умяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі і прадэманстраваць, нарэшце, рэальны клопат аб беларусах бяз вонкавага ціску пад выглядам клопату аб правах чалавека», — адзначаецца ў паведамленьні МЗС Расеі.
17 сакавіка Офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікаваў справаздачу аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У ёй адзначаліся прыкметы датычнасьці ўладаў Беларусі да злачынстваў супраць чалавечнасьці.
Размова ішла пра гібель людзей у выніку ўжываньня гвалту, а таксама пра катаваньні і бесчалавечнае стаўленьне да зьняволеных.
У дакумэнце зафіксаваныя меркаваныя злачынствы ў Беларусі, учыненыя з траўня 2020 па сьнежань 2022 году, заявіла прадстаўніца ААН Ліз Тросэл.