Размова ідзе пра гібель людзей у выніку ўжываньня гвалту, а таксама пра катаваньні і бесчалавечнае стаўленьне да зьняволеных. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе ОВКПЧ пра сытуацыю ў Беларусі, абнародаваным сёньня ў Жэнэве.
Пра гэта паведамляе DW.
У дакумэнце зафіксаваныя меркаваныя злачынствы ў Беларусі, учыненыя з траўня 2020 па сьнежань 2022 году, заявіла прадстаўніца ААН Ліз Тросэл.
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк скрытыкаваў беспакаранасьць і амаль поўнае разбурэньне грамадзянскай супольнасьці і асноўных свабодаў у Беларусі. «Урад Беларусі мае абавязак перад сваім народам спыніць масавыя рэпрэсіі і правесьці аб’ектыўнае і празрыстае расьсьледаваньне з мэтай прыцягнуць вінаватых у абуральных парушэньнях да адказнасьці», — падкрэсьліў Цюрк.
У працэсе падрыхтоўкі дакладу праваабаронцы ААН апыталі 207 ахвяраў і сьведак, а таксама вывучылі больш за 2500 фатаграфіяў, відэазапісаў, мэдычных і судовых дакумэнтаў. У дакладзе задакумэнтаваныя гвалт супраць дэманстрантаў, адвольныя затрыманьні, сэксуальны гвалт і судовыя працэсы без адэкватнай абароны.
Сталае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве выступіла з крытыкай дакладу. «Офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека працягвае тыражаваць хлусьню і паклёпы на Беларусь і яе ўлады», — гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва.
«Даклад служыць інструмэнтам для лабіраваньня антыбеларускага парадку дня заходніх краін у ААН і Радзе па правах чалавека. Офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека працягвае абараняць тых, хто ня змог падарваць беларускую дзяржаву і незаконна захапіць уладу ў 2020 годзе, удзельнічаючы ў масавых беспарадках, накіроўваючы антыўрадавыя пратэсты, распальваючы нянавісьць у грамадзтве, ужываючы гвалт і пагрозы ў дачыненьні да прадстаўнікоў праваахоўных органаў, дзяржаўных службовых асобаў, прадзяржаўных журналістаў», — цытуе БЕЛТА заяву прадстаўніцтва Беларусі пры ААН.
У ёй таксама гаворыцца, што некаторыя з тых, хто ў дакладзе прадстаўлены ў якасьці «ахвяраў і сьведак», «зьбеглі за мяжу і зараз пад кіраўніцтвам сваіх спонсараў зьбіраюць „доказы злачынстваў рэжыму“, каб напоўніць такія даклады, якія распаўсюджваюць дэзынфармацыю і хлусьню ў якасьці сродку помсты і ціску на Беларусь».
Абмеркаваньне дакладу ў Радзе ААН па правах чалавека адбудзецца 22 сакавіка.