Раніцай 20 сакавіка цана на нафту ўпала да самага нізкага ўзроўню са сьнежня 2021 года: на Brent яна ўпала амаль да 70 даляраў за барэль.
Як паведамляе Reuters, аналітыкі спасылаліся на асьцярогі, што праблемы ў банкаўскай сфэры могуць выклікаць рэцэсію і скарачэньне попыту на паліва.
Аналітыкі таксама мяркуюць, што 22 сакавіка Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША абвесьціць аб чарговым павышэньні ўліковай стаўкі на 0,25%, што яшчэ больш ускладніць працу фінансавых устаноў.
Зьніжэньне цэнаў на нафту адбываецца на фоне паведамленьняў аб дамове, паводле якой найбуйнейшы швайцарскі банк UBS купляе іншы буйны швайцарскі банк, Credit Suisse, якому пагражала банкруцтва. Крах фінансавай установы такога маштабу можа выклікаць глябальны крах рынкаў.