Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам дазволілі скардзіцца ў Канстытуцыйны суд. Тлумачым, у якім выпадку


Судзьдзя Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь Ала Бодак расказала, што цяпер у КС могуць зьвяртацца звычайныя грамадзяне.

Гэтая норма была ўведзеная ў выніку зьмены Канстытуцыі, праведзенай праз так званы рэфэрэндум летась у лютым. Раней грамадзянін мог зьвяртацца ў КС толькі ўскосным чынам.

Паказьнікам даверу грамадзян да Канстытуцыйнага суду можа быць тое, што, як прызналася БелТА сама Ала Бодак, за апошнія гады ніводзін грамадзянін, які лічыў, што ягоныя «правы, свабоды і законныя інтарэсы парушаюцца, не скарыстаўся правам зьвяртацца ў КС праз «упаўнаважаныя органы», а менавіта праз «прэзыдэнта, Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу (яго прэзыдыюм), Вярхоўны суд і Савет Міністраў».

Цяпер грамадзянін мае права зьвяртацца ў КС без пасярэднікаў, але, як вынікае са слоў Бодак, толькі ў тым выпадку, калі не ўдалося дамагчыся вырашэньня справы ў іншых судовых органах.

«Канстытуцыйны суд у парадку, вызначаным законам, выносіць рашэньні па скаргах грамадзян на парушэньні іх канстытуцыйных правоў і свабодаў, правяраючы канстытуцыйнасьць законаў, прымененых у канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны», — патлумачыла Бодак.

На яе думку, «гэтая магчымасьць забясьпечвае паўнату рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону».

Тым часам як беларускія праваабаронцы, так і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі канстатуюць устойлівае ігнараваньне дзяржаўнымі органамі, асабліва сілавымі структурамі, базавых правоў грамадзянаў Беларусі, прапісаных у Канстытуцыі, а таксама Ўсеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека ды іншымі міжнароднымі актамі, якія ратыфікавала Рэспубліка Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG