«Міністэрства культуры займаецца эксгумацыяй творчых трупаў»
Аляксандар Чарнуха — журналіст, пісьменьнік, аўтар тэлеграм-каналу «Беларуская музыка» іютуб-каналу «Міністэрства сепультуры» Ідэя апошняга зьявілася таму, што ў беларускім сэгмэнце Youtube вельмі мала праектаў пра беларускую музыку, кажа Аляксандар:
«Хацелася стварыць дыскусійную пляцоўку, на якой чалавек мог бы нешта даведацца пра беларускую музыку, паспрачацца пра яе. Гэта стварае наш беларускі кантэкст, прымушае чалавека рэфлексаваць, думаць пра беларускую музыку, размаўляць пра яе», — кажа Аляксандар Чарнуха.
Назва праекту «Міністэрства сепультуры» мае цікавую гісторыю, і, канечне, гэта калямбур на беларускае Міністэрства культуры:
«Sepultura» з партугальскай мовы перакладаецца як «магіла». Таму ўсё вельмі сымбалічна, мне падаецца, у адносінах да Міністэрства культуры, якое ў межах такіх праектаў, як «Песьня году» і іншыя, займаецца эксгумацыяй творчых трупаў. А ў бразыльскага музычнага гурту «Sepultura» ёсьць відавочная сувязь зь Беларусьсю: дзяўчына вакаліста гурту — зь Беларусі, з Барысава, мы зь ёю нават вучыліся ў адной школе«, — кажа аўтар праекту.
«Мне вельмі хацелася б, каб людзі са мной спрачаліся»
У сваіх відэа Аляксандар крытычна выказваецца пра беларускую музыку і музыкаў. Гледачы на гэта, бывае, рэагуюць рэзка:
«Прыкра, што час ад часу людзі пераходзяць на асобы. Яны не пагаджаюцца з чужой думкай, але пры гэтым выказваюцца вельмі катэгарычна, кшталту: „Гэта ты дурань“. Мне падаецца, што гэта пра няўменьне даваць зваротную сувязь на тое, што не спадабалася. Гэта таксама сьведчыць пра сталасьць грамадзтва — калі ты ўмееш весьці дыскусію з павагай да чалавека, абгрунтаваць сваю пазыцыю і зрабіць з гэтага нешта канструктыўнае».
Аляксандар адзначае, што вельмі радуецца, калі яму пішуць камэнтары з канструктыўнай крытыкай, бо гэта моцна паляпшае праект:
«Мне вельмі хацелася б, каб людзі са мной спрачаліся, бо мая думка — гэта не апошняя інстанцыя, і я магу ў нечым таксама памыляцца. Вельмі хацелася б, каб гэты праект быў дыскусійнай пляцоўкай для людзей, якія цікавяцца беларускай музыкай, якія хочуць пра яе размаўляць. Давайце спрачацца разам! Гэта крута!»
«Гэта абставіны для сапраўдных спартанцаў»
Аляксандар заўважае, што нават цяпер у Беларусі зьяўляецца вельмі шмат цікавых праектаў, выходзіць дастаткова клясных альбомаў, але ўмовы для разьвіцьця незалежнай музыкі неспрыяльныя:
«Калі ты пра нешта публічна заяўляеш, штосьці выпускаеш, то ты ўжо пад люпай, цябе разглядаюць, і ня дай бог ты нешта ня так сказаў ці зрабіў! Або проста ты вельмі актыўна сябе паводзіш, і да цябе могуць узьнікнуць пытаньні. Таму існаваньне ў Беларусі — гэта існаваньне ў падпольлі. І гэта вельмі незайздросна. У такіх умовах застаюцца самыя моцныя, таленавітыя, самыя ўпартыя».
Музыка, якая існуе па-за межамі краіны, таксама мае свае складанасьці, кажа Чарнуха:
«Шмат якія гурты пераехалі, зьбіраліся па аскепках і цяпер вымушаныя ў першую чаргу думаць пра тое, як сваё жыцьцё наладзіць, зарабляць нейкія грошы, каб карміць сем’і, а ўжо потым пра творчасьць. Шмат у каго часу на творчасьць не застаецца. Частка гуртоў проста страціла сваю аўдыторыю і зьбірае яе наноў, і гэта таксама складаны працэс».
Важна не забывацца пра канцэртную дзейнасьць музыкаў, якая вельмі складаная як унутры Беларусі, так і за яе межамі, кажа музычны журналіст:
«У Беларусі вельмі складана атрымаць гастрольнае пасьведчаньне, і не абы-які чалавек у прынцыпе яго зможа атрымаць. Па-за межамі Беларусі арганізаваць гастрольны тур ці нават адзін канцэрт таксама складана, бо табе трэба ўжо мець сваю аўдыторыю. Яшчэ трэба атрымаць візу, калі ты ў Беларусі, выехаць, зладзіць гэты канцэрт, а потым яшчэ пасьпяхова вярнуцца. Гэта абставіны для сапраўдных спартанцаў, для людзей, якія жывуць музыкай і ня бачаць сябе безь яе».
«Жыць не пад уплывам расейскага кантэксту ў Беларусі зараз вельмі складана»
Ці могуць беларускія музыкі «адарвацца» ад беларускага кантэксту, залежыць ад атачэньня, мяркуе Аляксандар:
«Беларускія гурты не перастануць быць беларускімі ад таго, што яны цяпер па-за межамі Беларусі існуюць, бо ўсё роўна мы нават у інтэрнэт-прасторы фармуем і фармулюем гэты беларускі кантэкст, мы яго адбудоўваем. Цяжка сказаць, дзе ён фармулюецца лепшым чынам цяпер, бо беларуская мэдыяпрастора ўнутры краіны зачышчаецца і проста аддаецца на „зьядзеньне“ расейскай. І гэта такі вельмі балючы і складаны працэс. Жыць не пад уплывам гэтага расейскага кантэксту ў Беларусі цяпер вельмі складана».
Наколькі хутка ўдасца пазбавіцца ад расейскага кантэксту і стварыць свой, калі Беларусь стане дэмакратычнай, залежыць выключна ад грошай, лічыць Аляксандар:
«Каб адрадзіць нешта беларускае — трэба ствараць якасны прадукт. Каб ствараць якасны прадукт — трэба грошы. Бяз грошай, „на каленках“ цяпер немагчыма нешта рабіць. Нейкімі дырэктывамі прымушаць людзей любіць беларускае таксама немагчыма, іх трэба зацікавіць, заахвоціць, каб яны ў гэтым „варыліся“. Гэта як рабіць якасны таблоід у краіне, дзе няма грошай у шоў-бізнэсу. Гэта проста немагчыма, так не працуе. Будуць грошы, будзе пабудаваная нейкая сыстэма, — атрымаецца зрабіць гэта хутка. Калі не, то будзе гэта адбывацца ў нейкіх пакутах і вельмі працяглы час».
«Людзі не перастаюць быць беларусамі ад таго, што яны сьпяваюць на іншай мове»
Беларуская музыка — гэта музыка выключна на беларускай мове?
«У пэрспэктыве так, але цяпер — не, бо мне падаецца, што беларуская музыка — гэта і англамоўная, і расейскамоўная, і беларускамоўная. Людзі не перастаюць быць беларусамі ад таго, што яны сьпяваюць на іншай мове. Я разумею цяперашняе нэгатыўнае стаўленьне да расейскамоўных гуртоў, але давайце паразважаем: а ангельскамоўныя гурты ў Беларусі, што зь імі ня так? Беларускамоўная музыка можа быць цікавая ўнутры Беларусі, а пашыраць, рабіць гурт глябальна пасьпяховым складаней».
У пэрспэктыве хацелася б, каб беларускі гурт мог выказваць свае думкі менавіта па-беларуску, заўважае Аляксандар:
«Зараз шмат каму зручней гэта рабіць па-расейску. Але беларуская музыка ня толькі пра тое, якой мовай ты выказваеш думкі, а пра што твае думкі ўвогуле. Ты жывеш у пэўнай краіне, твае тэксты — гэта сукупнасьць тваіх стасункаў, перажываньняў таго, у якім грамадзтве ты жывеш. І гэта таксама нешта вельмі беларускае».
«Мы жывём у краіне, якая знаходзіцца пад уплывам іншай, і не разумеем, чаму гэта дрэнна»
Чаму важна гаварыць пра беларускую музыку і культуру ва ўмовах рэпрэсій і вайны?
«Мне падаецца, мы шмат часу змарнавалі, седзячы пад уплывам гэтага расейскага кантэксту, і ўбачылі, што з гэтага цяпер адбываецца. Мне складана ўявіць беларуса, які зараз за грошы пойдзе на канцэрт Лепса ці „Любэ“ і будзе пляскаць у ладкі. Але на гэтых канцэртах былі аншлягі, і гэта шмат пра што кажа. Мы жывём у краіне, якая знаходзіцца пад уплывам іншай краіны, і не разумеем, чаму гэта дрэнна. Таму вельмі важна зараз гаварыць пра беларускае і рабіць беларускае, бо ад гэтага залежыць, ці будзе пашырацца гэты ўплыў чужой дзяржавы на нашых людзей».
«Абавязкова будуць новыя фарматы»
Аляксандар называе топ-5 альбомаў беларускіх гуртоў, якія цяпер слухае.
Sang Sattawood «Tree»;
Ulis «Чужаніца»;
GodsTower «The Turns»;
Троіца «Зімачка»;
Петля Пристрастия «Всем доволен».
«Абавязкова будуць новыя фарматы, будуць запрошаныя госьці, будуць аповеды пра новую цікавую беларускую музыку. Хочацца вельмі, каб людзі чакалі наступнага выпуску, даведваліся зь яго нешта, каб гэта быў свайго роду сюрпрыз», — расказвае Аляксандар пра свае далейшыя пляны. І дадае, што неўзабаве выйдзе пераклад на беларускую мову ягонага раману «Сьвіньні», які зьявіўся па-расейску неўзабаве пасьля падзей 2020 году.