Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Места, над якім праляцела «Сарока». Пра літаратурную прэмію Angelus 2022


Альгерд Бахарэвіч на сустрэчы ва ўроцлаўскім Доме літаратуры, 13 кастрычніка 2022. Зьлева: Уршуля Гленск; справа: Яанна Бэрнатовіч
Альгерд Бахарэвіч на сустрэчы ва ўроцлаўскім Доме літаратуры, 13 кастрычніка 2022. Зьлева: Уршуля Гленск; справа: Яанна Бэрнатовіч

З часу, як я дазнаўся, што існуе нешта пад назвай Сярэдняя Эўропа, у мяне зьявілася асабіста-сямейнае пытаньне: а я і мая сям’я, дзе мы насамрэч знаходзімся — недзе ў сярэдзіне гэтай тэрыторыі ці звонку яе?

Каардынаты Сярэдняй Эўропы

Калі меркаваць па тым, як вызначае гэты геаграфічны панятак Літаратурная прэмія Сярэдняй Эўропы Angelus, то я, нягледзячы на тое, што некалькі разоў у жыцьці мяняў месцы пражываньня, увесь час знаходзіўся ў гэтай самай Сярэдняй Эўропе — і тады, калі жыў на падляскім хутары, і тады, калі хадзіў на ўнівэрсытэцкія заняткі ў Варшаве, і цяпер, калі жыву ў чэскай вёсцы пад Прагай.

Пад разгляд журы Літаратурнай прэміі Сярэдняй Эўропы падпадаюць пераклады на польскую мову кніжак аўтараў, якія пражываюць у 22 краінах Эўропы. То бок панятак Сярэдняй Эўропы разумеюць ва Ўроцлаве, які заснаваў і фінансуе гэтую прэмію, максымальна шырока: сюды ўваходзяць Расея на ўсходзе і Нямеччына на захадзе, а з поўначы і поўдня межы гэтага эўрапейскага «міжзем’я» вызначаюць Эстонія і Македонія адпаведна.

Ці акрамя гэтай геаграфічнай «зьлепленасьці» існуе яшчэ нейкі агульны культурна-духоўны «стрыжань» для ажно 22 краін? Я радыкальна сумняюся, але няхай ужо на гэтае пытаньне адказваюць разумнейшыя за мяне. Напрыклад, пісьменьнік і філёзаф зь Менску Ігар Бабкоў, якога, як мне помніцца, праблема Сярэдняй Эўропы некалі моцна хвалявала.

Завяршальная сцэна з уручэньня Літаратурнай прэміі Angelus 2022, Уроцлаў, 15 кастрычніка 2022
Завяршальная сцэна з уручэньня Літаратурнай прэміі Angelus 2022, Уроцлаў, 15 кастрычніка 2022

Уроцлаў у маім сямейным жыцьці

У кожным разе, нягледзячы на вышэй згаданыя сумневы, у польскім Уроцлаве я не баюся сказаць, што вось у гэтым месцы і месьце я адчуваю сябе прысутным у Сярэдняй Эўропе ня толькі геаграфічна, але і крыху, так бы мовіць, літаратурна. У 2005–2008 гг. мы з жонкай, Галінай Максімюк, удзельнічалі ў перакладніцкай праграме Калегіюму Сярэдняй Эўропы ва Ўроцлаве (зноў жа гэтая эўрапейская «сярэдзіна» ў назьве!) і пераклалі зь беларускай на польскую некалькіх аўтараў: Валянціна Акудовіча, Уладзімера Арлова, Ігара Бабкова, Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча.

Рэдактар, аўтар і перакладнік «Сарокі на шыбеніцы»: Сяргей Шупа, Альгерд Бахарэвіч, Ян Максімюк, Уроцлаў, 14 кастрычніка 2022
Рэдактар, аўтар і перакладнік «Сарокі на шыбеніцы»: Сяргей Шупа, Альгерд Бахарэвіч, Ян Максімюк, Уроцлаў, 14 кастрычніка 2022

І вось зноў Уроцлаў: у 2021 годзе выйшаў польскі пераклад раману «Сарока на шыбеніцы» Альгерда Бахарэвіча, які трапіў у фінал прэміі Angelus 2022. Гэтым разам я пераклаў кнігу ня з жонкай, а з сынам, Ігарам Максімюком. Але жонка вельмі істотна папрысутнічала ў гэтым перакладзе, хоць засталася «па-за кадрам». Яна ў нашай сям’і адзіная асоба, якае мае больш-менш «прафэсійнае» дачыненьне да польскай мовы: у свой час вывучала польскую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце, а потым гады два працавала настаўніцай польскай мовы ў школе ў Беластоку. Таму яна папярэдне адрэдагавала наш зь Ігарам пераклад, перш чым мы здалі яго ў рукі выдаўцоў.

Angelus у сьвятле юпітэраў

Пасьля даволі доўгіх пэрыпэтый з пошукам дафінансаваньня і рэдагаваньнем, наш пераклад «Сарокі» выйшаў у выдавецтве Pogranicze пад самы канец 2021 году. Спадарыня Малгажата Спорэк-Чыжэўска, кіраўніца выдавецтва, вырашыла падаць яго на прэмію Angelus. Са 100 кніг, якія арганізатары прэміі прынялі да разгляду на гэты год, журы выбрала 14 у так званы доўгі сьпіс (у ім, акрамя «Сарокі на шыбеніцы», апынуўся пераклад яшчэ адной кнігі беларускага аўтара — «Песьні пра Цімура» Андрэя Адамовіча), а потым вызначыла кароткі сьпіс зь сямі кніг.

Юля Цімафеева, Галіна Максімюк, Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Шупа. Уроцлаў, 14 кастрычніка 2022
Юля Цімафеева, Галіна Максімюк, Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Шупа. Уроцлаў, 14 кастрычніка 2022

У фінал прэміі трапілі чатыры перакладныя кнігі (Беларусь, Балгарыя, Вугоршчына, Чэхія) і тры кнігі польскіх аўтараў. Толькі адзін зь фіналістаў – канкурэнтаў «Сарокі» быў мне вядомы раней: польскі пісьменьнік Анджэй Стасюк, кнігу якога «Jadąc do Babadag» я чытаў гадоў 15 таму. Журы пад кіраўніцтвам аўстрыйскага пісьменьніка і перакладніка польскай літаратуры Мартына Поляка прысудзіла «ангелюса» кнізе польскага аўтара — «Pulverkopf» Эдварда Пасэвіча. Паводле статуту прэміі, калі галоўную прэмію даюць польскаму аўтару, журы вырашае яшчэ пра дадатковую прэмію перакладчыку замежнай кнігі. Яе атрымаў Данель Вармуз за пераклад кнігі «Szatański pomiot» вугорскага пісьменьніка Зольтана Мігая Надзя. Наколькі я зразумеў, гэты вугорскі пісьменьнік нарадзіўся ў Закарпацьці, на вугорска-ўкраінскім памежжы з украінскага боку мяжы; дзе ён цяпер жыве, я ня ведаю.

Angelus у поцемках

Вядома, было спадзяваньне, што журы неяк заўважыць (і «ўважыць») нашу «Сароку», але гэтае спадзяваньне абапіралася, так бы мовіць, на чыста матэматычную імавернасьць. То бок выйграць у нас было 14 2/7 % шанцаў. Ну а як перакладнікі мы з сынам мелі 25% шанцаў атрымаць сваю ўзнагароду. Не атрымалася, але ніякай асабістай трагедыі ў гэтым я ня бачу. Літаратурныя прэміі — рэч даволі цьмяная і эфэмэрная, што тычыцца крытэраў прысуджэньня. Гэта не спартовае спаборніцтва, у якім пераможцаў вызначае аб’ектыўны замер іхных мэтраў ці сэкундаў. Тут ex definitione пераважае суб’ектыўнасьць і «настрой моманту».

Юля Цімафеева, Галіна Максімюк. Уроцлаў, 14 кастрычніка 2022
Юля Цімафеева, Галіна Максімюк. Уроцлаў, 14 кастрычніка 2022

А цяпер будзе мой журналісцкі эксклюзіў, адмыслова для чытачоў Свабоды. На цырымоніі ўручэньня прэміі я сядзеў перад сцэнай у першым шэрагу крэсел, а ў другім, непасрэдна за мною, сядзелі чальцы журы. І яны перад пачаткам усёй імпрэзы, «не цырымонячыся», напаўголаса абмяркоўвалі між сабой некаторыя аспэкты ранейшых унутраных дыскусій над прысуджэньнем прэміі. Мне што, трэба было затуліць вушы? Я не затуліў. І перад абвяшчэньнем вынікаў я неафіцыйна дазнаўся, што нашай «Сароцы» нічога ня сьвеціць. І яшчэ я дазнаўся, што галасаваньне над кароткім сьпісам зусім інакш пераставіла прэтэндэнтаў на першае месца («перакуліла з ног на галаву»), калі параўноўваць з ранейшым галасаваньнем журы над доўгім сьпісам. «Апошнія сталі першымі», — іранічна падсумаваў адзін з ананімных (я баяўся азірнуцца) чальцоў журы. Ну дык вось, я якраз пра гэтую самую суб’ектыўнасьць…

Хто такі той Angelus Silesius

На заканчэньне крыху пра назву прэміі і некаторыя прыватнасьці і трывіяльнасьці.

Angelus Silesius — такі літаратурны псэўданім выбраў сабе нямецкі духоўнік і паэт Ёганэс Шэфлер (1624-1677), які нарадзіўся і памёр ва Ўроцлаве (у ягоны час места называлася Breslau). Акрамя галоўнай прэміі Angelus, 15 кастрычніка ў Музычным тэатры Capitol ва Ўроцлаве ўрачыста ўручалі таксама Паэтычную прэмію Silesius — за дэб’ют году, за кнігу году і «за заслугі» (za całokształt). Мне кінулася ў вочы, што як гэтыя паэтычныя кніжкі-фіналісты, так і кніжкі-фіналісты Angelusa выйшлі або ў невялікіх і малавядомых (нішавых) выдавецтвах, або ў такіх, якія ўжо пасьпелі стаць і вялікімі, і вядомымі, але не існавалі ў камуністычны час. Ня ведаю і прыблізна, колькі цяпер выдавецтваў у Польшчы (іх лік вымяраецца напэўна сотнямі). Але вось сама гэтая вялізная колькасьць сьведчыць найлепш пра тое, як далёка прасуналася Польшча ў сфэры распрыгоньваньня выдавецкай палітыкі пасьля камуністычнага часу, калі лік дзяржаўных літаратурных выдавецтваў вымяраўся ўсяго двума дзясяткамі.

Альгерд Бахарэвіч падпісвае «Сабакаў Эўропы». Уроцлаў, 13 кастрычніка 2022
Альгерд Бахарэвіч падпісвае «Сабакаў Эўропы». Уроцлаў, 13 кастрычніка 2022

Зрэшты, у Польшчы цяпер кожны сам сабе можа стаць «выдавецтвам», атрымаўшы беспраблемна з Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве набор нумароў ISBN. Пра адно такое «самсабойнае» падляскае выдавецтва — Struha Editions — мы з Галінай расказалі аднаго вечара на тэрасе бару ўроцлаўскага Дома літаратуры Альгерду, Юлі і Сяргею, якія бадзяліся разам з намі па прыгожым Старым Месьце Ўроцлава, чакаючы афіцыйнага пацьверджаньня, што наша «Сарока» праляцела :-)

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG