Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтка Юлія Цімафеева: «Мы стараемся як можам, каб трагедыя цяперашняй Беларусі была на слыху»


Юлія Цімафеева
Юлія Цімафеева

Размова з паэткай Юліяй Цімафеевай, якая разам з мужам, пісьменьнікам Альгердам Бахарэвічам, выехала зь Беларусі больш за два гады таму і пасялілася ў аўстрыйскім Грацы.

— Юлія, я хацеў бы распытаць вас, як для вас прайшоў мінулы год. Але перш чым пытацца пра падсумаваньне, запытаю пра сумаваньне. Ці сумуеце вы ў жыцьці? Калі так, то па чым ці кім?

— Цяперашнія часы вымушаюць нас нарошчваць браню — немагчыма прыняць у сябе столькі страшных падзей і страт. Але, з другога боку, яны разьмякчаюць нас знутры, да сэнтымэнтальнасьці. А таму, калі прыходзіць, прыкладам, вестка, што нехта адседзеў свой тэрмін да канца і выйшаў, — ужо радасьць і сьлёзы.

Вядома, я сумую па сваіх родных, якіх ня бачу ўжо трэці год, сумую па Менску, дзе пражыла ладную частку жыцьця, па пляскатых краявідах і лясах, дзе гуляла падлеткам… У нас з Альгердам Бахарэвічам, маім мужам, зьявілася традыцыя — штодня праглядаць успаміны, што нам падкідвае Фэйсбук. Вось крыху сумую па тым, што было тры-дзесяць гадоў таму: прэзэнтацыі, чытаньні, фэстывалі, сустрэчы, чорна-белыя фота Менску, якія я некалі рабіла, сэлфі з калегамі і сябрамі. Але я цудоўна разумею, што былога не вярнуць. Магчыма, вернемся мы, але ўсё будзе зусім іначай.

Юлія Цімафеева з выдавачкай Рэгеліндыс Вэстфаль (Edition frölich) у Бэрліне
Юлія Цімафеева з выдавачкай Рэгеліндыс Вэстфаль (Edition frölich) у Бэрліне

— Нядаўна Альгерд Бахарэвіч напісаў у Фэйсбуку, што сёлета ён узяў удзел у 55 сустрэчах з чытачамі ў 24 розных гарадах, пераважна разам з вамі. Вы сапраўды адолелі гэта за адзін год? Маглі б назваць хоць некаторыя з гэтых гарадоў?

— Выступаць перад публікай — чытаць, удзельнічаць у дыскусіях, адказваць на пытаньні — гэта частка нашай працы, частка працы беларускіх творцаў розных жанраў, што апынуліся цяпер за мяжой. У нас выходзяць перакладныя кнігі ў розных краінах і гарадах, нашая беларуская публіка раскіданая па ўсім сьвеце. Таму, каб быць пачутымі, і мы з Альгердам мусім рухацца, а не чакаць, пакуль да нас у Грац наведаецца сотня-другая цікаўных чытачоў.

Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч на літаратурнай сустрэчы ў бібліятэцы Капэнгагену, арганізаванай культурным таварыствам Beladania
Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч на літаратурнай сустрэчы ў бібліятэцы Капэнгагену, арганізаванай культурным таварыствам Beladania

Калі ж гаварыць пра нейкія канкрэтныя лякацыі, то прывяду некалькі прыкладаў. Увесну ў мяне выйшаў пераклад «Менскага дзёньніка» на нідэрляндзкую, такім чынам мы з кнігай сустрэліся ў Амстэрдаме. У траўні ў праскім выдавецтве «Вясна» зьявіліся нашыя з Альгердам паэтычныя кнігі, вядома, першую прэзэнтацыю было вырашана правесьці ў праскай кнігарні. Мы выступалі ў Кракаве, Заграбе, Рыецы, Вільні, Любліне, Капэнгагене. Гэтай восеньню правялі шмат імпрэзаў у Нямеччыне, у тым ліку прэзэнтуючы тры мае нямецкія кнігі: у Бэрліне, Дрэздэне, Гале, Гамбургу, Гановэры, Вісбадэне…

— Раней вы былі моцна ангажаваныя ў рэдагаваньне інтэрнэтнага часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСьвет». А цяпер самі сталі, прабачце мне гэтую нягеглую мэтафару, «прайдзісьветам» у асабістым жыцьці. Як вам убачыўся шырэйшы, небеларускі сьвет? Беларусь і астатняя Эўропа — гэта два несутыкальныя сьветы? Разумеюць у тым шырэйшым сьвеце хоць крыху, хто такія беларусы і што такое Беларусь?

Юлія Цімафеева
Юлія Цімафеева

— У тым, што Беларусь — гэта неад’емная частка эўрапейскага сьвету, я не сумнявалася і раней. Да прыкладу, пішу пра гэта ў сваім вершы «My European Poem» (2020), што процьму разоў зачытвала з маленькіх і вялікіх сцэн. За гэтыя больш як два гады нашага жыцьця ў Аўстрыі і пастаянных вандровак я атрымала гэтаму пацьверджаньне. Беларусь — самая што ні ёсьць Эўропа. Магчыма, не такая ганарыстая і багатая, як некаторыя, краіна, што ніколі ня мела калёній і нікога не заваёўвала, але нічым асабліва ня горшая за, прыкладам, Славаччыну. Магчыма, беларусам не хапае павагі да сябе і любові, беларусы ня маюць моцных традыцый дэмакратыі і самакіраваньня, але я ўпэўненая, і 2020 год гэта паказаў, што ў нас вялікі патэнцыял і пры спрыяльных умовах мы ўсяго зможам дасягнуць.

Што тычыцца разуменьня беларусаў і працэсаў, якія ідуць у Беларусі, — з гэтым, вядома, складаней. Пасьля жніўня 2020-га цягам некалькіх месяцаў Беларусь была ў загалоўках замежных СМІ, пра нас пісалі і спрабавалі зразумець. Цяпер, пасьля пачатку вайны, пра Беларусь амаль ня пішуць, або пішуць як пра саюзьніцу краіны-агрэсара. Але мы з Альгердам, дый іншыя беларускія пісьменьнікі і пісьменьніцы, спрабуем гэта выпраўляць, пішучы і расказваючы пра няспынныя затрыманьні, катаваньні і перасьлед любога іншадумства, пра небясьпеку атаясамліваньня беларусаў і Лукашэнкі. Мы стараемся як можам, каб трагедыя цяперашняй Беларусі была на слыху.

Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч у дыскусіі з галоўным рэдактарам Süddeutsche Zeitung Вольгфангам Крахам у Гамбургу
Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч у дыскусіі з галоўным рэдактарам Süddeutsche Zeitung Вольгфангам Крахам у Гамбургу

— Дарэчы, ці ня думаеце вы працягваць працу над «ПрайдзіСьветам» з-за мяжы?

— Не, працу часопіса «ПрайдзіСьвет» па агульнай згодзе мы паставілі пакуль на паўзу. Але сам сайт даступны ў інтэрнэце і працуе цяпер як бібліятэка. Гэта проза, паэзія, драма ў перакладзе на беларускую больш як з сарака моў сьвету, а таксама крытычныя артыкулы, агляды, інтэрвію, відэалекцыі і відэачытаньні. Я думаю, «ПрайдзіСьвет» ужо стаўся важнай часткай гісторыі беларускай літаратуры. Шкада, што яго цяпер так рэдка згадваюць у розных літаратурных аглядах.

Мы з Альгердам часам задумваемся пра тое, каб зрабіць нейкае зусім іншае літаратурна-мастацкае інтэрнэт-выданьне. Мне падаецца, на дадзены момант такіх праектаў моцна не хапае. Але мы пакуль толькі зьбіраемся зь сіламі і думкамі.

Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч на фэстывалі Goranovo proljeće, Рыека, Харватыя
Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч на фэстывалі Goranovo proljeće, Рыека, Харватыя

— Калі эміграцыя зацягнецца і вы будзеце змушаныя заставацца за мяжою ня тры-чатыры гады, а трынаццаць-чатырнаццаць, ці плянуеце «інтэгравацца» ў нейкае канкрэтнае іншаземнае грамадзтва, ці далей будзеце заставацца, як напісаў ваш муж, «брэмэнскімі музыкамі», «Grazer Stadtmusikanten»?

— Як многія беларускія творцы, што зьехалі ў 2020-м і пасьля (і як тыя, што засталіся), я не магу загадваць на трынаццаць-чатырнаццаць гадоў наперад. Нават просьба зрабіць прагноз на тры гады падаецца мне сьмешнай. Будзем спадзявацца, што праз столькі гадоў мы будзем прынамсі жывыя. Напэўна, так мусіць гучаць адказ сапраўднага «брэмэнскага музыкі».

Зборнік паэзіі Юліі Цімафеевай у ангельскім перакладзе
Зборнік паэзіі Юліі Цімафеевай у ангельскім перакладзе

— Пісьменьнікам — як тым, што эмігравалі, так і тым, што засталіся ў Беларусі — цяпер даволі цяжка, а то і немагчыма выдаваць кнігі. Вам сёлета гэта ўдалося: паэтычная кніга «Воўчыя ягады», паэтычна-фатаграфічная кніга «Мінск, горад, якога мне не стае», перакладны паэтычны зборнік па-ангельску «Motherfield»… Раскажыце крыху пра гэтыя выданьні, каб на канкрэтных прыкладах іншыя ўбачылі, як можна даваць сабе рады за мяжою з выдаваньнем сваіх кніжак…

— Так, гэта праўда. У розных выдавецтвах і краінах ў мяне сёлета выйшла шэсьць кніг: пераклад «Менскага дзёньніка» на галяндзкую мову («Dagen in Minsk», Нідэрлянды); тры паэтычныя кнігі — «Воўчыя ягады» (Чэхія), «Der Angstein» (Нямеччына), «Motherfield» (ЗША); паэтычная дзьвюхмоўная фатакніга «Менск. Горад, якога мне не стае» (Нямеччына). У сэрыі «Паэты плянэты» таксама зьявіўся зборнік выбранай паэзіі Паўля Цэляна ў маіх перакладах, я працавала над ім каля шасьці-сямі гадоў, таму таксама залічваю да свайго даробку.

Ня ведаю, што вы маеце на ўвазе пад «каб на канкрэтных прыкладах іншыя ўбачылі, як можна даваць сабе рады за мяжою з выдаваньнем сваіх кніжак». Я не выдавала свае кнігі сама. Гэта рабілі розныя выдаўцы і выдавачкі, буйныя і незалежныя, паміж сабою не знаёмыя, зыходзячы са свайго бачаньня. Магчыма, ім спадабалася тое, што я пішу? Магчыма, ім было цікава? І за гэтую цікавасьць і веру я вельмі ўдзячная ім, як і маім перакладчыкам ды перакладчыцам, а таксама літаратурным крытыкам у Нідэрляндах, ЗША і Нямеччыне, што адкрывалі выдадзеныя кнігі для чытачоў і тым самым падтрымлівалі мяне.

— Было нешта, што вы заплянавалі на гэты год, але не ажыцьцявілі?

— Не, я цяпер не пляную шмат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG