Былая палітзьняволеная расказала праекту «Палітвязынка» пра ціск на Вольгу Ялцэвіч у берасьцейскім следчым ізалятары:
«У берасьцейскім СІЗА Вольга некалькі разоў трымала галадоўку на знак пратэсту супраць цяжкіх умоў. За гэта яе садзілі ў карцар. А потым увогуле ў падвальнае памяшканьне пасадзілі. Яно выглядала, як камэра, але па факце – падвал. Воля правяла ў ім каля 50 дзён.
Умовы там жудасныя: толькі халодная вада, вельмі сыра. Там нават печыва або вафлі немагчыма было есьці, бо ўсе прадукты адразу ж рабіліся вільготнымі. Ад гэтага ў Волі вельмі пагоршылася здароўе. Цяпер яна ў гомельскай калёніі, і яна трымаецца. Я была ўражаная стойкасьцю Волі».
Палітзьняволеную юрыстку з Докшыц Вольгу Ялцэвіч асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі паводле арт. 342 ч. 2 КК («Фінансаванне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Яе абвінавачвалі ў тым, што ў 2020 годзе ў супрацы з «замежнымі фондамі» дапамагала аплочваць штрафы і адвакатаў людзям, якіх пакаралі за ўдзел у пратэстах.
Згодна з матэрыяламі сьледзтва, Вольга Ялцэвіч не пазьней за 12 жніўня 2020 году на розных інтэрнэт-рэсурсах ад імя аднаго з замежных фондаў апублікавала інфармацыю аб зборы грошай для падтрымкі грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій пасьля масавых пратэстаў. Яна нібыта з 13 жніўня па 19 сьнежня 2020 года аплочвала сумы штрафаў, паслугі адвакатаў, дзяржаўны збор за падачу скаргаў і аказвала іншую дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій.
Адрас палітзьняволенай: ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Ялцэвіч Вольга Міхайлаўна.