Цягнік зь вязьнямі, які адправіўся ў Данецкую вобласьць, заўважылі на мінулым тыдні. У адным з пляцкартных вагонаў былі толькі жанчыны. Пра гэта, акрамя ўкраінскага Генштабу, расейскаму выданьню «Важные истории» расказала кіраўніца фонду «Русь сидящая» Вольга Раманава. Па яе словах, жанчын забіралі з калёній на поўдні краіны, з Краснадарскага краю. Такія захады расейскае камандаваньне рабіла яшчэ напрыканцы мінулага году. Па словах Раманавай, гаворка ідзе пра сотню асуджаных жанчын.
Першыя паведамленьні пра адпраўку Расеяй на фронт зьняволеных жанчын зьявіліся яшчэ на пачатку лютага. Тады ўкраінскі Генштаб заяўляў пра паўсотні асуджаных з папраўчай калёніі гораду Сьнежнае на акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласьці. Затым іх, як удакладнілі ў Генштабе УСУ, адправілі на тэрыторыю Расеі для падрыхтоўкі. Магчымага прыцягненьня жанчын на фронт раней не выключаў заснавальнік «ПВК Вагнэра» Яўгеній Прыгожын.
Пра адпраўку на фронт жанчын «Настоящее время» пагаварыла з заснавальніцай арганізацыі «Русь сидящая» Вольгай Раманавай.
— Раскажыце падрабязнасьці пра адпраўленых на Данбас жанчын.
— Мы падрабязнасьцяў ня ведаем, але зыходзячы з таго, што ведаем, усе падрабязнасьці вымалёўваюцца. Справа ў тым, што гаворка ідзе прынамсі пра дзьве ці тры групы жанчын. Я падазраю, што другая і трэцяя група — гэта адно і тое ж. Спачатку сапраўды забіралі жанчын, гэта была першая адпраўка — 50 чалавек з калёніі ў Сьнежным. Гэта на акупаваных тэрыторыях. І другая партыя — гэта жанчыны, якія працавалі ў сумнавядомай Кушчоўцы на сельгаспрацах у Краснадарскім краі, гэта былі асуджаныя жанчыны. Іх было каля сотні, іх забралі ўсіх. І далей яны зьніклі.
Гаворка ішла пра тое, што іх забіраюць на так званую спэцыяльную ваенную апэрацыю, на вайну. Пра гэта ведалі ў Кушчоўцы. І іх кудысьці павезьлі. І, судзячы па ўсім, тое, пра што ўчора абвясьціў украінскі Генштаб, што гэтых жанчын бачылі на этапе ў эшалёне, які ехаў на фронт, — мабыць, гэта насамрэч яны і ёсьць. Гэта ня ўвесь эшалён — гэта сталыпінскія вагоны, дзе звычайна перавозяць зьняволеных. І, мяркуючы па ўсім, гэта яны. Хоць, магчыма, гэта іншая партыя жанчын, але не падобна, што бываюць такія супадзеньні. Іх, відаць, месяц ці крыху больш недзе і да нечага рыхтавалі. Відаць, у тым самым месцы ў Расеі, дзе рыхтавалі асуджаных жанчын з гораду Сьнежнае.
Да чаго іх рыхтавалі? Або забіраць трупы. Хоць навошта для гэтага патрэбна месячная падрыхтоўка? Альбо ўсё ж такі, я думаю, да аднаразовага выкарыстаньня ў штурмавыя брыгады. Гэта самае першае, што прыходзіць у галаву.
Пра жаданьне асуджаных жанчын ісьці на фронт ваяваць мы ведаем практычна з самага пачатку вярбоўкі зьняволеных. Мы ведаем прынамсі пра дзьвюх жанчын, прычым жанчын ва ўзросьце — гэта былыя сілавікі, якія сядзяць у маскоўскіх СІЗА за нейкія свае злачынствы. Адна дама — былая сьледчая. Другая — наогул былая судзьдзя. Пра іх расказала нам Ганна Карэтнікава — былая супрацоўніца Ўпраўленьня фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў па Маскве, якая цяпер жыве ў Францыі. Яна была змушаная зьехаць з прычыны пагрозы арышту праз сваю праваабарончую дзейнасьць. І мы ўвесь час атрымліваем лісты ад асуджаных жанчын зь дзіўнай просьбай — дапамагчы ім адправіцца на вайну.
— Украінскі Генштаб сьцьвярджае, што жанчын вязуць на фронт, каб папоўніць страты. А ці можна сабе ўявіць, што ёсьць нейкія санітарныя або інвэнтарныя патрэбы? Напрыклад, трэба гатаваць у палявых кухнях. Ці можам мы ўявіць што-небудзь такое?
— Я сумняваюся, што асуджаныя жанчыны пасьля месячнай падрыхтоўкі могуць быць рэальна карысныя як мэдыкі ці як кухаркі. Хаця ўсё магчыма. Разумееце, як мэдыкі — я ня думаю, што нехта наогул з вайсковага расейскага кіраўніцтва заклапаціўся б гэтым. Яны ж пакідаюць целы забітых зьняволеных...
Таму ўявіць сабе, што жанчыны адправяцца на поле бою адразу пасьля атакі па тэрыторыі, якая прастрэльваецца, па-пластунску забіраць параненага, якога што? У «ПВК Вагнэра» іх дабіваюць... І па сьведчаньнях украінскіх салдат, якія працуюць на перадавой, зь якімі я шмат размаўляю, так яно і ёсьць.