У запыце сказана, што інфармацыя аб адпраўцы зьняволеных на вайну перадавалася ў тым ліку і тэлеканалам «Расія-1», а сярод зьняволеных, якія пакінулі калёніі, ёсьць людзі, асуджаныя за цяжкія злачынствы.
Праваабаронцы адзначаюць, што зьняволены, які не адбыў тэрмін, можа быць вызвалены на падставе або ўказу прэзыдэнта аб памілаваньні, або амністыі, абвешчанай Дзярждумай, або на падставе рашэньня суду аб умоўна-датэрміновым вызваленьні.
Запыт падпісалі дырэктар інфармацыйна-аналітычнага цэнтру «Сава» Аляксандар Вярхоўскі, пецярбурская праваабаронца Натальля Еўдакімава, заснавальнік «Камітэту супраць катаваньняў» Ігар Каляпін, праваабаронцы Ева Меркачова і Ўладзімір Рахоўскі, журналіст Мікалай Сванідзэ. Тэкст апублікаваны на сайце Праваабарончага савету Санкт-Пецярбургу.
Паведамленьні аб тым, што «кухар Пуціна» і ўладальнік «ПВК Вагнэра» Яўген Прыгожын асабіста езьдзіць па турмах у эўрапейскай частцы Расеі і вярбуе зьняволеных на вайну, сталі зьяўляцца ўлетку. 14 верасьня ў сацсетках апублікавалі відэа, на якім Прыгожын прапануе заняволеным калёніі ў Ёшкар-Але запісацца ў Прыватную ваенную кампанію (ПВК). Пазьней прэс-служба «Канкорда», празь якую Прыгожын звычайна робіць свае заявы, пацьвердзіла, што зьняволеных сапраўды адпраўляюць на вайну, і гэта добра: «Або ПВК і вязьні, альбо вашы дзеці – вырашайце самі».
Афіцыйна прыватнай ваеннай кампаніі (ЧВК) Вагнэра не існуе. У міжнародным праве тое, што зьвязана з ПВК, пакуль застаецца «шэрай зонай». У расейскім заканадаўстве паняцьце ПВК адсутнічае. Расейскія ўлады да вайны ва Ўкраіне адмаўлялі існаваньне ПВК. У траўні 2022 кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў казаў, што ПВК Вагнэра не зьвязаная з расейскімі ўладамі і не ваюе ва Ўкраіне. А ў ліпені ў пракрамлёўскай «Камсамольскай праўдзе» выйшаў рэпартаж аб удзеле «легендарнай» ПВК у баях ва Ўкраіне.