14 сьнежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі законапраект, які дазваляе пазбаўляць беларусаў грамадзянства па нараджэньні.
Праект уводзіць новую падставу страты грамадзянства — «у сувязі з наяўнасьцю выраку суду Рэспублікі Беларусі, які ўступіў у законную сілу, пацьвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусі, калі такая асоба знаходзіцца за межамі краіны».
Складаем парады, што рабіць, калі такое адбылося, разам з адвакатам, экспэртам у міжнародным праве, экс-кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Алесем Міхалевічам.
Што трэба зрабіць
Пакуль нікога яшчэ грамадзянства ў Беларусі не пазбавілі. Адвакат Алесь Міхалевіч раіць яшчэ да пазбаўленьня грамадзянства атрымаць дазвол на жыхарства ў эўрапейскай краіне.
«Калі вас пазбавілі грамадзянства, значыць, у вас ёсьць доказы таго, што вас перасьледуюць. Бо грамадзянства будуць пазбаўляць таго, хто прызнаны вінаватым у „экстрэмізьме“. Неабходна зьвяртацца па статус уцекача ў той краіне, дзе вы знаходзіцеся. Калі вы знаходзіцеся ў недэмакратычнай краіне, варта пераехаць у першую ж дэмакратычную», — раіць Алесь Міхалевіч.
Пры падачы дакумэнтаў на ўцякацтва важна далучыць рашэньне суду аб прызнаньні экстрэмістам і чакаць рашэньне аб наданьні міжнароднай абароны. Гэтая працэдура можа зацягнуцца на паўгода-год.
«Калі вы прызнаеце, што вы не грамадзянін Беларусі, ва ўсіх анкетах можна пісаць, што вы асоба без грамадзянства. Але я б не прызнаваў гэтага, бо не Лукашэнка мне даваў грамадзянства і ня ён яго будзе забіраць», — гаворыць Алесь Міхалевіч.
Пасьля атрыманьня статусу ўцекача і міжнароднай абароны чалавек атрымлівае, апроч дазволу на жыхарства, дакумэнт, зь якім ён можа падарожнічаць. Пакуль чалавек чакае рашэньня аб статусе міжнароднай абароны, выяжджаць з краіны падачы дакумэнтаў нельга.
Якія праблемы могуць узьнікнуць
Паводле Алеся Міхалевіча, у асобы, якую пазбавілі грамадзянства, могуць узьнікнуць праблемы з атрыманьнем візы ў Канаду, ЗША, Вялікую Брытанію, Аўстралію. Аднак будуць і перавагі:
«Напрыклад, ня будзе патрэбы выходзіць зь беларускага грамадзянства, калі чалавек будзе атрымліваць грамадзянства іншай краіны, якая забараняе падвойнае. Ня трэба будзе вырашаць нейкія праблемы, зьвязаныя зь Беларусьсю», — гаворыць Алесь Міхалевіч.
Таксама ня будзе праблемы з падаўжэньнем беларускага пашпарта, тэрмін якога скончыўся.
Падобныя выпадкі, калі чалавека пазбаўлялі грамадзянства пры наяўнасьці ў яго толькі аднаго грамадзянства, Алесь Міхалевіч прыгадвае толькі ў СССР і фашысцкай Нямеччыне.
«У Беларусі грамадзянства пазбавілі Паўла Шарамета, але тады Беларусь даказвала наяўнасьць у яго расейскага грамадзянства і працы на дзяржаўнай службе ў Расеі. Матэрыялы гэтай справы былі засакрэчаныя», — успамінае Алесь Міхалевіч.