Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 студзеня: на пінчанку склалі пратакол за фота ў Instagram з сацсетак палку Каліноўскага


Байцы палку Каліноўскага ва Ўкраіне, архіўнае фота
Байцы палку Каліноўскага ва Ўкраіне, архіўнае фота

У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян. У тым ліку за падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Ўкраіну.

На пінскую грамадзкую актывістку склалі пратакол за фота ў Instagram

Згодна з пратаколам, 6 лістапада 2022 году Вераніка Іванова «выклала фатаздымак, на якім паказаны рыштунак вайскоўца з вадзяным знакам у ніжнім левым кутку, назвай тэлеграм-каналу @belwarriors (Полк Каліноўскага), які рашэньнем МУС Беларусі ад 23.09.2022 прызнаны экстрэмісцкім фармаваньнем, такім чынам распаўсюдзіла інфармацыйную прадукцыю, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасьць».

Суд за гэтую інстаграм-выяву пройдзе 10 студзеня, напісала Іванова.

Вераніку Іванову пасьля выбараў 2020 году неаднаразова затрымлівалі ды судзілі ў адміністрацыйных справах, зьвязаных з палітыкай і пратэстамі.

Студэнту са Жлобіна прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах

У судзе Жлобінскага раёну 13 сьнежня асудзілі Мікіту Богуша паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Судзьдзя Яўген Ерафееў прызначыў Мікіту 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Мікіта — студэнт першага курсу аднаго з Гомельскіх ВНУ. Яго затрымалі летась 23 жніўня. Хлопца абвінавацілі ва ўдзеле 9 жніўня 2020 году ў акцыі пратэсту ў цэнтры Жлобіна супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Таксама Мікіту паставілі ў віну «наўмысную перашкоду руху грамадзкага транспарту».

На працэсе апыталі сьведак, сярод якіх была Мікітава маці. Падчас сьледзтва ёй паказалі відэазапіс з пратэстаў, на якім яна пазнала свайго сына.

Мікіта цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зьдзейсьненым.

Як паведамляюць праваабаронцы, мабільны апэратар «А1» прадаставіў сілавікам CD-дыск з дэталізацыяй размоваў Мікіты. З дапамогай гэтай інфармацыі стала магчыма высьветліць месцазнаходжаньне хлопца падчас пратэстаў 9 жніўня 2020 году.

Пасьля вяртаньня з-за мяжы ГУБАЗіК затрымаў менчука — яго вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах на падставе фота ў Shutterstock

«Вясна» з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамляе пра затрыманьне менчука Андрэя. Сілавікі адзначаюць, што мужчына ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту — у якасьці доказаў апублікавалі фатаздымак з Shutterstock.

Таксама сілавікі паведамляюць, што 24 сьнежня Андрэй вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG