Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Оскар» для «Навальнага». Суцяшальны прыз расейскай апазыцыі


Уручэньне «Оскара» для фільма «Навальны». Лос-Анджэлес, 12 сакавіка
Уручэньне «Оскара» для фільма «Навальны». Лос-Анджэлес, 12 сакавіка

«Оскар» за фільм пра расейскага палітвязьня Навальнага — гэта як суцяшальны прыз расейскай апазыцыі, якая цярпіць суцэльныя паразы і ніяк ня здолее здабыць у сваёй краіне дэмакратыю і свабоду.

Фільм я пабачыў на пачатку мінулага году, калі па расейскім апазыцыйным фэйсбуку хадзіла пірацкая спасылка на яго. Стужка сапраўды вельмі файна зробленая і абавязаная сваім посьпехам, вядома ж, драматычнай гісторыі Навальнага: як ён быў атручаны расейскімі спэцслужбамі, ледзьве выжыў, а потым у эміграцыі разам з паплечнікамі зрабіў неймавернае расьсьледаваньне ўласнага няўдалага забойства. Кульмінацыяй гэтага расьсьледаваньня стала доўгая і запісаная на відэа тэлефонная гутарка Навальнага з выканаўцам-чэкістам, які так да канца і не здагадаўся, што размаўляе не з высокім чыноўнікам, а з Навальным, якога меўся забіць.

Чаму расейская апазыцыя не выклікае сымпатыі

Але цікавы фільм і харызма Навальнага не касуюць аднаго сумнага факту: апазыцыя ў Расеі ў значнай ступені карумпаваная, неэфэктыўная і бездапаможная. За дваццаць гадоў барацьбы з Пуціным яна і блізка не дасягнула таго, што мае апазыцыя беларуская.

На мінулым тыдні гэта яшчэ раз прадэманстраваў канфлікт паміж былым галоўным рэдактарам зьліквідаванага летась апазыцыйнага радыё «Эхо Москвы» Аляксеем Венядзіктавым і камандай Аляксея Навальнага з Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) вакол крамлёўскіх грошай і лабіяваньня інтарэсаў расейскіх алігархаў.

Расейскія лідэры грамадзкай думкі паказалі, скажам так, свой спрэчны маральны ўзровень, а таксама змарнавалі шмат часу і высілкаў на лаянку і высьвятленьне адносінаў на тле крывавай вайны — замест таго, каб дапамагаць Украіне ў барацьбе супраць расейскай ваеннай агрэсіі.

Лішне казаць, што ня ўсе расейскія апазыцыянэры ўвогуле падтрымліваюць Украіну ў гэтай барацьбе. На фронце за Ўкраіну ваюе зусім невялікі расейскі атрад, які амаль ніхто з расейскіх апазыцыйных лідараў не падтрымлівае. А Аляксей Навальны толькі зусім нядаўна выракся сваіх ранейшых двухсэнсоўных заяваў і прызнаў, што Крым павінен быць вернуты пад кантроль Украіны.

Тут міжволі напрошваюцца параўнаньні. Пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі Алесь Бяляцкі меў літаральна некалькі хвілінаў, каб падчас спатканьня з жонкай перадаць хаця б тэзісна думкі пра тое, што б ён хацеў бачыць у нобэлеўскай прамове. Некаторыя беларускія палітвязьні, як Дзяніс Івашын, месяцамі знаходзяцца без магчымасьці атрымаць ці напісаць ліст блізкім.

Адначасова з гэтым расейскія палітвязьні (Яшын, Кара-Мурза ці той жа Навальны), седзячы ў пуцінскіх турмах, неяк даюць рады, каб раздаваць інтэрвію міжнародным СМІ, пісаць артыкулы і допісы ў Twitter. Я ня ведаю, у чым прычына і што гэта азначае, але... Ну, вы самі разумееце.

А нядаўна я паўдзельнічаў у онлайн-сустрэчы былых удзельнікаў аднаго расейскага моладзевага апазыцыйнага руху сярэдзіны нулявых гадоў (Навальны тады таксама блізка сябраваў з гэтай тусоўкай). Сустрэча скончылася падтрыманай большасьцю прапановай, каб кожны прысутны (сярод іх вядомыя праваабаронцы і палітуцекачы) зрабіў сэлфі, па якіх было б відаць, дзе хто цяпер знаходзіцца, і каб гэтыя сэлфі былі перададзеныя палітвязьням у турму на знак салідарнасьці (то бок, проста ў ФСБ). Ну вы таксама разумееце...

Калі палітыкі сталі журналістамі

У Расеі, на маю думку, не засталося вартых даверу апазыцыйных палітыкаў. Засталіся адны журналісты і публіцысты — што праўда, прафэсійныя: чытаць калёнкі і слухаць падкасты расейскіх палітолягаў усё яшчэ цікавей, чым беларускіх ці большасьці ўкраінскіх.

І той жа Навальны зь ягонай камандай — перадусім не палітыкі з праграмамі і візіяй будучыні, а таленавітыя журналісты, якія выкрываюць пуцінскую карупцыю і здымаюць пра яе прыгожыя фільмы.

Праўда, у адказ на гэтыя выкрыцьці народ Пуціна зрынаць чамусьці ня выйшаў.

З аднаго боку, расейскае грамадзтва лічыць, што так і трэба. Карцінкі фантастычнай раскошы служаць для сярэдняй клясы дэ-факта рэклямай службы рэжыму. Бо цар жа павінен жыць у палацы і мець гарэм. А калі ты будзеш верным пуціністам, то і сам можаш даслужыцца да палаца і да мільёнаў у афшоры.

З другога боку, расейская карупцыя — гэта тое, што дапамагае і дапаможа Ўкраіне ўрэшце перамагчы ў вайне. Бо чым больш грошай скраў нейкі кіраўнік Міністэрства абароны, тым меней танкаў і снарадаў атрымала расейская армія. Далібог, дзеля гэтага хай крадуць хоць увесь расейскі дзяржаўны бюджэт.

Таму адзінае, што расейскай апазыцыйнай грамадзкасьці застаецца — гэта назіраць і апісваць разлажэньне сваёй краіны і свайго грамадзтва, іхную дэградацыю, росквіт фашызму і мілітарызму. А вось перашкодзіць гэтаму апазыцыйныя дзеячы пакуль што ніяк ня могуць.

Барацьба Навальнага супраць Пуціна скончылася правалам і шматгадовым тэрмінам у турме. Затое з гэтага атрымалася прыгожая гісторыя, пра якую зьнялі цікавы фільм. Што ж, нашы аплядысмэнты.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG