Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія лекары просяць Пуціна спыніць зьдзекі з Навальнага


Аляксей Навальны ў часе судовага паседжаньня
Аляксей Навальны ў часе судовага паседжаньня

Расейскія лекары зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з патрабаваньнем спыніць зьдзекі з апазыцыянэра Аляксея Навальнага і забясьпечыць яму неабходную мэдычную дапамогу.

Навальнага дзясяты раз за час яго зьняволеньня адправілі ў штрафны ізалятар калёніі строгага рэжыму ва Ўладзімірскай вобласьці.

У лісьце, які публікуе «Медуза», гаворыцца, што ўмовы ўтрыманьня і зьнешні выгляд Аляксея Навальнага выклікаюць вялікую занепакоенасьць за яго жыцьцё і здароўе. Паводле лекараў, адмова прадстаўнікоў Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў перадаваць зьняволенаму апазыцыянэру неабходныя лекі стварае прамую пагрозу жыцьцю грамадзяніна Расеі Аляксея Навальнага.

«З мэдычнага пункту гледжаньня відавочна, што Аляксей Навальны не атрымлівае мэдычную дапамогу ў дастатковым аб’ёме, а ўтрыманьне яго ў ШЫЗА (штрафны ізалятар. — РС) абсалютна супрацьпаказана ў яго стане», — заяўляюць расейскія лекары, якія падпісалі зварот. Яны нагадваюць, што права грамадзян на ахову здароўя і мэдычную дапамогу прапісана ў Канстытуцыі Расеі. Зьняволеныя і тыя, хто адбывае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, згодна з законам, таксама маюць права на аказаньне мэдычнай дапамогі, у тым ліку ў цывільных мэдычных арганізацыях дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя.

У звароце да прэзыдэнта Пуціна як гаранта Канстытуцыі расейскія мэдыкі патрабуюць дапусьціць да Аляксея Навальнага цывільных лекараў і, пры наяўнасьці паказаньняў, шпіталізаваць яго ў звычайны шпіталь для паўнавартаснага абсьледаваньня і лячэньня.

Ліст падпісалі 36 лекараў, большасьць іх з Масквы.

9 студзеня стала вядома, што Аляксея Навальнага 31 сьнежня зьмясьцілі — дзясяты ўжо раз — у штрафны ізалятар. Такім чынам, новы 2023 год ён сустрэў у ШЫЗА.

Адвакат Навальнага Вадзім Кобзеў напісаў у твітэры, што, паводле ягоных дадзеных, Навальны ў ШЫЗА захварэў, у яго тэмпэратура і кашаль. «Спрабуем перадаць яму лекі», — піша Кобзеў.

25 сьнежня Аляксей Навальны паведаміў, што выйшаў з ШЫЗА пасьля чарговай адпраўкі туды на 12 сутак. Такім чынам, паміж дзьвюма адпраўкамі ў штрафны ізалятар прайшло шэсьць дзён.

Ва Ўладзімірскай калёніі строгага рэжыму Навальны з чэрвеня 2022 году. Прызначаць дадатковыя пакараньні яму сталі пасьля таго, як у жніўні ён абвясьціў аб стварэньні прафсаюзу зьняволеных і пачаў аспрэчваць умовы свайго ўтрыманьня. Сярод нагодаў, зь якіх Навальнага адпраўлялі ў ШЫЗА, былі расшпілены гузік, адмова мыць плот, адсутнасьць курткі, нецэнзурная лексыка, умываньне не па распарадку.

  • Аляксей Навальны пасьля атручваньня ў жніўні 2020 года атрутай «Навічок» лячыўся ў Бэрліне. На пачатку 2021 году палітык вярнуўся ў Расею, дзе яго затрымалі проста ў аэрапорце.
  • Спачатку апазыцыянэру замянілі ўмоўны тэрмін на рэальны па справе «Іў Рашэ», а затым судзілі па справе аб паклёпе на вэтэрана (прысудзілі штраф) і па справе аб махлярстве і абразе судзьдзі (прысудзілі дзевяць гадоў калёніі).
  • Крымінальны перасьлед Навальны і яго прыхільнікі называюць палітычным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG