Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арбітражны суд Масквы прызнаў банкрутам расейскую службу Радыё Свабода


Маскоўскае бюро Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Архіўнае фота
Маскоўскае бюро Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Архіўнае фота

Пасьля пачатку Расеяй вайны ва Ўкраіне Радыё Свабода вымушана закрыла сваё бюро ў Маскве, адкрытае ў 1991 годзе па рашэньні Ельцына.

Арбітражны суд Масквы 13 сакавіка прызнаў банкрутам ТАА «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода», якое прадстаўляла ў Расеі інтарэсы мэдыякарпарацыі «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода». Судовы пазоў падала фэдэральная падатковая служба ў сакавіку мінулага года. Адкрыта конкурсная вытворчасьць, прызначаны конкурсны кіраўнік.

Прычынай банкруцтва зьяўляецца адмова Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода выплачваць шматмільённыя штрафы, накладзеныя на дзевяць расейскамоўных праектаў мэдыякарпарацыі, у тым ліку сайты расейскай службы, за невыкананьне расейскага заканадаўства аб «іншаземных агентах».

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода лічыць палажэньні гэтага заканадаўства праявай палітычнай цэнзуры, якая перашкаджае выкананьню прафэсійных абавязкаў журналістаў. Мэдыякарпарацыя аспрэчвае рашэньні органаў улады ў расейскіх судах і Эўрапейскім судзе ў правах чалавека.

У траўні 2021 году ў Расеі замарозілі рахункі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Немагчымасьць пералічваць у расейскую казну падаткі і стала фармальнай падставай для працэдуры банкруцтва. У сакавіку 2022 года, пасьля пачатку Расеяй поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі супраць Украіны і ўвядзеньня ваеннай цэнзуры, Раскамнагляд заблякаваў на тэрыторыі краіны сайты Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода абʼявіла аб спыненьні працы свайго бюро ў Расеі, адкрытага ў 1991 годзе па рашэньні прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, і адкрыцьця новага офіса ў Рызе. Дзеяньні расейскіх уладаў, як заявіў тады прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай, сталі кульмінацыяй шматгадовай кампаніі перашкаджэньня працы Радыё Свабода.

Больш за 30 супрацоўнікаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ўнесеныя Міністэрствам юстыцыі Расеі ў сьпісы «іншаземных агентаў» як асобы. Нягледзячы на блякаваньне сайтаў ды іншыя формы ціску, расейская служба Радыё Свабода працягвае сваю працу ў поўным абʼёме. 2022 год стаў статыстычна самым удалым у 70-гадовай гісторыі рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG