Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода адкрыла новы офіс у Рызе


Прэзыдэнт RFE/RL Джэймі Флай
Прэзыдэнт RFE/RL Джэймі Флай

У рыскім аддзяленьні будуць працаваць журналісты некалькіх службаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) 12 студзеня адкрыла новы офіс у сталіцы Латвіі Рызе. На новым месцы будуць працаваць журналісты некалькіх расейскамоўных падразьдзяленьняў мэдыякарпарацыі, у тым ліку расейскай службы Радыё Свабода, тэлеканалу «Настоящее время», новастворанага аддзелу расьсьледаваньняў «Система».

У Рыгу перанесьлі, у прыватнасьці, большую частку журналісцкіх апэрацый, якія раней уваходзілі ў зону адказнасьці рэдакцыі расейскай службы «Свабоды» ў Маскве. Маскоўскае бюро закрылася ў сакавіку 2022 году пасьля ўвядзеньня расейскімі ўладамі адкрытай палітычнай цэнзуры ў краіне.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай, выступаючы на ўрачыстай цырымоніі ў Рызе, выказаў падзяку Латвіі за магчымасьць адкрыцьця офісу і зазначыў:

«Журналісты працягнуць выконваць сваю сумленную працу для інфармаваньня расейскамоўнай аўдыторыі ў Расеі і за яе межамі».

10 студзеня Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода адкрыла новы офіс у Вільні, у якім будзе працаваць беларуская служба мэдыякарпарацыі. На ім таксама прысутнічаў Джэймі Флай. Акрамя яго, на адкрыцьці выступілі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, сьпікерка Сойму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн, лідэрка беларускай апазыцыі ў выгнаньні Сьвятлана Ціханоўская, амбасадар ЗША ў Літве Робэрт Гілкрыст, былы прэзыдэнт Радыё і сябра Рады дырэктараў RFE/RL Джэфры Гэдмін.

Акрамя журналістаў беларускай службы Радыё Свабода, у віленскім офісе таксама будуць працаваць супрацоўнікі «Настоящего времени», кругласутачнай расейскамоўнай відэаплятформы.

  • Місія мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода паведамляе пра факты, не зважаючы на ціск.
  • Журналісты Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода даюць многім людзям тое, што ім недаступна ў сваіх краінах (або ў мясцовых сродках інфармацыі): навіны без цэнзуры і адкрытую дыскусію.
  • Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода імкнецца адпавядаць найвышэйшым стандартам аб’ектыўнай журналістыкі і асьвятляць факты, не паддаючыся на ціск або спробы ўплыву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG