Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ўручаць «Оскара»-2023: сярод фаварытаў – «Навальны», Зяленскаму адмовілі ў выступе на цырымоніі


Статуэтка Оскара
Статуэтка Оскара

12 сакавіка ў кінацэнтры «Кодак» у Лос-Анджэлесе адбудзецца чарговая 95-я цырымонія ўручэньня ўзнагарод Амэрыканскай кінаакадэміі (AMPAS), на якой будуць аб'яўленыя пераможцы кінасэзону ў 23 катэгорыях.

Лідэрам па колькасьці намінацый (11) зьяўляецца карціна «Ўсё ўсюды і адразу» (Everything Everywhere All at Once) рэжысэраў Дэніэла Шайнэрта і Дэна Квана. Гэта гісторыя пра сямʼю кітайскіх эмігрантаў, якія валодаюць пральняй і ўступілі ў рукапашную сутычку з магутнай падатковай інспэкцыяй. Ёй і прадказваюць перамогу ў галоўнай намінацыі «лепшы фільм».

У апошнія некалькі тыдняў прыкметна вырасьлі сымпатыі да экранізацыі клясычнага рамана Эрыха Марыі Рэмарка «На Заходнім фронце бязь зьмен» (All Quiet on the Western Front) германскага рэжысэра Эдварда Бэргера. Брытанская кінаакадэмія BAFTA днямі назвала яе лепшым фільмам году. На думку шэрагу экспэртаў гэтая антываенная карціна, якая непазьбежна пераклікаецца з вайной ва Ўкраіне, можа вырваць перамогу ў стужкі «Ўсё ўсюды і адразу».

Высокія рэйтынгі таксама ў аўтабіяграфічнай драмы Стывэна Сьпілбэрга «Фабэльманы» (The Fabelmans) і ірляндзкай філязофскай драмы Марціна Макдоны «Баншы Інішэрына» (The Banshees of Inisherin).

У акторскіх намінацыях таксама ёсьць фаварыты. У катэгорыі «лепшы актор» такім называюць Брэндана Фрэйзера, які ў фільме «Кіт» (The Whale) сыграў выкладчыка каледжа, пустэльніка і інваліда, які пакутуе ад атлусьценьня.

Высокі рэйтынг таксама ў Остына Батлера, які пераўвасобіўся ў байопіку «Элвіс» (Elvis) у музычнага куміра некалькіх пакаленьняў, і ў Коліна Фарэла, які сыграў недалёкага і ўпартага ірляндца ў чорнай камэдыі «Баншы Інішэрына».

У катэгорыі «лепшы актор другога пляну» вялікія шанцы даюць Ке Хʼю Квану з Сайгону. У фільме «Усё ўсюды і адразу» ён сыграў прадпрымальнага і клапатлівага мужа галоўнай гераіні. 12-гадовым хлопчыкам Кван здымаўся ў Сьпілбэрга ў франчайзе «Індыяна Джонс і храм лёсу».

Лепшай акторкай могуць назваць і Мішэль Ео, малайзійку кітайскага паходжаньня, за ролю ў тым жа «Усё ўсюды і адразу». На ёй шмат у чым трымаецца ўвесь гэты хаатычны чорны сюр пра бітву малога кітайскага бізнэсу ў Амэрыцы і ўсёмагутнага падатковага ведамства.

Канкурэнцыю Мішэль Еа складае Кейт Бланшэт, намінаваная за ролю дырыжора-лесбіянкі ў карціне «Тар».

На ўзнагароду ў катэгорыі «лепшая акторка другога пляну» прэтэндуюць афраамэрыканка Анджэла Басэт у коміксавай фэнтэзі «Чорная Пантэра: Ваканда назаўжды» (Black Panther: Wakanda Forever), амэрыканская віетнамка Хонг Чау («Кіт»), ірляндка Кэры Кондан («Баншы Інішэрына») і дзьве акторкі з «Усё ўсюды і адразу» – амэрыканская кітаянка Стэфані Сюй і ўраджэнка Санта-Монікі Джэмі Лі Керціс, якая згуляла падатковую інспэктарку зь вялікай доляй сарказму.

У катэгорыі «лепшы міжнародны фільм» бясспрэчным фаварытам лічаць «На Заходнім фронце без перамен».

Сярод поўнамэтражных анімацыяў фаварыт – віртуозная музычная сямейная казка «Пінокіа ад Гільерма дэль Тора» (Guillermo del Toroʼs Pinocchio).

У сэкцыі дакумэнтальнага кіно ўсё кажа на карысьць палітычнага байопіка «Навальны» (Navalny) пра драматычны лёс лідэра расейскай апазыцыі, які быў атручаны, як мяркуецца, на загад Крамля і цяпер знаходзіцца за кратамі.

Стала вядома, што кінаакадэмія адмовілася прадставіць падчас будучай цырымоніі «Оскар» віртуальную трыбуну прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. Падставай для адмовы стала, паводле прадстаўнікоў акадэміі, нежаданьне палітызаваць забаўляльнае шоў. Гэтае рашэньне, як лічаць некаторыя экспэрты, дадасьць галасы на карысьць «Навальнага». Зрэшты, рашэньне адносна кароткага відэаўключэньня з Кіева можа быць зьмененае ў самы апошні момант.

У катэгорыі дакумэнтальных кароткамэтражных фільмаў фаварытам лічаць «Заклінальнікаў сланоў» (The Elephant Whisperers), індыйска-амэрыканскую стужку аб шлюбнай пары, якая выходзіла асірацелых сланянят. У гэтай жа катэгорыі фігуруе стужка «Выхад» (Haulout) рэжысэраў з Якуціі Яўгеніі і Максіма Арбугаевых пра навукоўца-адзіночку, які вывучае жыцьцё маржоў на ўзьбярэжжы Чукоцкага мора.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG