Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены расейскі апазыцыянэр Навальны выступіў за вяртаньне Ўкраіне Крыму і выплату кампэнсацый


Аляксей Навальны падчас суду над ім
Аляксей Навальны падчас суду над ім

Зьявіўся кароткі выклад палітычнай плятформы Навальнага.

На сайце і ў сацсетках расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, які знаходзіцца ў калёніі, ад яго імя апублікавалі тэкст з 15 пунктаў, прымеркаваны да гадавіны поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

Па словах Аляксея Навальнага, Пуцін «разьвязаў несправядлівую агрэсіўную вайну супраць Украіны пад недарэчнымі падставамі». Паводле яго, рэальныя прычыны гэтаму — палітычныя і эканамічныя праблемы ў самой Расеі.

На думку Навальнага, Расея цярпіць ваенную паразу.

«Менавіта ўсьведамленьне гэтага зьмяніла рыторыку ўладаў ад „Кіеў за тры дні“ да гістэрычных пагроз прымяніць ядзерную зброю ў выпадку пройгрышу. Бессэнсоўна загубленыя жыцьці дзясяткаў тысяч расейскіх салдат. Канчатковую ваенную паразу можна адтэрмінаваць цаной жыцьця яшчэ сотняў тысяч мабілізаваных, але ў цэлым яна непазьбежная», — лічыць палітык.

Ён лічыць, што Расея павінна прызнаць дзяржаўныя межы Ўкраіны, вызначаныя ў 1991 годзе:

«Мы, Расея, іх таксама тады прызналі. Гэтыя межы Расея павінна прызнаваць і цяпер. Тут няма чаго абмяркоўваць. Амаль усе межы ў сьвеце выпадковыя і выклікаюць чыюсьці незадаволенасьць. Але ваяваць за іх зьмяненьне ў XXI стагодзьдзі нельга. Інакш сьвет упадзе ў хаос».

Навальны заклікаў спыніць вайну і вывесьці ўсе расейскія войскі з украінскай тэрыторыі. Палітык лічыць неабходным разам з Украінай, ЗША, Эўразьвязам і Брытаніяй «шукаць прымальныя шляхі кампэнсацыі шкоды, нанесенай Украіне. Напрыклад (пасьля зьмены ўлады ў Расеі і заканчэньня вайны), адмяніўшы абмежаваньні ў дачыненьні да нашых нафты і газу, але з накіраваньнем часткі даходу ад экспарту вуглевадародаў на кампэнсацыі».

Таксама ён заклікае расьсьледаваць ваенныя злачынствы ў супрацы зь міжнароднымі інстытутамі.

У тэзісах Навальнага згадваецца і тэма Беларусі. Навальны называе глупствам заяву, быццам усім рускім уласьцівая імпэрская сьвядомасьць:

«Напрыклад, у вайне супраць Украіны ўдзельнічае Беларусь. У беларусаў таксама імпэрская сьвядомасьць? Не, у іх таксама дыктатар ва ўладзе. У Расеі, як і ў любой краіне з гістарычнымі перадумовамі да гэтага, заўсёды будуць людзі з імпэрскімі поглядамі, але гэта далёка ня большасьць».

Таксама Навальны заклікае да істотных палітычных рэформаў. На яго думку, Расея павінна быць часткай Эўропы і прытрымлівацца эўрапейскага шляху разьвіцьця.

  • Навальны доўгі час пазыцыянаваў сябе ў якасьці нацыянал-дэмакрата, выступаючы, у прыватнасьці, за візавы рэжым з краінамі Цэнтральнай Азіі ці з асуджэньнем Грузіі ў яе канфлікце з Расеяй у 2008 годзе.
  • Адразу пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе Навальны асудзіў яе, аднак адмовіўся заклікаць да вяртаньня Крыму Ўкраіне.
  • У інтэрвію «Рэху Масквы» ў 2014 годзе Навальны казаў, што ў агляднай будучыні Крым ва Ўкраіну ня вернецца, і сьцьвярджаў, што паўвостраў — не бутэрброд, «каб яго перадаваць туды-сюды».
  • Апублікаваны сёньня тэкст, такім чынам, сьведчыць пра зьмену ягонай пазыцыі ў гэтым пытаньні.
  • Да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну афіцыйны Кіеў заяўляў, што будзе змагацца за вяртаньне Крыму мірным шляхам, аднак цяпер ягоная пазыцыя зьмянілася.
  • Украіна настойвае, што па выніках вайны Расея павінна сысьці з усёй міжнародна прызнанай украінскай тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG