Аляксей Навальны, які неаднаразова скардзіўся на моцныя болі ў сьпіне, ня змог даведацца пра свой дыягназ ні ў мэдпэрсаналу калёніі, ні з мэдычнай карты, раздрукоўкі якой яму выдалі ў нечытэльным фармаце.
«Вось у мяне праблема з хрыбетнікам. Ясна, што рабіць, каб праблема пагоршылася: трэба як мага больш трымаць мяне ў стане нерухомасьці. Замыкаеш чалавека ў камэру ШЫЗА, дзе ён 16 гадзін у дзень можа альбо стаяць, альбо сядзець на жалезным зэдліку», — напісаў Навальны.
Ён адзначыў, што напісаў заяву з патрабаваньнем даць магчымасьць сустрэцца зь лекарам. Паводле слоў палітыка, толькі праз паўтара месяца яго агледзела доктар, якая не назвала свайго прозьвішча, не паведаміла дыягназ і прапісанае лячэньне. Пасьля гэтага Навальнаму пачалі рабіць уколы, а на яго пытаньні адказвалі, што гэта «вітаміны групы В, напрыклад».
«Вітаміны — гэта выдатна, але ўколы не дапамагаюць, і наогул неяк крыху дыскамфортна сябе адчуваеш, калі табе колюць невядомы прэпарат», — растлумачыў палітык.
Пасьля гэтага Навальны неаднаразова прасіў паведаміць яму дыягназ і схему лячэньня, пісаў скаргі праз адвакатаў, але адміністрацыя калёніі не рэагавала. Палітык высьветліў, што ў яго ёсьць права атрымаць копію мэдкарты, і напісаў адпаведную заяву.
Фатаздымкі раздруковак з мэдкарты дрэннай якасьці, якія прадставілі Навальнаму, апублікаваныя ў ягоных сацсетках. На іх з цяжкасьцю можна прачытаць напісанае.
«Ну а што. Мы абавязаныя даць табе карту, вось табе карта, чытай. І радасныя такія, усьміхаюцца, куражацца. І ўвогуле нават не хаваюць, што гэта Масква ўсё так і прыдумала. Цяпер буду судзіцца за права прачытаць нешта ва ўласнай мэдкарце», — пракамэнтаваў сытуацыю Навальны.
Нядаўна Навальны, які адбывае тэрмін у калёніі ва Ўладзімірскай вобласьці, расказаў аб прыкметнай страце вагі ў штрафным ізалятары, куды яго пэрыядычна зьмяшчаюць.
Навальны напісаў, што за кожныя 10 сутак у ШЫЗА губляе 3,5 кіляграма вагі.
У калёніі строгага рэжыму Навальны адбывае тэрмін з чэрвеня 2022 году. Прызначаць дадатковыя пакараньні яму сталі пасьля таго, як у жніўні ён абвясьціў аб стварэньні прафсаюзу зьняволеных і стаў аспрэчваць умовы свайго ўтрыманьня. Сярод нагодаў, па якіх Навальнага адпраўлялі ў ШЫЗА, былі расшпілены гузік, адмова мыць плот, адсутнасьць курткі. Апошні раз пакараньне прызначылі за тое, што ён у размове з сукамэрнікам ужыў нецэнзурнае слова.
- Аляксей Навальны пасьля атручваньня ў жніўні 2020 году «Навічком» знаходзіўся на лячэньні ў Бэрліне. На пачатку 2021 году палітык вярнуўся ў Расею, дзе яго затрымалі проста ў аэрапорце.
- Спачатку апазыцыянэру, заснавальніку Фонду барацьбы з карупцыяй (абвешчаны ў Расеі экстрэмісцкай арганізацыяй), замянілі ўмоўны тэрмін на рэальны па справе «Іў Рашэ», а затым судзілі па справе аб паклёпе на вэтэрана (пакаралі штрафам) і па справе аб махлярстве і абразе судзьдзі (прысудзілі 9 год калёніі).
- Свой крымінальны перасьлед Навальны называе палітычным.