Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі і вайскоўцы — кандыдаты на расстрэл. Лічыць былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі


Каляж
Каляж

У эфіры «Падзея і камэнтар» на канале Свабода Premium былы супрацоўнік адміністрацыі і кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, палітоляг і дыплямат Анатоль Котаў называе зацьверджаную сьмяротную кару «за здраду дзяржаве» спосабам узаконіць стан «не да законаў».

Паводле Котава, першыя расстрэльныя працэсы, магчыма, будуць гучныя і публічныя, а першымі іх фігурантамі могуць стаць ужо асуджаныя дзяржслужбоўцы і вайскоўцы, а таксама рэйкавыя партызаны.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

«Тыя, на каго гэта разьлічана, і бяз гэтага сьмяротнага пакараньня вельмі запалоханыя»

— 9 сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, які зацьвярджае сьмяротную кару за «здраду дзяржаве». Цяпер сьмяротную кару могуць ужыць да «службовых асобаў, якія займаюць дзяржаўную пасаду, і асобаў, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, якія зьдзейсьнілі злачынства, прадугледжанае артыкулам 356 КК «Здрада дзяржаве». Анатоль, з вашага пункту гледжаньня, якая асноўная мэта гэтага закону? Каго найперш хочуць напалохаць, спыніць, што прадухіліць?

— Тыя, на каго гэта разьлічана, і бяз гэтага сьмяротнага пакараньня вельмі запалоханыя. Гэта перадусім вышэйшае чынавенства і вышэйшыя вайскоўцы. Таму што зараз вельмі нялёгкі час для рэжыму, і пад здрадай дзяржаве можна разумець усё што заўгодна. Уведзена гэта таму, што ўжо існуючыя пакараньні нікога не палохаюць. Што ёсьць у рэжыму? Вымовы, вывалачкі не працуюць, турма таксама ўжо. Напэўна, прызвычаіліся. Я спрабую зразумець людзей, якія цяпер яшчэ працуюць у сыстэме, які ў іх можа быць настрой. На маю думку, толькі нейкі фаталізм. Кожны дзень ідзеш на працу, і калі раней была дылема, табе сёньня нейкую вымову вынесуць ці не, пазьней была дылема, пасадзяць ці не, то вось зараз дылема — ці здарыцца нешта такое, пасьля чаго будзе вынесены сьмяротны прысуд.

— У законе таксама фігуруюць вайскоўцы. Ці можа здарыцца так, што вайскоўцу даюць загад ваяваць ва Ўкраіну, ён адмаўляецца, і гэта лічыцца здрадай дзяржаве, за што могуць расстраляць?

— На жаль, зараз нельга нічога выключаць. Гэтая сытуацыя трошкі ўзаконьвае стан «не да законаў», калі можна выносіць сьмяротныя прысуды амаль за ўсё што заўгодна. Для вайскоўцаў — так, адмова выконваць злачынны загад цяпер можа быць пакараная сьмерцю. У Расеі ёсьць дылема, калі людзі выбіраюць паміж турмой і адмовай ад удзелу ў вайне. Гэта выбар паміж жыцьцём і сьмерцю. А тут пазбаўляюць чалавека нават такога выбару, калі будзе нейкі загад, адмовіцца ад яго будзе фактычна немагчыма, бо абодва выбары будуць азначаць сьмерць. Толькі адмова выканаць загад можа азначаць, што цябе заб’юць свае хутчэй, чым украінцы.

«На жаль, першымі ахвярамі могуць быць тыя, хто ўжо сядзіць»

— Я не хачу ў такой сур’ёзнай тэме называць імёны ці справы, але, як вам падаецца, хто можа стаць фігурантамі першых расстрэльных справаў, ці будуць яны гучнымі і публічнымі?

— Яны напэўна будуць гучнымі і публічнымі, бо ўся мэта запалохваньня якраз у тым, каб пра гэта даведалася як мага болей людзей. Гэтыя прысуды і працэсы ў сталінскія часы, у 1950-я, 1960-я гады былі вельмі папулярныя. Адкрытыя працэсы, якія таксама заканчваліся рознымі прысудамі. Яны маглі трансьлявацца на ўвесь былы СССР. Хто можа быць першай ахвярай? Не хацеў бы нейкім чынам сурочыць, але, на маю думку, гэта можа датычыць у першую чаргу тых, хто ўжо сядзіць за кратамі, хто ўжо атрымаў свае прысуды. Гэта і асобы, якія працавалі ў розных службах, у сыстэме ўнутраных спраў, якія свае прысуды ўжо атрымалі, дзе фігуруе артыкул «Здрада дзяржаве». Захады могуць быць перагледжаныя для так званых рэйкавых партызанаў. Усё ідзе ў той бок, каб максымальна заціснуць гэтыя шрубкі. На жаль, першымі ахвярамі могуць быць тыя, хто ўжо сядзіць.

— Я хацела б зьвярнуць увагу на іншыя важныя пункты з падпісанага Лукашэнкам закону «Аб зьмяненьні кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці». «Дыскрэдытацыяй Рэспублікі Беларусь» цяпер лічыцца і распаўсюд зьвестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя сілы і іншыя ваенізаваныя арганізацыі. Зьяўляюцца новыя артыкулы «Прапаганда тэрарызму», «Парушэньне патрабаваньняў у абароне дзяржаўных сакрэтаў». Пра што гэта сьведчыць і на каго накіравана?

— Гэта копія ў пэўнай ступені расейскіх практык. Каб не камэнтавалі аніякія дзеяньні, зьвязаныя зь беларускім войскам, хоць насамрэч дыскрэдытацыяй беларускага войска займаецца сама дзяржава і само войска вельмі пасьпяхова. Гэта копія расейскага закону аб фэйках, па якім вельмі пасьпяхова хапаюць людзей. І першыя прысуды былі проста за тое, што вайну назвалі вайной... Гэта спроба закрыць інфармацыю, каб баяліся людзі, якія падаюць зьвесткі ў нейкія маніторынгавыя каналы. Немагчыма акрэсьліць тое, што зьяўляецца дыскрэдытацыяй войска ў тым ці канкрэтным выпадку. Гэта вельмі шырокая практыка, рэжым стварае для сябе дадатковыя мэханізмы, каб караць людзей, якія могуць нешта сказаць.

«Патрэбны нейкі дадатковы мэханізм, каб назваць надзвычайным становішчам тое, што ўжо некалькі гадоў дэ-факта існуе ў Беларусі»

— Праўдападобна, што рыхтуюцца і іншыя зьмены ў заканадаўстве. ByPol паведамляе, што ім стала вядома, што ў закон «Аб надзвычайным становішчы» ўнясуць дадатковыя падставы для ўвядзеньня надзвычайнага становішча — «спробы гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваеньня дзяржаўнай улады, узброенага мяцяжу»(гэта цытата). А ў закон «Аб ваенным становішчы» новай падставай для абвяшчэньня ваеннага становішча дададуць «дзеяньні іншай дзяржавы, якія дазваляюць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю экстрэмісцкім групам і арганізацыям для нападу на Рэспубліку Беларусь, або засылка экстрэмісцкіх груп і арганізацый». Давайце перакладзем гэта зь бюракратычнай мовы на чалавечую. Што гэта можа практычна азначаць, калі інфармацыя ByPol спраўдзіцца?

— Трошкі няёмка і сьмешна разважаць на тэму законаў у дачыненьні да рэжыму, бо каб яны хацелі ўвесьці надзвычайнае становішча, яны б ужо знайшлі падставы для гэтага. Гэта яшчэ адзін штучны мэханізм. Рэжым, які дзейнічае ў Беларусі, без абвяшчэньня надзвычайнага становішча зрабіў яго штодзённай рэчаіснасьцю. Калі б усё было па законе, то першы, каго трэба было б пакараць за такія крокі, гэта быў бы сам дзяржаўны апарат, менавіта яны дазваляюць выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападу на суседнюю дзяржаву. Усё іншае — гэта фактычныя дзеяньні ў абарону незалежнасьці Беларусі і дзеяньні, скіраваныя на аднаўленьне таго самага канстытуцыйнага ладу, які ўжо шмат гадоў у Беларусі проста не існуе. Але патрэбны нейкі дадатковы мэханізм, каб назваць надзвычайным становішчам тое, што ўжо некалькі гадоў дэ-факта існуе ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG