З такой заявай Тэртэль выступіў на паседжаньні Савета Рэспублікі, перадае дзяржаўнае агентцва БелТА.
Тэртэль прадставіў законапраект «Аб зьмене кодэксаў па пытаньнях крымінальнай адказнасьці», якія ўводзіць сьмяротную кару за здраду дзяржаве для чыноўнікаў і сілавікоў.
«КДБ адзначаецца рэзкая актывізацыя ўсіх відаў выведкі спэцслужбаў калектыўнага Захаду супраць Рэспублікі Беларусь. Асноўны акцэнт — вэрбавальная праца ў дачыненьні да асоб, якія маюць магчымасьць здабываньня інфармацыі закрытага характару, вярбоўка супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і службоўцаў дзяржаўнага апарату.
З улікам агрэсіўнай дзейнасьці замежных спэцслужбаў па пранікненьні ў сілавыя структуры і дзяржаўны апарат (дарэчы, з пачатку года КДБ затрымала больш за 10 здраднікаў) і значнай шкоды, якая наносіцца нацыянальным інтарэсам, абстаноўка патрабуе прыняцьця комплексных мер па нэйтралізацыі гэтых пагроз», — сказаў Тэртель.
Ён таксама заявіў, што нібыта «нашы супернікі плянуюць далейшыя захады па дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне».
«Планы іх распаўсюджваюцца на пэрыяд 2024-2025 гадоў. Тут увесь кантэкст зьвязаны з імкненьнем іх да нашых органаў улады і кіраваньня, да здзяйсьненьня акцый, накіраваных на падрыў стабільнасьці ў краіне», — сказаў старшыня КДБ.
Напярэдадні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у другім чытаньні адобрылі зьмены ў КК — уводзіцца адказнасьць за дыскрэдытацыю арміі і пакараньне за здраду дзяржаве. Пасьля таго, як законапраект ухваляць у Савеце Рэспублікі, яго накіруюць на подпіс Аляксандру Лукашэнку.
Што прадугледжвае законапраект
Як паведамілі ў прэсавай службе ніжняй палаты Нацыянальнага сходу, сьмяротная кара можа быць прыменена да «службовых асоб, якія займаюць дзяржаўную пасаду, і асоб, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, якія зьдзейсьнілі злачынства, прадугледжанае артыкулам 356 КК «Здрада дзяржаве».
У КК зьявяцца артыкул 289-1 «Прапаганда тэрарызму», артыкул 375-2 «Парушэньне патрабаваньняў у абароне дзяржаўных сакрэтаў», які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за наўмыснае незаконнае перамяшчэньне носьбіта дзяржаўных сакрэтаў за межы Беларусі.
Тэрмін затрыманьня па падазрэньні ва ўчыненьні злачынстваў паводле артыкулаў «Здрада дзяржаве», «Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады», «Шпіянаж», «Агентурная дзейнасьць», «Акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча», «Дывэрсія» (артыкулы КК з 356 па 360) павялічваецца да 10 дзён.
Таксама да 20 дзён павялічаны тэрмін выстаўленьня абвінавачаньня падазраваным паводле гэтых артыкулаў.
Артыкул 369-1 КК «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» дапаўняецца кваліфікацыйнай прыкметай, якая прадугледжвае вызначэньне адказнасьці за распаўсюджваньне заведама лжывых зьвестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя сілы, іншыя войскі і вайсковыя фармаваньні, ваенізаваныя арганізацыі.
Падчас падрыхтоўкі законапраекту да разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні ён дапоўнены палажэньнем аб наданьні гэтаму дзяржаўнаму органу паўнамоцтва вызначаць парадак функцыянаваньня пакоя для допытаў дзяцей, у дачыненьні да якіх былі зьдзейсьнены злачынствы супраць асабістай свабоды, гонару і годнасьці, жыцьця і здароўя, палавой недатыкальнасьці або палавой свабоды .