Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пад Кіевам дакумэнтуюць экалягічныя злачынствы вайны для трыбуналу над Расеяй і Беларусьсю. ФОТА


Пасёлак Макараў Кіеўскай вобласьці, Украіна. 22 лістапада 2022
Пасёлак Макараў Кіеўскай вобласьці, Украіна. 22 лістапада 2022

Рэпартаж Свабоды з пасёлку Макараў Кіеўскай вобласьці, дзе адмыслоўцы пачалі фіксаваць экалягічныя злачынствы расейскага войска, якое прыйшло сюды зь Беларусі ў лютым і цяпер працягвае абстрэлы, у тым ліку зь беларускай тэрыторыі.

Пасёлак Макараў Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці часткова быў акупаваны на пачатку вайны. З 10 кастрычніка пасёлак пэрыядычна абстрэльваюць з тэрыторыі Беларусі. Цяпер тут працуюць ня толькі ратавальнікі, энэргетыкі, але і эколягі. Яны дакумэнтуюць экалягічныя злачынствы расейскіх войскаў для міжнароднага трыбуналу.

Макараўская пасялковая рада. Яе кіраўнік Вадзім Токар ваяваў у складзе тэрабароны і ўвесь час акупацыі заставаўся ў Макараве
Макараўская пасялковая рада. Яе кіраўнік Вадзім Токар ваяваў у складзе тэрабароны і ўвесь час акупацыі заставаўся ў Макараве

У склад Макараўскай грамады ўваходзіць 49 паселішчаў, зь якіх 17 перажылі 34 дні пад расейскай акупацыяй. На гэтай тэрыторыі жывуць звыш 28 тысяч чалавек, большая іх частка — 15 650 — у Макараве, цэнтры грамады.

Эколягі сьцьвярджаюць, што на першым этапе галоўнае — сабраць якасныя доказы экалягічных злачынстваў, а пасьля прызнаньня іх судом займацца эканамічнай ацэнкай нанесенай шкоды, каб на наступным этапе дабівацца кампэнсацыі.

Больш за месяц у аблозе

Пасёлак Макараў, цэнтар грамады, расейцы не змаглі захапіць цалкам і спрабавалі яго атачыць, захопліваючы іншыя вёскі. На яго рушыла больш як сотня адзінак вайсковай тэхнікі і аўтамабіляў з палівам, якія змаглі прайсьці праз Барадзянку і Бучу.

Пасьля дэакупацыі на Макараўшчыне знайшлі целы 132 мірных жыхароў, якіх расстрэльвалі каля іх уласных дамоў і на вуліцах. Абстрэламі пашкодзілі каля 600 прыватных дамоў, 17 школ і 8 дзіцячых садкоў.

Раённую лякарню ўзьвялі за лічаныя месяцы (у цэнтры)
Раённую лякарню ўзьвялі за лічаныя месяцы (у цэнтры)

Цяпер у пасёлку пабудавалі адмысловыя модульныя будынкі для тых, хто застаўся без жытла, і ўжо цалкам аднавілі мясцовую лякарню. Людзі патроху пачынаюць адыходзіць ад шоку, хоць тут, як і ў большасьці ўкраінскіх гарадоў, таксама ёсьць праблемы з энэргазабесьпячэньнем.

Мясцовыя ўлады ў супрацы з украінскімі і міжнароднымі арганізацыямі намагаюцца вырашаць надзённыя пытаньні, але ў будучыні на якасьць жыцьця істотна паўплываюць і экалягічныя праблемы, што стварылі расейскія войскі ў часе сваёй дысьлякацыі на тэрыторыі грамады і яе абстрэлаў.

Адзін са зьнішчаных дамоў у Макараве
Адзін са зьнішчаных дамоў у Макараве

Эколягі заклікаюць улады ўжо цяпер сартаваць адыходы руйнаваньня ад абстрэлаў і ад будаўнічых матэрыялаў, бо пасьля абстрэлаў застаюцца рэшткі ракетнага паліва, якое мае найвышэйшы ўзровень таксычнасьці.

Пітной вады практычна няма

Мэр Макарава Вадзім Токар, які ў складзе тэрытарыяльнай абароны ваяваў супраць расейцаў, кажа, што іхныя войскі стаялі непадалёк ад фільтрацыйных палёў. Застаўкі прарвала ў выніку абстрэлаў, а ўсе нечыстоты пайшлі ў грунт.

Мэр Макарава Вадзім Токар
Мэр Макарава Вадзім Токар

«Цяпер фільтрацыйныя палі дзейнічаюць. Два месяцы таму мы, наша камунальная гаспадарка, уклалі ўгоду зь міжнароднай арганізацыяй, якая часткова прафінансавала проціаварыйныя захады, часткова прафінансавалі мы зь мясцовага бюджэту. Але гэта выключна проціаварыйныя захады, а не будаўніцтва палёў фільтрацыі або ачышчальных збудаваньняў», — расказаў Вадзім Токар.

У Макараве ад абстрэлаў пацярпелі жылыя будынкі
У Макараве ад абстрэлаў пацярпелі жылыя будынкі

Пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў у пасёлку пачалі стала дасьледаваць стан пітной вады.

«Спэцыфіка Макараўшчыны ў тым, што ў падземных водах так званага Бучанскага падземнага гарызонту колькасьць жалеза перавышае норму ў 10 і больш разоў. Мы мелі такую праблему яшчэ да вайны, а цяпер на яе накладаюцца наступствы баявых дзеяньняў. У нас грамада вельмі вялікая, але жыхары пасёлку ведаюць, што ваду з кранаў нельга выкарыстоўваць як пітную без дадатковага ачышчэньня — і да баявых дзеяньняў, і цяпер тым больш. Калодзежная вада таксама залежыць ад канкрэтнага месца. Недзе можна выкарыстоўваць, а недзе — не. Натуральна, што людзей аб гэтым паінфармавалі», — падкрэсьліў кіраўнік пасёлку.

Аграрыі не змаглі сабраць ураджай

З экалягічнымі праблемамі сутыкнуліся і мясцовыя аграрыі. Як сьцьвярджаюць улады, каля 5% палеткаў усё яшчэ забруджаныя выбуховымі прадметамі. На трох тысячах гектараў ральлі з агульных 60 тысяч пакуль што немагчыма праводзіць ніякіх гаспадарчых работ.

Поле засталося зімаваць зь несабраным сланечнікам праз пагрозу наяўнасьці мін
Поле засталося зімаваць зь несабраным сланечнікам праз пагрозу наяўнасьці мін

Намесьнік пасялковага старшыні Анатоль Карбоўскі кажа, што пасьля дэакупацыі міны абясшкоджвалі найперш у месцах, па якіх перамяшчаецца шмат людзей: гэта дарогі, палосы абапал іх, прысядзібныя ўчасткі.

Анатоль Карбоўскі
Анатоль Карбоўскі

«Былі дзясяткі выпадкаў падрываў супрацоўнікаў энэргетычнай сыстэмы, аблэнэрга, падрадных арганізацыяў, якія дапамагалі рамантаваць лініі. Выбухала сельскагаспадарчая тэхніка некалькі разоў. Цяпер гэтыя тэрыторыі закрытыя для наведваньня і сельскагаспадарчай дзейнасьці. Яны ўсе адпаведна пазначаныя і суправаджаюцца інфармацыяй аб забароне іх наведваньня», — сказаў Анатоль Карбоўскі.

Участкі, якія абясшкоджваюць ад мін, агарадзілі пафарбаванымі ў чырвоны колер кійкамі і паставілі таблічкі «Стоп міны!»
Участкі, якія абясшкоджваюць ад мін, агарадзілі пафарбаванымі ў чырвоны колер кійкамі і паставілі таблічкі «Стоп міны!»

У раку ляцелі бомбы і снарады

У Макараве ўжо аднавілі зьнішчаны ў часе баёў мост на рацэ Зьдзьвіж. Рэчцы таксама шмат дасталося, сьцьвярджаюць улады. У яе воды ляцелі авіяцыйныя бомбы і артылерыйскія снарады. Летам вадалазы абсьледавалі дно і зьнішчылі рэшткі выбуховых прадметаў. Але ўлады не гарантуюць, што рака цалкам ачышчаная.

Мост у Макараве
Мост у Макараве

«Уздоўж рэчкі вельмі шмат зруйнаваных дамоў, яны ўсе гарэлі, а прадукты гарэньня, вядома ж, сьцякалі з ападкамі ў гэтую рэчку. Добра, што да вайны грамада дасьледавала стан рачной вады. Гэта дапаможа дасьледаваць зьмены, што адбыліся пасьля ваенных дзеяньняў, і наколькі яны паўплывалі на яе стан», — расказала мэнэджар праекту «Дакумэнтаваньне эказлачынстваў вайны» Алена Сас.

Алена Сас кіруе адным з праектаў па ацэнцы ўзьдзеяньня баявых дзеяньняў на экалёгію
Алена Сас кіруе адным з праектаў па ацэнцы ўзьдзеяньня баявых дзеяньняў на экалёгію

Да вайны была ўладкавана прыгожая набярэжная для адпачынку і рыбнай лоўлі.

«Тут заўсёды было шмат рыбакоў, але ці будзе тут рыба, мы пакуль ня ведаем», — дадала Алена Сас.

Макараў стаіць на рацэ Зьдзьвіж, якая пацярпела ад артылерыйскіх і авіяцыйных абстрэлаў
Макараў стаіць на рацэ Зьдзьвіж, якая пацярпела ад артылерыйскіх і авіяцыйных абстрэлаў

Ад выбухаў мін згарэла 200 гектараў лесу

Галоўны лясьнічы Макараўскага лясгасу Ўладзімір Клімко паведаміў, што летам было шмат выпадкаў, калі дзікія жывёлы падрываліся на мінных расьцяжках, пакінутых расейцамі, і ад іх загараўся лес.

Уладзімір Клімко кажа, што дадатковага абсьледаваньня на міны патрабуюць каля 5 тысяч гектараў лесу
Уладзімір Клімко кажа, што дадатковага абсьледаваньня на міны патрабуюць каля 5 тысяч гектараў лесу

«Вельмі вялікія праблемы былі ў красавіку, траўні і чэрвені, калі зьвяры рвалі гэтыя расьцяжкі, пачыналіся пажары, не зьвязаныя зь дзейнасьцю чалавека, а ратавальныя і пажарныя службы ня мелі доступу і не маглі эфэктыўна гасіць лясныя пажары. У нашым лясгасе згарэла больш як 200 гектараў — гэта як у выніку акупацыі, так і потым, як наступства таго, што мы не маглі гасіць пажары», — расказаў Уладзімір Клімко.

Паводле яго, з 26 тысяч гектараў лесу на Макараўшчыне пяць тысяч дагэтуль забруджаныя выбуховымі прадметамі і чакаюць спэцыліястаў-выбухатэхнікаў. Без разьмінаваньня немагчыма ацаніць эканамічную шкоду.

«Трэба ўлічваць, што нашы лясы рукатворныя, іх трэба даглядаць: праводзіць санітарныя высечкі, супрацьпажарныя захады, і калі лесьнікі ня будуць мець доступу да гэтых масіваў, дрэвы могуць падаць, рызыка пажараў вырасьце, і наступствы будуць больш маштабныя», — дадаў галоўны лясьнічы Макараўскага лясгасу Ўладзімір Клімко.

У будучыні, паводле яго, магчымая праблема засыханьня лесу, бо расейцы будавалі ў лясах шмат фартыфікацыяў і акопаў.

Ці плянуюць патрабаваць кампэнсацый ад Беларусі

Мэр Макарава Вадзім Токар кажа, што вызначыць частку экалягічнай шкоды пакуль вельмі складана.

«Агулам, паводле папярэдніх падлікаў, грамадзе нанесеныя страты на 8,6 мільярда грыўняў (215 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС). Сюды ўключана ўсё — і экалягічныя пытаньні, і інфраструктурныя, і прыватнае жытло, і прыватны бізнэс», — паведаміў ён.

Паводле папярэдніх ацэнак, страты, нанесеныя Макараўскай грамадзе, складаюць 215 мільёнаў даляраў
Паводле папярэдніх ацэнак, страты, нанесеныя Макараўскай грамадзе, складаюць 215 мільёнаў даляраў

Аднак эколягі лічаць, што шкода экалёгіі будзе ў некалькі разоў перавышаць гэтыя лічбы.

Макараўскія ўлады мяркуюць, што ўрад павінен цэнтралізавана вырашыць пытаньне, ці падаваць на Беларусь, з тэрыторыі якой увайшлі расейскія войскі і дагэтуль пэрыядычна абстрэльваюць грамаду, пазоў на кампэнсацыю эканамічных і экалягічных стратаў.

«Мы не адзіная грамада ва Ўкраіне, якая пацярпела ад абстрэлаў зь Беларусі. Гэта мусіць рабіцца на цэнтралізаваным узроўні і на ўзроўні Кабінэту міністраў, міністэрстваў і ведамстваў. Я не магу цяпер заявіць, што мы як грамада выставім рахунак Беларусі. Мы фіксуем усе зьвесткі, якія можам, бо калі я прыяжджаю на месца выбуху, напрыклад, то, маючы ўжо пэўны досьвед, я магу вызначыць, што гэта было — крылатая ракета ці дрон-камікадзэ. І больш нічога. І, як правіла, мы разумеем, адкуль гэтая зброя ляціць, — з поўдня, з усходу ці з поўначы, то бок з тэрыторыі Беларусі», — сказаў Вадзім Токар.

Экалягічныя праблемы, створаныя вайной, закрануць і суседзяў Украіны

Эколяг з арганізацыі «Экалёгія-права-чалавек» Кацярына Палянская, якая ўдзельнічае ў дакумэнтаваньні экалягічных злачынстваў, кажа, што ўжо паводле першых лябараторных аналізаў у грунце Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай, Данецкай і Мікалаеўскай вобласьцяў зафіксаваныя павялічаныя паказьнікі цяжкіх мэталаў — медзі, кадмію, сьвінцу, якія нэгатыўна ўплываюць на абмен рэчываў у арганізьме і выклікаюць парушэньні работы ўнутраных органаў.

Эколяг Кацярына Палянская кажа, што ваенныя дзеяньні і абстрэлы могуць прывесьці да кліматычных зьмен
Эколяг Кацярына Палянская кажа, што ваенныя дзеяньні і абстрэлы могуць прывесьці да кліматычных зьмен

Паводле Кацярыны Палянскай, наступствы могуць закрануць і суседнія з Украінай дзяржавы, у тым ліку Беларусь.

«Найбольш дынамічныя зьмены сёньня адбываюцца ў паветры і вадзе. Лясныя пажары ў выніку абстрэлаў таксама могуць плываць на іншыя краіны, бо брудныя рэчывы пераносяцца ў паветры. Калі ў нас былі пажары на нафтабазах, тоны розных рэчываў трапілі ў паветра. Гэта можа пераносіцца ветрам», — удакладніла эколяг.

Апроч таго, кажа Кацярына Палянская, выкіды могуць паўплываць і на кліматычныя зьмены.

«Цяпер мы супольна з навукоўцамі праводзім дасьледаваньне зьменаў кліматычных паказьнікаў на тэрыторыі Ўкраіны — ці зьменяцца яны ў выніку ваенных дзеяньняў, бо згарэла шмат лясоў, стэпаў, разбурана паверхневае грунтовае покрыва. Гэта трэба вывучаць», — падкрэсьліла яна.

Паводле яе, цяпер галоўнае — сабраць якасныя доказы экалягічных злачынстваў, якія дазволяць адказаць на пытаньне, ці разьдзеліць Беларусь з Расеяй адказнасьць за іх.

«Усе ведаюць, што на тэрыторыі Беларусі разьмешчаныя войскі Расеі. У будучыні гэта будзе дасьледаваць суд, трыбунал, бо адкінуць гэты факт немагчыма. Гэта ж падтрымка вайны. А каб выстаўляць абвінавачаньне, патрэбна доказная база. Паколькі наша арганізацыя эколяга-юрыдычная, то, вядома ж, мы гаворым, што найперш трэба сабраць якасныя доказы, і толькі потым можа быць абвінавачаньне. Але некаторыя дзеяньні бачым ужо цяпер — разьмяшчэньне войскаў, падняцьце самалётаў з ракетамі з аэрадромаў на тэрыторыі Беларусі», — адзначыла Кацярына Палянская.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG