Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 9 траўня ўлады хочуць запусьціць 4000 геліевых шароў. Чаму гэта шкодна для птушак і навакольнага асяродзьдзя


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле сайту закупак, запуск 4000 шароў абыдзецца ў 8 тысяч рублёў. Людзі зьбіраюць подпісы пад пэтыцыяй супраць гэтага.

4 тысячы геліевых шароў закупляе «Мінскрэкляма», каб выпусьціць іх на 9 траўня. Так відаць з сайту дзяржаўных закупак. Каштаваць гэта будзе 8 тысяч рублёў. У адказ на такі элемэнт сьвята зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем забараніць запуск шароў, бо гэта шкодзіць навакольнаму асяродзьдзю.

Разьбіраемся, якую шкоду могуць нанесьці 4 тысячы геліевых шароў.

«Сьмецьце ад шароў разносіцца паўсюль»

Найперш пасьля выкарыстаньня такіх шароў зьяўляецца сьмецьце, якое разносіцца паўсюль, пра гэта кажа спэцыяліст па прыродаахоўных пытаньнях «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Максім Нямчынаў.

«Гэтае сьмецьце трапляе і ў прыродаахоўныя тэрыторыі, бо яно лёгкае. Пасьля ідзеш у прыродаахоўнай зоне, а там гэтыя анучкі ад шароў. Гэтае сьмецьце небясьпечнае, як і большая частка плястыку, яно награмаджаецца і не раскладаецца хутка», — тлумачыць Максім Нямчынаў.

Таксама такое сьмецьце ператвараецца ў «мікраплястык, які можа быць крыніцай праблемаў для экасыстэм».

«Сьмецьце ад шароў шкодзіць зьвярам і птушкам»

Птушкі не разумеюць, што сьмецьце, якое застаецца ад шароў, — шкоднае. Яны могуць выкарыстоўваць яго для гнёздаў і есьці.

«Птушкі і дзікія жывёлы не разумеюць, што гэта такое. Яны намагаюцца гэта праглынуць, ужываюць у якасьці будаўнічага матэрыялу для гнёздаў. Птушкі, здараецца, уціскаюць сябе ў гэтае плястыкавае шмацьцё ці спрабуюць яго праглынуць і гінуць даволі пакутлівай сьмерцю», — кажа Максім Нямчынаў.

Ён зьвяртае ўвагу, што ў Беларусі няма сыстэм, каб перапрацоўваць такое сьмецьце ў другасныя рэсурсы. Эколягі выступаюць супраць выкарыстаньня такіх шароў.

«Чым больш людзей выкарыстоўваюць такія шары, тым больш абвастраюцца экалягічныя праблемы. Парушаюцца мэханізмы самаачышчэньня і самападтрыманьня экасыстэм», — кажа Максім Нямчынаў.

На 15 гадзіну 5 траўня пэтыцыю з патрабаваньнем адмовіцца ад запуску геліевых шароў падпісалі ўжо больш за 1700 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG