Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Чым скончылася спроба перайменаваньня вуліц у Старым горадзе


Радыё Свабода пачало ў новым YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікацыю цыклю ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.

У сёмай частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае, як і чым у сярэдзіне 1920-х гадоў скончыліся спробы перайменаваньня вуліц у Старым горадзе, а таксама пра тое, што сабой уяўляў плян рэстаўрацыі Замчышча.

0:46 — чым адказалі інбелкультаўцы на спробу ўладаў адхіліць іх ад аховы помнікаў

3:07 — калі бальшавікі пачалі называць беларусаў нацыянал-дэмакратамі, нацдэмамі

5:03 — чаму не ўдарылі па беларусах ужо ў 1925 — 1926 гадах

5:42 — як спрабавалі назваць вуліцы ў Старым горадзе імёнамі Скарыны і Каліноўскага

6:48 — адбылося перайменаваньне вуліцы ці не?

8:18 — як менчукі заблыталіся ў назвах вуліц Старога гораду

9:47 — загадка Міколы Шчакаціхіна і яго зорны час

13:20 — Шчакаціхін як прадстаўнік Срэбранага веку, які знайшоў Эўропу ў Менску

16:31 — «Менская сага» паэта Шчакаціхіна

19:43 — як і калі Інбелкульт стварыў плян рэстаўрацыі Замчышча

23:11 — што плян рэстаўрацыі Замчышча прадугледжваў

24:55 — чаму адрэстаўраваць Замчышча не ўдалося

Фрагмэнт размовы вядучага Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:

— Ты ў кнізе надаеш вялікую ўвагу дзейнасьці Міколы Шчакаціхіна. У цябе ён выглядае на лідэра ўсёй актыўнасьці вакол Старога гораду ў Менску. Наколькі ягоная роля ў падзеях вакол Старога гораду была значнаю?

— Інфармацыі пра Міколу Шчакаціхіна да прыезду ў Беларусь вельмі мала. Але тое, што мы ведаем пра яго дзейнасьць ужо ў Беларусі, дазваляе ўзносіць яго вельмі высока. Гэта быў ідэйны лідэр справы аховы помнікаў і аховы менскага Замчышча. Ён быў маторам Інбелкульту. Калі я працаваў у архіве Акадэміі Навук з паперамі Інбелкульту, якіх засталося вельмі мала, дык з трымценьнем у руках трымаў рукапісы Шчакаціхіна. Ён пісаў праекты новых сэкцый і камісій, праекты статутаў і пастановаў, напісаў праект стварэньня Беларускага дзяржаўнага музэю і ў разьвіцьця ўсё музэйнай справы ў БССР.

І вось калі праца Камісіі аховы помнікаў, фактычна, заняпала ў 1926 годзе, дык Шчакаціхін стварыў у Інбелкульце Камісію гісторыі мастацтва, якую тады яшчэ называлі камісіяй беларускага стылю. Справа клопату пра помнікі, фактычна, перайшла туды, і зноў яны сталі рабіць акцэнт на Менску.

Шчакаціхін праводзіў нарады і канфэрэнцыі для вызначэньня «беларускага стылю» і дамагаўся ад чыноўнікаў, каб у БССР ўсё будавалася толькі ў беларускім стылі.

Чаму ён быў такім? Я лічу яго прадстаўніком расейскага Срэбранага веку ў Беларусі. Дзеячы расейскай культуры пачатку ХХ стагодзьдзя ў сваёй большасьці былі «заходнікамі», эўропацэнтрыстамі. Многія зь іх прынялі каталіцтва, некаторыя пасьля рэвалюцыі і эміграцыі сталі каталіцкімі ці ўніяцкімі сьвятарамі, манахамі.

Сям’я Шчакаціхіна паходзіла з Масквы і была параднёная з адным са «слупоў» Срэбранага веку Міхаілам Гершэнзонам — інтэлектуалам, гісторыкам культуры і перакладчыкам. Шчакаціхін у студэнцкія часы пісаў вершы і мог свабодна кантактаваць з Гершэнзонам і ягоным колам.

Пасьля заканчэньня Маскоўскага ўнівэрсытэту перад самай рэвалюцыяй ён быў разьмеркаваны кудысьці на ўсход Расеі, пасьля ў 1920 годзе перавёўся ў Харкаў, папрацаваў там нядоўга і пераехаў у Менск. Я думаю, што яму не хапала ў Харкаве Эўропы, і ён знайшоў яе у Менску. Тут ён застаўся, вывучыў беларускую мову, стварыў беларусам гісторыю беларускага мастацтва і загінуў за Беларусь.

Разьдзел у сваёй кнізе, дзе мова ідзе пра Міколу Шчакаціхіна, я назваў «Менская сага паэта Шчакаціхіна», бо так, як ён, пра Стары горад (Старое места ў яго тэрміналёгіі) ніхто не пісаў. Гэта паэзія і гэта вяршыня беларускай публіцыстыкі пра Стары горад. Вось фрагмэнты зь яго тэксту пра Стары горад:

«Найлепшыя архітэктурныя краявіды разгортваюцца тут перад нашымі вачыма, калі глядзець на будынкі так званага „Высокага рынку“ (каля цяперашняга Пляцу Волі) з боку Траецкае гары, або зь некаторых пунктаў каля Юбілейнага пляцу: над зграмаджэньнем стракатых рознакаляровых дахаў, зьбітых у кучу ў нейкай сярэднявечнай маляўнічай бессыстэмнасьці, на сьветлым фоне неба, чытэльна вырэзваюцца важкія масівы старадаўніх муроў і строгія падвойныя вежы касьцёлаў, абрысаваныя лёгкімі і стройнымі сілюэтамі».

Апяваючы старадаўняе аблічча Менску Шчакаціхін моцна крытыку, нават ганьбіць расейскія пераробкі менскіх помнікаў, у прыватнасьці колішнюю рэнэсансна-гатычную ўніяцкую царкву Сьвятога Духу, пераробленую ў ХІХ стагодзьдзі на праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор:

«Поўнай суцэльнасьці архітэктурнага ўражаньня, асабліва з боку Траецкае гары, перашкаджае тут толькі прэтэнцыёзны і нязграбны будынак навейшага праваслаўнага сабору зь яго казённым „рускім стылем“ шатровае званіцы і бессэнсоўных дробных кумпалочкаў, які ўразаецца нейкім абразьлівым дысанансам у крыху суровую гармонію тыповых беларускіх камяніц; але трэба знайсьці такі пункт назіраньня, зь якога сабор засланяўся б якім-колечы бліжэйшым будынкам, — і тады ўвесь агульны архітэктурны пэйзаж выяўляецца ў поўнай сваёй закончанасьці».

Але найболей паэтычна і захоплена ў сваім мастацтвазнаўчым тэксьце Шчакаціхін піша пра Стары горад:

«Крыху іншае, але ня меней інтэнсіўнае ўражаньне робяць тыя ж будынкі ў выпадковых ракурсах зь некаторых вузенькіх вулачак „Старога места“ у раёне Нізкага рынку, калі нечакана за якім-колечы стромкім заваротам, над брудна-чырвонымі, часта напаўзруйнаванымі, плямістымі мурамі старых дамоў, раптам уздымуцца нейкія магутныя вежы, зьніклыя ў сівым тумане або спавітыя празрыстым вэлюмам дажджу, у вострым і рэзкім кантрасьце сваіх гарманічных ураўнаважаных ліній з трывожнай і сумнай рознагалосіцай бліжэйшых пахмурных і бедных будынкаў...»

У 1930 годзе Мікола Шчкаціхін зробіць апошнюю спробу захаваць Стары горад, пра што мы яшчэ пагаворым, а пасьля будзе арыштаваны і высланы на ўсход. У турмах ён захварэе на сухоты і ў 1940 годзе памрэ ў башкірскім градзе Белебей ва ўзросьце 43 гады.

— Мы ўжо гаварылі пра разбурэньне двух полацкіх храмаў ХІІ стагодзьдзя, была размова і пра разбураныя будынкі на менскім Замчышы. Давай зараз пагаворым пра тое, што дзеячы Інбелкульту плянавалі рабіць з напаўразбуранымі помнікамі. Яны хацелі іх кансэрвацыі, рамонту, а, можа, рэстаўрацыі?

— Адносна разбураных храмаў ХІІ стагодзьдзя ў Бельчыцах, яны задаволіліся плянам кансэрвацыі, створаным членам-карэспандэнтам Інбелкульту Пётрам Дэйнісам.

А вось адносна менскага Замчышча пляны ў іх былі больш грунтоўныя і шырокія. Усевалад Ігнатоўскі, які кіраваў Інбелкультам, на працягу 1925 году стрымліваў апэтыты Камісіі аховы помнікаў, бо, як кіраўнік, павінен быў ужо балянсаваць паміж уладай і беларускай справай. Таму ня ўсе пратаколы і пастановы Камісіі зацьвярджаліся прэзыдыюмам Інбелкульту. Але што тычыцца Старога гораду, фінансаваньне яны атрымалі і стварылі ні многа ні мала... плян рэстаўрацыі Замчышча. Гэта адбылося яшчэ ў 1925 годзе.

Тое, што такі плян быў створаны, мы ведаем дакладна. Пра гэта згадваецца ў справаздачах Камісіі аховы помнікаў Інбелкульту. У 1926 годзе выйшла брашура намесьніка кіраўніка Інбелкульту Аляксандра Цьвікевіча, дзе ён таксама паведамляў, што плян рэстаўрацыі Замчышча створаны. Былі згадкі пра гэта і ў друку.

Але сам плян рэстаўрацыі Замчышча я доўга шукаў і не знайшоў. Але мне ўдалося ў пэўным сэнсе яго рэканструяваць паводле ўскосных зьвестак.

Плян прадугледжваў знос драўляных будынкаў на Замчышчы, поўную ачыстку двароў, рамонт мураваных будынкаў, умацаваньне замкавага схілу да Сьвіслачы, новае брукаваньне вуліц і стварэньне на самым высокім месцы Замчышча пры перасячэньні вуліц Стара-Мясьніцкай і Падзамкавай бульвару для турыстаў і дзіцячай пляцоўкі.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах.

Наўпроставы лінк

Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:

  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG