Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як БНР у 1919–1920 гадах ператварыла Менск у сталіцу. ВІДЭА


Радыё Свабода пачало ў новым YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікацыю цыклю ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.

У трэцяй частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае пра матэрыяльную і духоўную культуру гораду канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў і пра тое, як Менск дзякуючы намаганьням дзеячоў БНР у 1919–1920 гадах ператварыўся ў рэальную сталіцу Беларусі.

  • 0:43 — калі ў Менск прыйшлі выгоды цывілізацыі
  • 3:25 — што зрабіў для Менску Караль Гутэн-Чапскі
  • 4:49 — калі ў менскіх салёнах пачалі сьпяваць беларускія народныя песьні
  • 6:45 — гістарычнае і містычнае ператварэньне Менску ў беларускі горад
  • 10:40 — сэнсацыйныя вынікі першага перапісу сельскіх гаспадарак у Расейскай імпэрыі вясны 1917 году
  • 11:44 — зь якіх часоў каталіцкая царква ў Беларусі была польскаю
  • 13:11 — як, нягледзячы на акупацыі, Менск напоўніўся беларускім палітычным і культурным зьместам
  • 16:35 — ці праўда, што беларускі рух у 1917–1920 гадах выбраў няправільны кірунак разьвіцьця
  • 18:49 — як «гістарызм БНР» нарадзіў усе сёньняшнія элемэнты нацыянальнага гістарычнага міту
  • 20:16 — нацыянальны чын Мітрафана Доўнар-Запольскага

Фрагмэнт размовы вядучага Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:

— 25 сакавіка 1918 году ў Менску была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Ці было гэтага дастаткова, каб Менск стаў беларускім горадам?

— Я б сказаў, што рэальнай сталіцай Беларусі Менск стаў праз год-два пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У той час і ворагі Беларусі згадзіліся з тым, што яе цэнтрам стаў Менск.

Пасьля таго, як у канцы 1918 году зь Беларусі сышлі нямецкія акупанты, бальшавікі ў Смаленску 1 студзеня 1919 году абвясьцілі аб стварэньне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (ССРБ) і пераехалі ў Менск. Пасьля ў лютым была створаная Літоўска-Беларуская ССР, так званая Літбел, сталіца была перанесеная ў Вільню, але Менск заставаўся ў руках камісараў Летбелу. А ўжо ў жніўні 1919 году прыйшлі палякі, і Менск на год апынуўся падпольскай акупацыяй.

І вось у кнізе «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» я пішу, што менавіта ў часе польскай акупацыі 1919–1920 гадоў Менск рэальна напоўніўся беларускім зьместам (палітычным, грамадзкім, культурным адукацыйным) і ператварыўся ў сталіцу Беларусі.

Так, гэта адбылося падчас польскай акупацыі, але адбылося насуперак палякам і іх палітыцы. Палякі гэтаму ў значнай ступені перашкаджалі, але, дарэчы, на на 100%, не татальна. Скажам, магістрат Менску быў створаны з удзелам беларусаў, там у справаводзтве была дазволеная беларуская мова. Але, па вялікім рахунку, палякі беларусам перашкаджалі, асабліва беларускаму школьніцтву.

І вось менавіта тады ў Менску сканцэнтравалася велізарная колькасьць беларускіх нацыянальных дзеячаў. Гэта сотні імёнаў, якія мы сёньня ведаем, якія ўваходзяць у энцыкляпэдыі. Каго не назаві — урад і Рада БНР, пісьменьнікі, паэты, пэдагогі, настаўнікі, акторы, рэжысэры, музыкі, сьпевакі, біскупы і сьвятары — усе яны сабраліся тады ў Менску.

Тады ўпершыню пачала выходзіць штодзённае беларускае выданьне. У канцы жніўня была заснаваная газэта «Звон», якая ў кастрычніку ператварылася ў газэту «Беларусь». Спачатку яе рэдагавала Ядвіга Луцэвіч, а пасьля Язэп Лёсік.

Дарэчы, цікавы казус. Некалі адзін беларускі філёзаф напісаў тэкст пра тое, што ў беларусаў у пачатку ХХ стагодзьдзя было два шляхі: шлях разьвіцьця гарадзкой культуры, навукі і ўнівэрсытэтаў, і шлях вышыванак, паясоў і фальклёру. І на жаль, напісаў філёзаф, беларукі рух выбраў шлях вышыванак. Ня ведаю, дзе ён такога начытаўся, але відаць, што чалавек — філёзаф, а не гісторык.

Гістарычная праўда палягае ў тым, што тыя людзі, якія сабраліся ў Менску ў 1919–1920 гадах, сапраўды апраналіся ў вышыванкі, але яны ж адразу пачалі са стварэньня ўнівэрсытэту. Была створаная спэцыяльная камісія, якую ўзначалілі апранутыя ў вышыванкі Ўсевалад Ігнатоўскі і Яўхім Карскі. Спачатку яны беларусізавалі Менскі настаўніцкі інстытут, а перад сыходам палякаў у 1920 годзе фактычна пасьпелі ператварыць яго ў беларускі ўнівэрсытэт.

Тады ў Менску пачалося новае беларускае школьніцтва. У горадзе была створаная беларуская гімназія, тры прагімназіі, на Меншчыне было адкрыта каля 100 школаў, іх арганізавала Школьная рада Меншчыны. А ўсяго ў Беларусі тады пад польскай акупацыяй было адкрыта 350 беларускіх школаў. І школы адкрываліся насуперак палякам. Палякі арыштоўвалі беларускіх школьных інспэктараў, жорстка іх зьбівалі, усяляк перашкаджалі іх дзейнасьці.

У Менску тады былі заснаваныя беларускія выдавецтвы. Менавіта тады пачалі шырока выдавацца школьныя падручнікі, былі выдадзеныя «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ўсевалада Ігнатоўскага, «Гісторыя беларускай літаратуры» Максіма Гарэцкага, «Геаграфія Беларусі» Аркадзя Смоліча.

У Менску пачалі працу чатыры тэатральныя трупы. Гэта калектывы створанага пад эгідай Ураду БНР Беларускага нацыянальнага тэатру пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча, а таксама Першага беларускага таварыства драмы і камэдыі на чале з Фларыянам Ждановічам, Менскага таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва і тэатру на чале з Уладзіславам Галубком і Ўсеваладам Фальскім і моладзевая трупа драматычнай сэкцыі Беларускай тэатральнай грамады.

Пры тэатрах працавалі танцавальны ансамбаль Часлава Родзевіча і хор Уладзімера Тэраўскага.

Усе гэтыя калектывы пачалі актыўныя гастролі па Беларусі, людзі актыўна ішлі на прадстаўленьні, плацілі грошы.

Нашы ідэолягі яшчэ з 1917 году пачалі шукаць апірышча ў гісторыі. І вось менавіта ў 1919–1920 гадах ў ідэалёгіі беларускага актыву асабліва моцна праявілася тое, што я назваў «гістарызмам БНР». Фактычна, усе сёньняшнія элемэнты і ключавыя постаці нашага нацыянальнага міту былі апісаныя і названыя ўжо тады. Менавіта тады былі апетыя, напрыклад, Скарына і Каліноўскі.

Рамуальд Зямкевіч прапанаваў заснаваць мэдаль Скарыны яшчэ ў 1917 годзе. А вось як ён пісаў пра гісторыю ў газэце «Вольная Беларусь»:

«Але, як ніяк, нас зьніштожыць паны-абрусіцелі не здалелі, — ня ўдасца гэта ім і ў будучыні... Нам, беларусам, няма чаго брацца за чужое, годзе ўжо служыць гноем пад чужую культуру. Мы маем сваё мінулае дый не абы якое, цяперашняе рунее й красуе надзіва, ёсьць з чаго быць гордым і будучына будзе нашай... Наша справа жывая ды сьвятая, дагэтуль ніякая сіла нас зламаць не магла і зламаць ня зможа. Народ з гэтакім мінулым не прападзе».

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах.

Наўпроставы лінк

Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:

  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG