Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: за пратэсты супраць Лукашэнкі і вайны пакаралі больш за 500 беларусак


Беларуская турма (ілюстратыўнае фота)
Беларуская турма (ілюстратыўнае фота)

Такую статыстыку сабраў Праваабарончы цэнтар «Вясна». Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што «з жанчынамі не ваюе».

За пратэсты супраць Лукашэнкі і вайны ва Ўкраіне пазбаўленьне і абмежаваньне волі прысудзілі ня менш як 534 жанчынам, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

У Беларусі ёсьць 155 жанчын-палітвязьняў, паведамляецца ў аглядзе праваабарончага цэнтру «Вясна» да Міжнароднага дня салідарнасьці жанчын у барацьбе за роўныя правы (8 сакавіка).

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з 2020 году ўлады з розных палітычных матываў пакаралі ня менш як 534 жанчыны. На пазбаўленьне волі асудзілі 165, абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову — 304, з накіраваньнем — 60, арышт — 4, прымусовае лячэньне — 1.

Рэжым Лукашэнкі, адзначае «Вясна», перасьледуе жанчын, утрымлівае іх у няволі за ўдзел у акцыях пратэсту, камэнтары ў інтэрнэце, выступы супраць вайны, інтэрвію СМІ, прызнаным экстрэмісцкімі, прафэсійную дзейнасьць, «акты тэрарызму, якіх не было». Крымінальныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту распачалі супраць 271 жанчыны.

Па справе за нэгатыўныя камэнтары аб сьмерці супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, застрэленага IT-спэцыялістам Андрэем Зельцарам, у дом якога ўварваліся сілавікі, асудзілі 15 жанчын (у зьняволеньні застаюцца 8). Жонцы Зельцара Марыі Ўсьпенскай, якая абвінавачваецца ў саўдзеле, прызначалі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары і абавязалі яе выплаціць буйную суму жонцы Федасюка.

За «сумленнае выкананьне сваёй працы» ўлады пакаралі вялікімі тэрмінамі супрацоўніц СМІ, зазначае «Вясна».

Галоўную рэдактарку і дырэктарку інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыну Леўшыну прыгаварылі да 4 гадоў калёніі за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня», журналістку Ірыну Слаўнікаву па тым жа артыкуле — да 5. Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Бахвалава (Андрэева) асуджаная агулам на 8 гадоў і 3 месяцы калёніі, у тым ліку за «здраду дзяржаве», былая журналістка Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна, якой інкрымінавалі «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», — на 8.

Жонку палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар'ю Лосік асудзілі да двух гадоў калёніі. Дарʼю абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за камэнтар у красавіку 2022 года «Белсату», прызнанаму ўладамі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Фігурантак «справы Аўтуховіча» 61-гадовую Галіну Дзербыш і 56-гадовую Вольгу Маёраву прыгаварылі да 20 гадоў зьняволеньня фактычна «за акты тэрарызму, якіх не было», гаворыцца ў дакумэнце.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што «з жанчынамі не ваюе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG