31 траўня пачнецца закрыты суд над Марыяй Усьпенскай, удавой забітага пры перастрэлцы зь сілавікамі праграміста Андрэя Зельцара. Як вынікае з удакладненьня на сайце суду, яе будуць судзіць як «асобу, якая зьдзейсьніла грамадзка небясьпечны ўчынак», заўважыла «Наша ніва».
Згодна з п.13 арт. 6 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі, такая фармулёўка выкарыстоўваецца, калі абвінавачанага судзяць за зьдзяйсьненьне ўчынку ў стане поўнай адсутнасьці памяці або калі ён захварэў пасьля зьдзяйсьненьня злачынства на псыхічны разлад.
У такіх выпадках выносіцца не прысуд, а пастанова з тэрмінамі лячэньня. Або, калі чалавек захварэў на псыхічны разлад пасьля затрыманьня, яго павінны будуць пераасудзіць пасьля таго, як ён ачуняе.
На пачатку сьнежня 2021-га стала вядома, што Марыя тры тыдні правяла ў Навінках — яе туды адпраўлялі, каб правесьці псыхіятрычную экспэртызу.
Судовы працэс будзе весьці судзьдзя Валянціна Зянькевіч. Марыю абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу.
У жанчыны ёсьць непаўналетні сын. Праваабаронцы прызналі яе палітычнай зьняволенай.
Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).