Выданьне «Позірк» атрымала копію ліста, адпраўленага Ірынай Леўшынай калегам, з апошнім словам, якое яна зьбіралася зачытаць на працэсе. Публікуем яго цалкам.
«Найперш хачу падзякаваць свайму абаронцу, які аргумэнтаваў маю невінаватасьць зь юрыдычнага пункту гледжаньня. Я ж хачу выказаць сваё чыста чалавечае стаўленьне да таго, што адбываецца.
Ужо больш за год я жыву ў сьледчым ізалятары. Ужо больш за год я назіраю, як рэдакцыю, у якой я прапрацавала амаль 30 гадоў, спрабуюць выставіць экстрэмісцкім фармаваньнем, а мяне — яго стваральнікам і кіраўніком. Гэта поўнае трызьненьне, але гэта ня дзіўна.
За апошнія паўтара года ў Беларусі зьнішчаныя дзясяткі сродкаў масавай інфармацыі, сотні журналістаў пазбавіліся працы або вымушаны былі зьехаць з краіны, баючыся крымінальнага перасьледу.
Зачысткі на інфармацыйным полі беспрэцэдэнтныя і неймаверныя для цывілізаванай дзяржавы ў XXI стагодзьдзі. Нехта відавочна пераблытаў прычынна-выніковыя сувязі, вырашыўшы зрабіць журналістаў адказнымі за падзеі, якія адбыліся ў нашай краіне ў 2020 годзе.
Вось толькі мы ні да чога не заклікалі, мы нічога не скажалі і не выдумлялі — рэальнасьць была круцейшая за любую выдумку. Упершыню за ўсе гады маёй працы нашыя журналісты вымушаныя былі працаваць у бронекамізэльках — таму што ў іх прыцэльна стралялі гумовымі кулямі і кідалі сьвятлашумавыя гранаты, гэтаму ёсьць дакумэнтальныя пацьверджаньні.
Мы асьвятлялі ўсё, што адбывалася на вуліцах нашых гарадоў, прычым асьвятлялі аб’ектыўна — расказвалі як пра зьбіцьцё мірных дэманстрантаў, так і пра траўмаваных сілавікоў, як пра шматтысячныя мітынгі Сьвятланы Ціханоўскай, так і пра шматлікія публічныя выступы Лукашэнкі.
Мне ставіцца ў віну публікацыя на сайтах БелаПАН артыкулаў аўтараў, чые меркаваньні не адпавядалі афіцыйным устаноўкам. Але хачу зьвярнуць вашу ўвагу на тое, што згодна з законам Рэспублікі Беларусь аб СМІ разнастайнасьць меркаваньняў — гэта адзін з асноўных прынцыпаў дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі. Цытую арт. 4 закона: «Сродкі масавай інфармацыі забясьпечваюць свабоднае выказваньне і распаўсюджваньне меркаваньняў і поглядаў у грамадзтве», цэнзура СМІ з боку дзяржаўных органаў не дапускаецца.
Ва ўсім сьвеце прэсу называюць «чацьвёртай уладай», таму што яна дапамагае выяўляць праблемы і слабыя месцы ў грамадзтве, а значыць — садзейнічае іх вырашэньню і ў выніку робіць жыцьцё людзей лепшым.
Але ў Беларусі, мяркуючы па ўсім, з журналістаў вырашылі зрабіць абслуговы пэрсанал. Струмень дэзынфармацыі, нянавісьці, абразаў, нізкапробнага падхалімажу, які льецца сёньня зь дзяржаўных тэлеканалаў і друкаваных СМІ, зашкальвае і не вытрымлівае ніякай крытыкі.
Раю праваахоўнікам паглядзець хаця б аўтарскую перадачу таго ж Рыгора Азаронка — там па кожным выпуску можна заводзіць справы адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: за паклёп, абразу, распальваньне нянавісьці.
Але не. У турмах сядзяць дзясяткі журналістаў менавіта недзяржаўных СМІ. Як быццам праўда бывае дзяржаўнай ці недзяржаўнай. Праўда — яна адна.
Я не прашу суд аб паблажлівасьці, яна мне не патрэбная. Бо я лічу сябе невінаватай. Я ганаруся тым, што столькі гадоў працавала ў крутой камандзе журналістаў і была іх галоўным рэдактарам. Я ганаруся тым, што тут і цяпер знаходжуся са сваімі так званымі «саўдзельнікамі» — сумленнымі, годнымі, разумнымі людзьмі: Андрэем Аляксандравым, Дзімам Наважылавым, Ірай Злобінай.
Яшчэ частку маіх калегаў вы маглі бачыць у судовым працэсе, яны выступалі ў якасьці сьведак. Яны былі падобныя да злачынцаў? Усе яны заяўлялі, што БелаПАН — гэта калектыў журналістаў, а не экстрэмістаў. Верыць ці не — гэта сфэра вашай адказнасьці, службовай і чалавечай.
Пра час, у які мы жывем, прынята казаць: лес сякуць — трэскі ляцяць. Толькі мы ня трэскі, мы жывыя людзі. Заклікаю вас задумацца над гэтым. А БелаПАН — ён вернецца ў Беларусь. Як і іншыя разгромленыя прафэсійныя СМІ. Пэрыяд цемрашальства пройдзе, як праходзіць усё благое.
Хваля барацьбы з іншадумствам схлыне, таму што ніхто ня мае права прымусіць мільёны людзей скакаць пад адну дудку, нават з дапамогай дубінаў ГУБАЗ і сфабрыкаваных крымінальных спраў.
Запыт грамадзтва на годнае, бясьпечнае жыцьцё, як і на якасную прафэсійную журналістыку, быў, ёсьць і будзе.
Дзяржабвінаваўца прапануе мне пажыць яшчэ некалькі гадоў у турме. Ну ок :) Сёньня там можна сустрэць мноства найдастойнейшых людзей: журналістаў, сацыёлягаў, філёзафаў, праваабаронцаў, лекараў, настаўнікаў, банкіраў, адвакатаў, былых сьледчых і нават пракурораў. А, скажам так, традыцыйныя крымінальнікі, гледзячы на нас, пачынаюць чытаць Салжаніцына і цікавіцца тэмай сталінскіх рэпрэсій. Вельмі своечасова і правільна, я лічу. Так што, па сутнасьці, я працягну працаваць журналістам: распаўсюджваць інфармацыю вусна. У любых умовах. Краты мяне ня спыняць, гэта дакладна. Як і маіх калег.
Падводзячы вынік, хачу сказаць: усё, што тут адбываецца, — гэта расправа зь БелаПАН за сумленную журналістыку, якая ў момант гістарычных пераменаў у нашай краіне раптам прыйшлася некаму не даспадобы».
6 кастрычніка судзьдзя Менскага абласнога суду Вячаслаў Тулейка вынес выракі:
- галоўнаму рэдактару і дырэктару БелаПАН Ірыне Леўшынай — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
- былому дырэктару выданьня Дзьмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- былому намесьніку дырэктара, мэдыямэнэджару Андрэю Аляксандраву — 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- жонцы Аляксандрава Ірыне Злобінай — 9 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
Таксама палітвязьням па «справе БелаПАН» прызначылі буйныя штрафы: з Аляксандрава патрабуюць 1000 базавых велічыняў (32 000 рублёў), са Злобінай — 800 базавых (25 600 рублёў), з Наважылава — 700 базавых (22 400 рублёў). Таксама ім забаронена займаць пэўныя пасады на працягу пяці гадоў, піша «Вясна».
Журналістаў прызналі вінаватымі ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» (Аляксандраў, Леўшына, Наважылаў), «здрадзе дзяржаве» (Аляксандраў, Злобіна), нявыплаце падаткаў (Аляксандраў, Наважылаў), падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках (Аляксандраў і Злобіна, якія аплачвалі штрафы ўдзельнікам пратэстаў).