Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіралі АК, стралялі, вывучалі ручныя гранаты, мералі парашуты. Як рэжым Лукашэнкі мілітарызуе дзяцей


Вайскоўцы наведалі дашкольнікаў у Жодзіна. Скрыншот зь відэа Мінабароны Беларусі
Вайскоўцы наведалі дашкольнікаў у Жодзіна. Скрыншот зь відэа Мінабароны Беларусі

На просьбу Свабоды ўплыў такіх мілітарысцкіх актыўнасьцяў на дзіцячую псыхіку пракамэнтаваў прафэсійны псыхоляг.

У апошнія дні для выхаванцаў дзіцячых садкоў і школ праводзілі шмат імпрэзаў, зьвязаных з вайскоўцамі. Гэта тлумачылі датай 23 лютага і 105-й гадавінай Узброеных сіл Беларусі. Дзецям пры гэтым дазвалялі трымаць зброю, зьбіраць аўтамат Калашнікава, страляць.

Паглядзелі, якія заняткі і экскурсіі праводзілі з выхаванцамі, і запыталіся ў псыхоляга, як такі ідэалягічны складнік у сыстэме адукацыі ўплывае на дзяцей.

Вайскоўцы наведваюць дашкольнікаў у Жодзіна. Скрыншот зь відэа Мінабароны РБ
Вайскоўцы наведваюць дашкольнікаў у Жодзіна. Скрыншот зь відэа Мінабароны РБ

Дашкольнікам паказалі вайсковую тэхніку і рыштунак

Дашкольнікі зь дзіцячага садка № 3 «Церамок» у Жодзіна наведалі вайскоўцаў 65-й аўтамабільнай брыгады. Як паведамляла вайсковае выданьне «Ваяр», дзеці пазнаёміліся з побытам вайскоўцаў і наведалі музэй транспартных войскаў. У той жа дзень вайскоўцы-аўтамабілісты таксама прыйшлі ў «Церамок», паведамляла прэс-службы Мінабароны.

Вайскоўцы наведалі дашкольнікаў у Жодзіна. Скрыншот зь відэа Мінабароны РБ
Вайскоўцы наведалі дашкольнікаў у Жодзіна. Скрыншот зь відэа Мінабароны РБ

«Вайскоўцы расказалі дзецям пра Ўзброеныя сілы, вайсковую службу і падрыхтавалі для дзяцей розныя актыўнасьці», — пісала ведамства.

Дашкольнікі зь дзіцячага садка пасёлка Сапоцкін Горадзенскага раёну 23 лютага наведалі памежную заставу «Сонічы» на мяжы з Польшчай. Дзеці павіншавалі вайскоўцаў, супрацоўнікі садка падарылі памежнікам пірагі.

Дашкольнікі з Горадзенскага раёну наведалі памежную заставу
Дашкольнікі з Горадзенскага раёну наведалі памежную заставу

Прадстаўнік заставы расказаў дашкольнікам, як памежнікі заступаюць на баявое дзяжурства, паказаў, як тыя жывуць на заставе. Выхаванцам садка прадэманстравалі віды вайсковай тэхнікі, рыштунку і зброі. Дзецям дазволілі ня толькі глядзець, але і патрымаць у руках «прадстаўленыя ўзоры», піша аддзел адукацыі Горадзенскага аблвыканкаму.

Школьнікі зьбіралі і разьбіралі аўтамат Калашнікава

Выхаванцы комплекснай навучальнай установы Барысаўскага раёну ў вёсцы Ганцавічы, які наведваюць і школьнікі, і дашкольнікі, езьдзілі на экскурсію ў гвардзейскі цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў у Барысаве.

«У вайсковай частцы арганізавалі вучэбныя месцы, на якіх госьці патрэнаваліся ў разьбіраньні-зьбіраньні АК-74», — піша «Ваяр».

Узросту дзяцей не ўдакладнілі.

Падобны ўрок вайскоўцы правялі для вучняў вёскі Дзераўная Слонімскага раёну. Дзеці мералі на сябе вайсковы рыштунак, вывучалі мэханізм ручных гранат і аўтамата Калашнікава, трэнаваліся зьбіраць і разьбіраць вучэбную зброю, зараджаць патроны ў магазын, піша «Ваяр».

Школьнікаў з Барысаўскага раёна ня толькі правялі па вайсковай частцы з экскурсіяй, але і «пачаставалі смачнай салдацкай кашай і гарачай гарбатай».

Берасьцейскую дэсантна-штурмавую брыгаду нядаўна наведалі больш за 550 навучэнцаў Берасьцейскай вобласьці. У праграме было ня толькі знаёмства з вайсковай тэхнікай, але і прымерка парашутаў.

У палку сувязі ў Горадні ў межах прафарыентацыі школьнікам дазволілі пастраляць у ціры.

«Падрастаючае пакаленьне патрыётаў» з Нароўлі і Менску, як іх акрэсьліла дзяржаўнае выданьне, наведала супрацьмінны цэнтар. Дзецям прапанавалі пафатаграфавацца на фоне маскавальнай сеткі.

Камэнтар псыхоляга: «Мы маем сытуацыю выкарыстаньня дзяцей з боку дзяржавы ў сваіх мэтах»

Псыхоляг Натальля Станкевіч расказала, як на дзяцей уплываюць ідэалягічныя «клясныя гадзіны» і экскурсіі да вайскоўцаў.

«У тым выглядзе, як гэтая практыка існуе цяпер, яна абсалютна агідная і непрымальная. Але небясьпека ад яе крыецца не зусім там, дзе звычайна думаюць людзі», — мяркуе спэцыялістка.

Яна сьцьвярджае, што ўплыў прапагандысцкіх мерапрыемстваў на дзіцячы розум даволі абмежаваны. Калі вядзецца пра падлеткаў, то яны ўвогуле пераасэнсоўваюць сваю сыстэму каштоўнасьцяў, у іх у адно вуха ўляцела, у другое вылецела. Калі гэта маленькія дзеці, тлумачыць псыхоляг, то для іх думка бацькоў, іхная пазыцыя значна важнейшыя, чым чыясьці яшчэ.

Што датычыць дзяцей і зброі або, шырэй, агрэсіі, то псыхоляг мяркуе, што ня варта дарослым баяцца даваць дзецям цацачную зброю або дазваляць ім гуляць у «вайнушку».

«Агрэсія — гэта нармальны складнік нашага жыцьця. Агрэсія — гэта ня толькі пра гнеў, ня толькі пра тое, што хтосьці кагосьці пакрыўдзіў. Агрэсія таксама пра канкурэнцыю. Калі вы ўдзельнічаеце ў конкурсе і жадаеце перамагчы — гэта агрэсіўнасьць. Яна ляжыць у аснове ўменьня дабівацца сваёй мэты. Зрэшты, нават гнеў — нармальная эмоцыя, якая падказвае, што нашыя межы парушылі», — разважае экспэртка.

Таму, на ейную думку, варта вучыць дзяцей дзяцей кіраваць эмоцыямі, у тым ліку гневам, вучыць выкарыстоўваць сілу, каб клапаціцца пра іншых, каб дасягаць сваіх мэтаў, а не каб крыўдзіць.

«У самім факце таго, што дзіця патрымае ў руках незараджаную зброю, паглядзіць на вайскоўцаў і нават, магчыма, зацікавіцца іхным ладам жыцьця, няма нічога страшнага. Вайскоўцы — гэта такая ж прафэсія, як іншыя», — разважае Натальля Станкевіч.

На ейную думку, ідэалягічныя клясныя гадзіны непрымальныя зь іншай прычыны.

«Мы маем тут сытуацыю выкарыстаньня дзяцей з боку дзяржавы ў сваіх мэтах. Дзяцей спрабуюць зрабіць пешкамі ў гульні палітыкаў, ідэолягаў і рэжыму ў цэлым. Адначасова дзеці становяцца закладнікамі ў барацьбе дзяржавы і сям’і: ня пойдзеш на экскурсію — выклічам на раду прафіляктыкі, сямʼёй зоймецца служба апекі», — працягвае яна.

Такая сытуацыя, паводле спэцыяліста, зьвязвае бацькам рукі. Ім цяжэй вырашыць, як размаўляць зь дзецьмі, калі дома адна пазыцыя, а ў школе іншая, як не забараняць дзіцяці свабодна выказвацца, але пры гэтым яму не нашкодзіць з такой сыстэмай адукацыі.

«Вось гэта дзяцей траўмуе вельмі моцна — бачыць бездапаможнасьць сваіх дарослых. Вось пра гэта варта і размаўляць, і думаць, што з гэтым рабіць. Бо беларускія бацькі, папраўдзе, пачуваюцца ў пастцы: як не падставіць дзіця і сямʼю на небясьпеку, а з другога боку — не прадаць сумленьне», — падсумоўвае Натальля. Яна прапаноўвае крокі для вырашэньня гэтай дылемы.

Па-першае, раіць размаўляць зь дзецьмі пра тое, што адбываецца, як дарослыя адчуваюць сябе ў гэтай сытуацыі са школай, з прапагандай, з візытамі да вайскоўцаў.

Па-другое, яна прапануе ставіцца да дзіцяці як да свайго партнэра ў вырашэньні праблемы, а не як да аб’екта, якому трэба расказаць, што ён павінен зрабіць. Тут дапамогуць пытаньні. Што дзіця думае пра тое, што гавораць у школе пра паездку да вайскоўцаў, пра тое, што дома кажуць адно, а ў школе іншае? Як яно само думае, як варта зрабіць у тым ці іншым выпадку?

Па-трэцяе, спэцыялістка раіць заставацца гнуткімі.

«Можа, у адной сытуацыі трэба паводзіць сябе так, а ў іншай гэтак; можа, штосьці памяняецца з часам, з абставінамі; рашэньне, слушнае сёньня, заўтра можа стацца неактуальным. Гэта няпроста, аднак толькі такая гнуткасьць, магчымасьць адаптацыі, дапамагае ператрываць складаныя часы», — падсумоўвае Натальля Станкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG