Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся вучэньні ў фармаваньні тэрытарыяльных войскаў Беларусі


Беларускія вайскоўцы, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Беларускія вайскоўцы, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Вучэньні праводзяць абласныя і Менскі гарадзкі выканаўчыя камітэты з 28 лютага па 3 сакавіка, паведамляе Міністэрства абароны Беларусі.

Паводле Мінабароны, яны накіраваныя на «павышэньне ўзроўню падрыхтаванасьці і зладжанасьці органаў кіраваньня тэрытарыяльнай абаронай да фармаваньня тэрытарыяльных войскаў».

На працягу чатырох дзён ва ўсіх адміністрацыйных раёнах правядуць тэарэтычныя і практычныя заняткі са службовымі асобамі выканкамаў і вайсковых камісарыятаў, адміністрацый пунктаў прыёму мабілізацыйных рэсурсаў, пройдуць праверкі наяўнасьці і ўмоваў захоўваньня наяўных запасаў матэрыяльных сродкаў.

Падчас вучэньняў асаблівую ўвагу нададуць падрыхтоўцы вайсковаабавязаных, якім на працягу аднадзённага збору раскажуць асновы і парадак дзеяньняў падчас фармаваньня тэрытарыяльных войскаў.

Вучэньні праходзяць у адпаведнасьці з плянам падрыхтоўкі Ўзброеных сіл у 2023 годзе, адзначае Мінабароны Беларусі.

  • З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова далучыцца да расейскай агрэсіі ва Ўкраіне ў выпадку вайсковага інцыдэнту на мяжы і ўварваньня ўкраінскіх салдатаў на беларускую тэрыторыю.
  • У лютым 2023 году ўрад Беларусі падрыхтаваў законапраект «Аб народным апалчэньні» — як заявіў Лукашэнка, гэта зроблена з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу». У выпадку ваенных дзеяньняў, паводле Лукашэнкі, атрады народнага апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвай для тэрытарыяльнай абароны». У народнае апалчэньне могуць увайсьці 100-150 тысяч чалавек, паведаміў міністар абароны Віктар Хрэнін, пры гэтым ён ня выключыў, што добраахвотнікаў можа быць болей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG