Як заявіла афіцыйная прадстаўніца Мінабароны Беларусі Іна Гарбачова газэце «СБ. Беларусь сегодня», ведамства цяпер працуе над праектам закону «Аб народным апалчэньні», якое, паводле яе, будзе складовай часткай тэрытарыяльнай абароны.
«Плянуецца прыцягваць паўналетніх грамадзян нашай краіны, не прыдатных да вайсковай службы або да тэрытарыяльнай абароны па стане здароўя, але тых, хто ня мае перашкод да прымяненьня зброі. На бязвыплатнай аснове, з уласнай ініцыятывы».
На пытаньне, чым зоймецца апалчэньне, яна адказала:
«Падразьдзяленьні ствараюцца для вырашэньня другарадных задач у месцах, якія не прадугледжваюць дзеяньняў рэгулярных войскаў і сіл тэрытарыяльнай абароны, на аснове існых рэсурсаў і чалавечых магчымасьцяў адпаведных тэрытарыяльных адзінак — вёсак, пасёлкаў, вёсак, гарадоў. Упраўленьне ажыцьцяўляецца мясцовымі органамі ўлады. Народнае апалчэньне прызначана для:
- аховы грамадзкага парадку і садзейнічаньня ўчастковым інспэктарам міліцыі;
- абароны ўласнасьці ад марадэрства і іншых супрацьпраўных замахаў;
- забесьпячэньня камэнданцкага часу і абмежаваньня руху транспартных сродкаў;
- вядзеньня выведкі, выяўленьня калябарантаў, шпіёнаў і дывэрсантаў».
Наконт зброі у Мінабароны расказалі:
«Узбраеньне атрадаў апалчэньня, як правіла, уключае толькі стралковую зброю, засваеньне якой не выклікае складанасьцяў».
27 траўня кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка паставіў задачу стварыць народнае апалчэньне, і «для гэтага ёсьць і людзі, і ўзбраеньні».
Паводле Хрэніна, у цяперашняй «няпростай ваенна-палітычнай абстаноўцы, якая складваецца вакол Беларусі», тэрытарыяльная абарона «можа аказаць вырашальнае дзеяньне ва ўзброеным канфлікце».
3 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка расказаў, якім бачыць народнае апалчэньне.
На думку Лукашэнкі, гэта павінны быць групы прыкладна з 50 чалавек пры кожным сельсавеце, навучаныя валоданьню асноўнай зброяй.
«Аднак бескантрольнай раздачы зброі, як гэта здарылася ва Ўкраіне, быць не павінна, — заявіў Лукашэнка. — Усе нашы тэрытарыялы прыпісаныя, арганізаваныя ў палкі, батальёны. Мы ведаем прозьвішчы, усе іхныя дадзеныя. І зброя для іх нарыхтаваная — на кожны раён, кожны батальён».