Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі падрыхтаваў законапраект «Аб народным апалчэньні» на выпадак ваенных дзеяньняў

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

20 лютага сабралі пасяджэньне Савету бясьпекі Беларусі, на якім разглядаюць зьмены ў Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі 2010 году і стварэньне народнага апалчэньня.

За некалькі дзён да першай гадавіны поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, Аляксандар Лукашэнка сабраў Савет бясьпекі, каб абмеркаваць абноўленую канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі і законапраект «Аб народным апалчэньні».

У народнае апалчэньне могуць увайсьці 100-150 тысяч чалавек, паведаміў міністар абароны Віктар Хрэнін па выніках паседжаньня. Пры гэтым ён ня выключыў, што добраахвотнікаў можа быць болей.

На паседжаньні Савету бясьпекі 20 лютага Лукашэнка назваў прычыну стварэньня народнага апалчэньня ў Беларусі.

Паводле яго, для забесьпячэньня спакойнага функцыянаваньня дзяржаўных органаў і арганізацый, аб’ектаў эканомікі, інфраструктуры Беларусі ва ўмовах ваеннага часу створаны тэрытарыяльныя войскі. Іншыя сілавыя органы ў рамках кампэтэнцыі вырашаюць таксама задачы па забесьпячэньні абароны дзяржавы, зазначыў ён.

«У нашай дзяржаве выбудавана эфэктыўная сыстэма абароны дзяржавы. Яе аснова — Узброеныя сілы. Менавіта яны вырашаюць найбольш важныя задачы, якія патрабуюць канцэнтрацыі ўсіх намаганьняў дзяржавы ў яе абароне».

3 чэрвеня мінулага году Лукашэнка заявіў, што з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу» ён прыняў рашэньне «на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець вось гэтае народнае апалчэньне, гэтую групку людзей».

У выпадку ваенных дзеяньняў, паводле Лукашэнкі, атрады народнага апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвай для тэрытарыяльнай абароны».

21 кастрычніка на агульнавайсковым палігоне Обуз-Лясноўскі (Берасьцейшчына) Лукашэнка падкрэсьліў асаблівую важнасьць для Беларусі тэрытарыяльнай абароны і народнага апалчэньня.

«Гэта значыць, кожны павінен умець ваяваць, страляць. У мяне і ў сям’і такі падыход, нягледзячы на тое, што я прэзыдэнт. Мае дзеці ўсе вайскоўцы. І нават меншы. Яны рыхтуюцца сябе абараніць, і ня толькі сябе — краіну трэба абараняць», — сказаў ён.

Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі

Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі Беларусі будзе абноўленая больш як на 70%, паведаміў дзяржсакратар Савета бясьпекі Аляксандр Вольфавіч дзяржаўным СМІ па выніках пасяджэньня Савета бясьпекі 20 лютага.

«Актуальнасьць абнаўленьня дзейнай больш за 12 гадоў канцэпцыі выкліканае зьменамі сусьветнай ваенна-палітычнай абстаноўкі, якія адбыліся за гэты прамежак часу, барацьбой паміж Захадам і Усходам, а таксама тымі новымі рызыкамі, выклікамі і пагрозамі, якія апошнім часам зьявіліся і ўплываюць на нацыянальную бясьпеку, у тым ліку і Беларусі», — заявіў ён.

Вальфовіч адзначыў зьмены, якія закранулі паняцьце «нацыянальнай бясьпекі». Яго дапаўняюць «такой асноватворнай тэзай, як стан абароненасьці нацыянальных інтарэсаў у мэтах устойлівага разьвіцьця грамадзтва».

Сярод «нацыянальных інтарэсаў» прапанавана прапісаць палажэньні аб «згодзе ў грамадзтве, непахіснасьці асноў народаўладзьдзя і прававой дзяржавы».

У сьвятле пандэміі каранавірусу ў канцэпцыі зьявіцца вызначэньне «біялягічнай бясьпекі», дадаў ён. Паводле Вальфовіча, на зьяўленьне новага пункту паўплывала вайна ва Ўкраіне «і зьяўленьне біялябараторый на тэрыторыі Ўкраіны, ды і ўсёй постсавецкай прасторы».

Вальфовіч дадаў, што ў праекце абноўленай канцэпцыі «зьявілася новае паняцьце электаральнага сувэрэнітэту — гэта неад’емнае права незалежнай дзяржавы самастойна, без умяшаньня звонку праводзіць выбары і рэфэрэндумы».

Новая канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі будзе зацьверджана Ўсебеларускім народным сходам, заявіў Аляксандар Лукашэнка на пасяджэньні Савета бясьпекі.

Цяперашняя Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі была зацьверджана ў 2010 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG