Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб не падвяргаць рызыцы простых беларусаў, амбасада Ўкраіны ў Менску запрасіла на імпрэзу з нагоды гадавіны вайны толькі дыпляматаў


Пра гэта паведаміў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

«Мы наўмысна абмежавалі ўдзельнікаў мерапрыемства прадстаўнікамі дыпкорпусу, каб яны не падвяргаць рызыцы простых беларусаў, дэманстрацыя падтрымкі якіх Украіны ў гэтай вайне супраць Расеі сёньня, мякка кажучы, не вітаецца мясцовымі ўладамі. Хаця некаторыя ўсё ж ужо раніцай прыносяць кветкі да амбасады, а таксама завязваюць сіне-жоўтыя стужкі на плот. Уласна гэта паслужыла прыкладам і заахвоціла дыпляматаў зрабіць тое ж самае. Дзякуй сябры! Разам да перамогі! Слава Ўкраіне!!!» — напісаў Ігар Кізім у Фэйсбуку.

Як паведамляе прэс-служба амбасады, Ігар Кізім у сваім выступе падчас імпрэзы падкрэсьліў, што ўгодкі неапраўданай эскаляцыі, распачатай у 2014 годзе ўзброенай агрэсіі Расеі, увойдуць у гісторыю ўкраінскага народа як пачатак самай трагічнай старонкі ў сучаснай гісторыі Ўкраіны.

Паводле Ігара Кізіма, у сьвеце няма краіны і народа, якія хацелі б міру больш, чым Украіна, але Ўкраіна ня можа прыняць умовы мірнага пагадненьня, пры якіх яна павінна пагадзіцца на акупацыю сваіх тэрыторый, таму яна будзе працягваць змагацца за сваю свабоду і незалежнасьць.

Амбасадар асобна падкрэсьліў важнасьць адзінства з Украінай дэмакратычных краінаў сьвету, што «зьяўляецца ключом да нашай сумеснай перамогі над пуцінскім рэжымам».

Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць ахвяраў расейскай агрэсіі. Са словамі падтрымкі выступілі часовая павераная ў справах ЭЗ Эвеліна Шульц, пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі, прадстаўнік упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў Эрол Ардуч, кіраўнікі дыпмісій Швэцыі, Польшчы, Турэччыны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Японіі, Ізраіля ды інш. Эвеліна Шульц запаліла сымбалічную сьвечку памяці.

Таксама прысутныя азнаёміліся з фотавыставай, прысьвечанай вайне,, якую арганізавала амбасада, і паглядзелі кадры дакумэнтальных фільмаў аб першых днях расейскага ўварваньня.

Пасьля завяршэньня імпрэзы дыпляматы павязалі на ўваходзе ў амбасаду жоўта-блакітную стужку ў знак салідарнасьці з Украінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG