Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўжо ня лічыць, што Польшча і краіны Балтыі здольныя ўцягнуць Беларусь у вайну


Аляксандар Лукашэнка на нарадзе зь сілавікамі
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе зь сілавікамі

Пра гэта Лукашэнка заявіў у інтэрвію кітайскім мэдыя.

«Пакуль, як апошнія дні паказалі, ні з тэрыторыі Польшчы, ні з тэрыторыі Літвы, тым больш Украіны канцэнтрацыі войскаў для таго, каб уцягнуць нас у вайну, мы не заўважаем. Мы гэта станоўча ацэньваем», — цытуе Лукашэнку агенцтва БЕЛТА.

Разам з тым ён падкрэсьліў, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі з тэрыторыі Ўкраіны вайна набудзе зусім іншы характар.

«Мы ня хочам ніякай вайны. Тым больш украінцы, людзі, народ украінскі — гэта не чужыя нам людзі. Гэта родныя нам людзі. Нават мае продкі недзе там ва Ўкраіне нарадзіліся паміж Чарнігавам і Кіевам. Гэта ўжо з асабістага. Таму мы абсалютна не зьбіраемся нападаць на Ўкраіну. Але, ня дай Бог, з тэрыторыі Ўкраіны будзе ўчыненая агрэсія ў дачыненьні да беларускай дзяржавы — мы вымушаныя будзем адказваць. І я ўпэўнены, што тут мы падтрымку атрымаем усёй сусьветнай супольнасьці, у тым ліку і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Калі супраць нас будзе ўчыненая агрэсія», — заявіў Лукашэнка ў інтэрвію кітайскім СМІ.

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб плянах Польшчы і краін Балтыі, а таксама Ўкраіны, напасьці на Беларусь. Ён казаў, што беларуская армія дапамагае Расеі, стрымліваючы «ўдар у сьпіну» з боку Захаду. У кастрычніку КДБ і Мінабароны Беларусі заявілі, што ў лістападзе чакаецца атака з Украіны на Маларыту. Лукашэнка тады ж заявіў аб разгортваньні супольнай з Расеяй групоўкі войскаў. У Беларусь прыбылі тысячы расейскіх салдатаў. Расейскі бок абгрунтаваў гэта занепакоенасьцю Лукашэнкі пагрозай з Захаду, а сам Лукашэнка патлумачыў стварэньне групоўкі «абвастрэньнем на заходніх межах саюзнай дзяржавы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG