Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка спрабуе спалучыць ролі голуба міру і ваеннага саюзьніка Крамля», — Аляксандар Класкоўскі


«Дзень прызыўніка» ў цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі Першамайскага раёну Менск. 16 сакавіка 2022 г.. Ілюстрацыйнае фота.
«Дзень прызыўніка» ў цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі Першамайскага раёну Менск. 16 сакавіка 2022 г.. Ілюстрацыйнае фота.

Якія высновы можна зрабіць з прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі? Ці пашлюць беларусаў ваяваць? Што азначаюць яго словы пра магчымасьць міру, заключанага з удзелам украінскіх вайскоўцаў? Навошта ён запрасіў у Менск Джо Байдэна?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць Юры Дракахруст і палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандар Класкоўскі.



Сьцісла

  • Лукашэнка спрабуе спалучыць ролі голуба міру і ваеннага саюзьніка Крамля.
  • Я не падзяляю вэрсію, што Пуцін выкручвае Лукашэнку рукі, каб пасылаў беларускую армію на вайну.
  • Лукашэнка паказвае, што ўсімі фібрамі душы імкнецца да дыялёгу з Захадам, статус суагрэсара для яго некамфортны.
  • Лукашэнка хацеў бы, каб да яго ізноў езьдзілі «прыстойныя людзі» з Захаду.
  • Мае месца закулісная гульня Кіева і Менску. Кіеў Лукашэнку ня надта давярае, разумеючы яго залежнасьць ад Масквы, але спрабуе зь ім гуляць.
  • Лукашэнка настальгуе па часах, калі ён выконваў ролю міратворца.


— 16 лютага Аляксандар Лукашэнка даў працяглую прэсавую канфэрэнцыю для замежных журналістаў. Падчас яе ён, у прыватнасьці, заявіў: «Я гатовы разам з расейцамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі ў адным пакуль выпадку: калі адтуль з Украіны хоць адзін салдат са стрэльбай прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей». Замежныя журналісты рэгулярна задаюць беларускім экспэртам пытаньне: ці пашле Лукашэнка беларускае войска ў бой? Зь ягоных словаў, сказаных сёньня, ці стаў больш зразумелым адказ на гэтае пытаньне?

— Ляйтматыў сёньняшніх заяваў Лукашэнкі — гэта заклікі да міру і жаданьне ўплішчыцца ў гэтыя мірныя перамовы. Ён вельмі моцна залежыць ад Крамля і мусіць дэманстраваць хаўрусьніцтва. Ён апраўдвае гэта «агрэсіўнасьцю» Ўкраіны. Сёньня ён ізноў паўтарыў сваю тэзу, якая стала мэмам, што перад 24 лютага 2022 году Ўкраіна нібыта зьбіралася атакаваць Беларусь. Хоць мы бачым, што Ўкраіна нават цяпер усяляк пазьбягае адкрыцьця другога фронту і танцуе перад Лукашэнкам. Лукашэнка спрабуе спалучыць ролі голуба міру і ваеннага саюзьніка Крамля.

Пры гэтым усе разумеюць, што калі Пуцін прыме рашэньне аб новым удары па Ўкраіне зь беларускай тэрыторыі, то Лукашэнка ня зможа яму адмовіць. І гэта падсякае ўсе яго піруэты наконт таго, які ён вялікі міратворац. Бо тым самым ён пацьвярджае ролю марыянэткі, зь якой няма пра што гаварыць.

Лукашэнка падкрэсьліў, што кіне сваю армію на фронт толькі ў выпадку, калі будзе ўкраінская агрэсія. Я мяркую, што гэта адлюстроўвае яго дамоўленасьці з Пуціным: пакуль што Крэмль ня будзе штурхаць Лукашэнку ў плечы, каб ён пасылаў сваіх салдатаў на вайну. Я не падзяляю вэрсію, што Пуцін выкручвае Лукашэнку рукі, каб ён пасылаў беларускую армію на вайну.

— Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў: «Краіна Беларусь ужо даўно акупаваная Расейскай Фэдэрацыяй. Гэта даказаны факт. Лукашэнка, як можа, упіраецца, каб яго не прымусілі браць актыўны, прамы ўдзел у вайне супраць нашага народу. Я думаю, што ў пятніцу будзе яшчэ адна сустрэча, калі Лукашэнку будуць прымушаць памяняць свой пункт гледжаньня». У пятніцу адбудзецца чарговая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным.
Пасьля прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі прагноз Данілава вам падаецца больш ці менш імаверным?


— Падчас прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка выглядаў даволі ўпэўненым. Я б адзначыў яшчэ адну яго заяву — што беларусам ня варта баяцца мабілізацыі. Калі заўтра Пуцін яму выкруціць рукі, то ён можа і памяняць пазыцыю, раскажа чарговы раз, «адкуль Украіна рыхтавала напад на Беларусь», і пра тое, што «шчоўкае ікламі Польшча — гіена Эўропы».

Але я вярнуся да сваёй высновы: ну, не падобна, што Пуцін сёньня на нажах з Лукашэнкам. У сьнежні, калі Пуцін зьбіраўся ў Менск, многія экспэрты казалі, што цяпер ён ужо напэўна дацісьне Лукашэнку. Нават калі яны пра нешта дамовяцца, яны не такія дурні, каб пра гэта трубіць. Калі сьцягваньне сілаў на мяжы з Украінай будзе адбывацца, то гэта ўсё будзе адсочана загадзя.

Калі былі рэальныя канфлікты паміж Лукашэнкам і Пуціным, дык яны траплялі і ў публічную сфэру. Сёньня Лукашэнка прыгадваў часы, калі ў Менск прыляталі буйныя дзеячы амэрыканскай адміністрацыі Майк Пампэо і Джон Болтан, паводле Лукашэнкі — «прыстойныя людзі». Яму хочацца, каб такія «прыстойныя людзі» і цяпер прыляталі да яго.

— Ну, вось вугорскі міністар прыехаў.

— Міністар — так, прыехаў. Дарэчы, не сустрэўся з Лукашэнкам. Мо і не рызыкнуў. Бо гэта, кажучы сучасным моладзевым слэнгам, «зашкварна» нават для цяперашняга Будапэшту. Лукашэнка паказвае, што ўсімі фібрамі душы імкнецца да дыялёгу з Захадам, статус суагрэсара для яго некамфортны, і прывід Гаагі не дае спакою. Але, як той казаў, рады б у рай, ды грахі не пускаюць. Ён ня можа запатрабаваць ад Пуціна, каб той вывеў зь Беларусі свае войскі. Ён ня можа выпусьціць палітвязьняў, хоць сёньня на гэтую тэму таксама выказваўся.

Пуцін у сьнежні прылятаў у Менск, ён дае Лукашэнку вялікія льготы — і газ танны на тры гады даў, і па нафтапрадуктах яны пагадненьне падпісалі. Прычал у Бронцы пад Пецярбургам аддаюць Беларусі. І грошы даюць, і рэструктурызуюць крэдыты. З усяго гэтага не вынікае, што Пуцін цісьне на Лукашэнку. Лукашэнка хацеў бы, каб да яго ізноў езьдзілі «прыстойныя людзі» з Захаду. Але вышэй за галаву ня скокнеш. Ён па самыя вушы ўлез у агрэсію. Але спрабуе «прадаць» тое, што яго войска не ваюе.

— Яшчэ адна цікавая агаворка. Ён увесь час бэсьціў Зяленскага, маўляў, той ня хоча міру, дакладней, слухаецца амэрыканцаў, якія, паводле Лукашэнкі, міру ня хочуць. І Лукашэнка сказаў пра Зяленскага: «Паставіўшы папярэднія ўмовы, тыпу сыходзьце з тэрыторыі, якую вы захапілі, — быццам бы справядліва, але ў дадзеным выпадку гэта гаворыць пра тое, што яны не жадаюць сядаць за стол перамоваў». Патрабаваць сыходу з захопленых тэрыторыяў — гэта «быццам бы справядліва». Мяне зьдзівіла, што ніхто не спытаў Лукашэнку пра яго стаўленьне да анэксіі Расеяй чатырох вобласьцяў Украіны. А сам ён выдаў такую вось двухсэнсоўную формулу.

— Чаму Лукашэнка адмаўляецца прызнаваць нават Крым Расеяй? Таму што ў выпадку прызнаньня — гэта частка саюзнай дзяржавы. І тады Крэмль можа патрабаваць ад Менску супольна абараняць саюзную дзяржаву ад украінскага «агрэсара».

Іншая прычына ў тым, што ва Ўкраіны зь Менскам ідзе складаная гульня. Мы ведаем гэтыя зьлівы, што Кіеў лабіяваў неўключэньне Беларусі ў 9-ы санкцыйны пакет ЭЗ. У тым жа рэчышчы — нежаданьне Ўкраіны кантактаваць зь Ціханоўскай. Была агучаная інфармацыя, што Зяленскі прапаноўваў Лукашэнку пакт аб ненападзе.

Ёсьць гэтая закулісная дыпляматыя, у Лукашэнкі ёсьць пэўныя абяцаньні Кіеву. Кіеў яму ня надта давярае, разумеючы яго залежнасьць ад Масквы, але спрабуе зь ім гуляць. І Лукашэнка гэтую гульню падтрымлівае. Ён спрабуе прайсьці сухім паміж кропелькамі дажджу.

— Падчас прэсавай канфэрэнцыі прагучаў цэлы набор дзіўных заяваў. Гэта і спадзеў, што можна заключыць мірнае пагадненьне з украінскімі вайскоўцамі праз галаву Зяленскага, і запрашэньне ў Менск прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, і мэгаляманічныя прапановы Эўропе заключыць саюз з Расеяй. Дзеля чаго ён гэта гаворыць?

— Заява пра саюз Эўропы з Расеяй — гэта водгук старой ідэі Эўропы ад Лісабона да Ўладзівастоку. Варта сказаць, што Эўропа шмат гадоў, сапраўды, гуляла з Расеяй, і цяпер асобныя лідэры спрабуюць у гэта гуляць. Але ж Масква сама ўсё пусьціла пад адхон — спачатку захопам Крыму, потым леташняй агрэсіяй. Але паўтару: Лукашэнка настальгуе па часах, калі ён выконваў ролю міратворца.

Словы пра ўкраінскіх вайскоўцаў, якія могуць пайсьці на перамовы хутчэй за Зяленскага, — гэта спроба ўбіць клін ва ўкраінскую эліту. Што да запрашэньня Байдэна, то Лукашэнка сам агаварыўся, што ня верыць у гэты візыт. Гэта зноў жа настальгія па ранейшых часах. Ён там узгадаў і пра менскія перамовы 2015 году, сказаў, што сёньня Мэркель і Алянд хлусяць пра тыя перамовы. Але ён думае зь цеплынёй пра тыя часы, калі «каву вёдрамі падносіў» перамоўшчыкам.

Дарэчы, як паведаміў былы дыплямат Павал Сьлюнькін, Лукашэнка тады таксама хацеў уплішчыцца за стол перамоваў, але яго не пусьцілі. Але і з тагачаснага «падносу кавы» ён зьняў добрыя дыпляматычныя і палітычныя вяршкі.

— А якая матывацыя гэтых заяваў пра Байдэна і саюз Эўропы з РФ? Гэта проста вынік неразуменьня матывацыяў заходніх грамадзтваў, палітычных клясаў, ці гэта задавальненьне свайго славалюбства, ці гэта дымавая заслона, каб утрымаць руку Пуціна, каб той не загадаў ваяваць? І, можа, гэта такі сыгнал заходнікам: я ж такім чынам гіпнатызую гэтую маскоўскую кобру, каб яна ня кінулася? І на мяне, і на вас.

— Я думаю, што тут сумесь матываў. Ён і гэтую крамлёўскую «кобру» спрабуе загіпнатызаваць. Ён і на Захад спрабуе вуды закінуць. Ёсьць і неразуменьне, як на Захадзе працуюць усе гэтыя мэханізмы. Ён закладнік мітаў уласнай прапаганды. Ён жа і сам верыць, што палякі ў школах вучаць дзяцей па мапах, на якіх палова Беларусі — гэта Польшча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG