Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна — чужая, а Расея — не. Пяць урокаў вайны для беларусаў


Поўнамаштабная вайна, якую Расея пачала супраць Украіны год таму, дала беларусам некалькі важных урокаў — і пра сьвет, у якім мы жывём, і пра нас саміх.

Пра гэта піша ў сваёй калёнцы на партале «Зеркало» Юры Дракахруст.

Урок першы — пра Расею

Расея — небясьпечная краіна. Калі яна лічыць, што закранутыя яе інтарэсы, яна іх адстойвае любой цаной і ня лічыцца ні зь якімі выдаткамі. Пры вызначэньні сваіх інтарэсаў інтарэсы суседніх і далёкіх краінаў і народаў яна пад увагу не бярэ.

Зрэшты, поўнай нечаканасьцю для беларусаў гэта ня стала. У 2020 годзе Крэмль аказаў усебаковую падтрымку Аляксандру Лукашэнку ў яго супрацьстаяньні пратэстам. Уладзімір Пуцін стварыў тады сілавую рэзэрву для аказаньня дапамогі беларускаму рэжыму на выпадак больш сур’ёзнага павароту падзей.

Дарэчы, летась у чэрвені, у разгар вайны, кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што ў 2020 годзе Масква ў Беларусі не спынілася б ні перад чым. Паводле яго, у 2020-м «Расея неадкладна аказала палітычную і маральную падтрымку і была гатовая аказаць любую іншую падтрымку для недапушчэньня дзяржаўнага перавароту».

Гэтую акалічнасьць трэба ўлічваць і ў рэтраспэктыўных ацэнках магчымых зыходаў пратэстаў 2020 году, і на будучыню. Больш рашучы пратэст тады выклікаў бы збройнае ўварваньне Расеі — тое, што яна ўчыніла ў лютым 2022 году адносна Ўкраіны, здарылася б адносна Беларусі ў 2020 годзе. Магчыма, у народным разуменьні гэтага — адно з тлумачэньняў выразна мірнага характару тых беларускіх пратэстаў. Беларусы пратэставалі з кветкамі і здымалі абутак, становячыся на лаўкі, акрамя ўсяго іншага і таму, што адчувалі: у адказ на іншыя дзеяньні прыйдуць расейцы і будуць страляць.

Гэта ўрок і на будучыню. Калі толькі палітычная воля Расеі падчас вайны ня будзе аслабленая дашчэнту, яна ў выпадку паўтарэньня ў Беларусі падзей 2020 году будзе дзейнічаць гэтак жа, як гатовая была дзейнічаць тады і як дзейнічае ва Ўкраіне цяпер.

Урок другі — пра «чужую вайну»

Як паказваюць шматлікія апытаньні грамадзкай думкі (Chatham House, Андрэя Вардамацкага, Філіпа Біканава), стаўленьне беларусаў да розных аспэктаў вайны сфармавалася практычна адразу пасьля яе пачатку і істотна не мянялася на працягу ўсяго году. Для расейцаў пытаньні пра ўдзел іх краіны ў вайне і пра ацэнку пазыцыі Расеі ў ёй — гэта адно і тое ж пытаньне, іх краіна гэтую вайну пачала і вядзе.

Для беларусаў — гэта розныя пытаньні, і адказы на іх істотна розныя. З самага пачатку поўнамаштабных баявых дзеяньняў беларуская грамадзкая думка пераважнай большасьцю была катэгарычна супраць удзелу Беларусі ў гэтай вайне сваімі ўзброенымі сіламі. Можна меркаваць, што гэты кансэнсус, які абʼядноўвае беларусаў з рознымі палітычнымі поглядамі, быў прынамсі адным з фактараў, дзеля якіх беларускае войска не паслалі на фронт. Пра гэтыя дамінуючыя настроі ведалі і іх адчувалі і Лукашэнка, і Пуцін.

Аднак у тым, што тычыцца ролі Расеі ў гэтай вайне і стаўленьня да яе, ніякага кансэнсусу не сфармавалася. Хоць адносная большасьць ацэньвала пазыцыю Масквы адмоўна, значная, супастаўная з гэтай большасьцю, частка грамадзтва ўхваляла расейскую вайну.

Пры гэтым уварваньне практычна не паўплывала на стаўленьне да самой Расеі — яно станоўчае прыкладна ў 70% рэспандэнтаў. І прыкладна столькі ж — каля дзьвюх трацінаў — заяўлялі пра станоўчае стаўленьне да Ўкраіны.

Такое, на першы погляд, супярэчлівае стаўленьне можна растлумачыць формулай: «Гэта ня наша вайна». Безумоўна, частка беларусаў горача падтрымала і падтрымлівае Ўкраіну. Але большасьць, якая катэгарычна супраць удзелу беларускай арміі ў вайне, сфармаваная менавіта адэптамі формулы пра «чужую вайну».

Вайна — чужая. А Расея — не. Як і Ўкраіна.

На першы погляд, гэты ўрок супярэчыць уроку «Расея — небясьпечная краіна». Для кагосьці і супярэчыць. А для большасьці гэта спалучаецца — небясьпечная, але не чужая.

Урок трэці — пра рашучасьць

Вайна спарадзіла ў частцы беларускага грамадзтва гатоўнасьць да рашучых дзеяньняў, прынамсі, большую, чым яна была ў 2020 годзе. Аднак варта адзначыць, што ў дзеяньні гэтая гатоўнасьць увасаблялася толькі ў сытуацыях, наўпрост зьвязаных з вайной і падтрымкай Украіны ў ёй. Жахлівай жорсткасьцю рэпрэсій можна было б растлумачыць поўную адсутнасьць дзеяньняў — рашучых ці не. Але, скажам, байцы палку Каліноўскага ахвяруюць сваімі жыцьцямі на полі бою ва Ўкраіне. Але не ў Беларусі. «Рэйкавыя партызаны» спынялі эшалёны з расейскай тэхнікай і жывой сілай. І пагроза рэпрэсій іх не спыняла. Але ні яны, ні хто-небудзь іншы не рабілі рашучых дзеяньняў, скажам, адносна беларускіх сілавікоў ці іншых прадстаўнікоў улады.

Беларускія "рэйкавыя партызаны", каляж
Беларускія "рэйкавыя партызаны", каляж

Цяпер часта гучаць заявы, што мірны пратэст 2020 году быў неадэкватнай тактыкай, што наступным разам справа не абмяжуецца «кветачкамі» і «здыманьнем абутку перад лаўкамі». Але пакуль гэтыя пагрозы і намеры калі і ператвараюцца ў практыку, то толькі ў сувязі з Украінай і ў падтрымку Ўкраіны.

Урок чацьвёрты — пра нянавісьць

Мы можам быць нелюбімым народам і нават такім, які ненавідзяць. Вельмі нязвыклы стан. Амэрыканцы, расейцы, кітайцы — яны звыклыя да таго, што іх шмат дзе і шмат хто ня любіць, гэта адваротны бок глябальнай ролі іх краінаў. А беларусаў жа любілі ўсе. Часам — гледзячы крышку звысоку, як на мілых хобітаў. Але сымпатызавалі ўсе — і блізкія народы, і далёкія. І тут раптам масавая і моцная нелюбоў з боку ўкраінцаў.

Беларусам гэта падаецца несправядлівым. І таму, што іх ніхто не пытаўся, калі ўцягваў у гэтую вайну, і таму, што беларускае войска ўсё ж не забівае ўкраінцаў, і з мноства іншых прычын. Але тое, што беларусы — другі пасьля расейцаў нелюбімы ўкраінцамі народ, — гэта бясспрэчны факт украінскай грамадзкай сьвядомасьці. Зводзіць гэта толькі да ўзьдзеяньня ўкраінскай прапаганды беспадстаўна. Такой імклівай і істотнай зьмены стаўленьня да суседняга народу ня можа выклікаць ніякая прапаганда. А вось ракеты, якія ляцяць зь беларускай зямлі на ўкраінскія гарады, могуць быць нашмат больш пераканаўчымі.

Урок пяты — пра Realpolitik

Нежаданьне ўкраінскага кіраўніцтва сустракацца зь беларускім дэмакратычным лідэрам Сьвятланай Ціханоўскай тлумачыцца тым, што палітыка Ўкраіны ў дачыненьні да Беларусі мае, па сутнасьці, толькі адну мэту — зьнізіць рызыкі ўступленьня ў вайну беларускай арміі. Наколькі сустрэча Зяленскага зь Ціханоўскай гэтыя рызыкі рэальна падвысіла б — пытаньне спрэчнае. Але ў Кіеве лічаць, што падвысіла б і што ўжо пэўна ня зьнізіла б. Некаторыя папракаюць украінскія ўлады за гэта ў падвойных стандартах: маўляў, Захад заклікаюць падтрымліваць Украіну ў імя каштоўнасьцяў і прынцыпаў, а ў адносінах да Беларусі практыкуюць брутальную Realpolitik.

Аднак насамрэч каштоўнасная матывацыя Захаду падтрымліваць Украіну — як мінімум не адзіная. Справа ў тым, што параза Ўкраіны пацягнула б за сабой катастрафічную дэмаралізацыю Захаду. Так, за заходняй мяжой Украіны — NATO зь пятым артыкулам статута наконт калектыўнай абароны, там краіны з сучаснымі войскамі, сучаснай зброяй, якую Захад са скрыпам дае Ўкраіне.

Але досьвед цяперашняй вайны паказвае, што галоўнае ў бітве — гэта дух. Украінскае грамадзтва, украінскае войска дэманструюць, які ў іх дух. Якім будзе баявы дух краінаў NATO, калі надыдзе іх чарга пасьля заваёвы Расеяй Украіны, калі маральны дух Эўропы будзе падарваны гэтай заваёвай? І нават калі Крэмль зараз не зьбіраецца працягваць захопніцкую палітыку пасьля плянаванага заваяваньня Ўкраіны, то, як той казаў, апэтыт прыходзіць падчас яды. Эўфарыя, драйв перамогі разам з дэмаралізацыяй Захаду спародзіць жаданьне працягваць, нават калі яго няма цяпер.

Так што, падтрымліваючы Ўкраіну, Захад, акрамя ўсяго іншага (калі ня ў першую чаргу), дзейнічае ў адпаведнасьці з усё той жа старой добрай Realpolitik. На вайне і побач з вайной усе ў канчатковым выніку зыходзяць са сваіх інтарэсаў.

***

Урокі не абавязкова ўтрымліваюць у сабе гатовыя адказы. Часта гэта проста разуменьне, якое дапамагае знайсьці іх.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG