Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працэс разблякаваньня спыніўся, шанцаў вельмі мала». Што адбываецца з заблякаванымі ва Ўкраіне рахункамі беларусаў


Нацыянальны банк Украіны. Кіеў, 20 чэрвеня 2018 году. Ілюстрацыйнае фота
Нацыянальны банк Украіны. Кіеў, 20 чэрвеня 2018 году. Ілюстрацыйнае фота

Улетку 2022 году ўкраінскія ўлады дазволілі разблякаваць частку рахункаў прыватных і юрыдычных асобаў.

З пачаткам вайны ўкраінскія банкі заблякавалі рахункі беларусаў. Гэта адбылося на 3-і і 4-ы дні поўнамаштабнай вайны. Улетку 2022 году пасьля шчыльнай праверкі СБУ некаторым беларусам і нават цэлым кампаніям рахункі разблякавалі. Але зараз няма афіцыйных адказаў ні ад СБУ, ні ад Нацбанку Ўкраіны. Разьбіраліся, чаму працэс фактычна спыніўся.

«Мне здаецца, што цяпер СБУ нават не разглядае лістоў беларусаў»

Беларуса Андрэя затрымалі ў Менску на пачатку кастрычніка 2021 году, пасадзілі на 15 дзён за «дробнае хуліганства» — нібыта «лаяўся і не падпарадкаваўся міліцыі». Потым дадалі яшчэ два разы па 15 дзён, пагражалі крымінальнай справай. Пасьля 45 дзён адседкі хлопец вырашыў выехаць зь Беларусі. У яго былі пэўныя ашчаджэньні. Ва Ўкраіне без праблем адкрыў рахунак у «Прыватбанку», перавёў сродкі, каб было на што ўладкавацца ў новай краіне. Пачатак вайны сустрэў у Кіеве. Заўважыў, што рахунак заблякаваны, дзесьці на чацьвёрты дзень пасьля пачатку вайны.

«Я проста ня мог увайсьці ў сыстэму. Рахунак адлюстроўваўся, але я ня мог ніякіх дзеяньняў зрабіць. А калі з праграмы выходзіш, зайсьці ў яе ўжо нельга.

Паколькі я застаўся ў Кіеве, пачаў дамагацца разблякаваньня рахунку. Напісаў ліст у СБУ, што ня маю ніякага дачыненьня да вайны, знаходжуся ва Ўкраіне. СБУ нібыта правярала мой кейс. Праз пару месяцаў прыйшоў адказ, што праверку я прайшоў. Потым я бясконца тэлефанаваў у банк, некалькі тыдняў запар. А там складаная працэдура ідэнтыфікацыі, трэба фатаграфаваць пашпарт, увесьці процьму пароляў — хвілін 20 трэба патраціць, каб падключыцца да апэратара. Я часта правяраў свой рахунак. І ў адзін цудоўны момант пабачыў, што ён разблякаваны. Гэта адбылося, здаецца, на пачатку ліпеня», — падзяліўся асабістым досьведам хлопец.

Андрэй лічыць, што яму проста пашанцавала, ён дамогся разблякаваньня рахунку толькі дзякуючы сваёй настойлівасьці і ўпартасьці. Спрабаваў дапамагчы іншым, раіў, што і як трэба рабіць.

«Але цяпер гэта ўжо не працуе. Мы пісалі лісты ў СБУ, падмацоўвалі іх пацьверджаньнямі, што ня маем дачыненьня да вайны, за сяброў паручаліся ўкраінцы — нічога не атрымалася. Мне здаецца, што цяпер СБУ нават не разглядае лістоў. Такі пасыл ідзе, што кожнага чалавека будуць разглядаць у індывідуальным парадку: маўляў, ідзіце ў банк і тлумачце. У мяне знаёмы працуе ў „Прыватбанку“, прычым на кіроўнай пасадзе. Я папрасіў яго дапамагчы сябру. Але знаёмы банкір запэўніў, што цяпер дыстанцыйна нічога ня робіцца, кліент павінен прыйсьці ў банк асабіста і з кожным будуць разьбірацца індывідуальна», — расказаў Андрэй.

«Вы ж разумееце, чаму вам заблякавалі рахунак?»

Ганна мае беларускае грамадзянства і беларускі пашпарт. Але шмат гадоў жыве ў Кіеве, мае сталы дазвол на жыхарства ва Ўкраіне, рахунак ва ўкраінскім банку ў яе быў адкрыты даволі даўно. Аднак на трэці дзень пасьля пачатку вайны яго заблякавалі. Ганна ня раз зьвярталася пісьмова ў банк з просьбай разблякаваць, бо давялося пакінуць Кіеў. Летам вярнулася ва Ўкраіну, зьвярталася ў банк асабіста. Беспасьпяхова. Хацела паспрабаваць разблякаваць праз суд.

«Я бачыла, як беларускім кампаніям адной за другой скасоўвалі арышт рахункаў нават у крымінальных справах, а супраць мяне ж няма ніякіх крымінальных спраў. Я сабрала дакумэнты, каб зьвярнуцца ў суд, але высьветлілася, што я згубіла сваю дамову з банкам аб адкрыцьці рахунку. А калі пайшла ў банк па копію, увогуле зразумела, што не змагу ў судзе безь юрыдычнай дапамогі выйграць гэтую справу самастойна. Бо ў банку адмовіліся завяраць копію дамовы. Проста ад рукі напісалі, што гэта копія і яе можна выкарыстоўваць як дакумэнт. Але надпіс быў зроблены бяз штампа ці пячаткі», — кажа Ганна.

Яна з горыччу ўспамінае, як ёй падчас размовы пастаянна намякалі: «Вы ж разумееце, чаму вам заблякавалі рахунак?». Ганну абурае, чаму ўкраінцы ня хочуць зразумець сытуацыю, у якой апынуліся беларусы ва Ўкраіне. Але Ганна працягвала змагацца.

«Я зьвярнулася зь лістом у Нацыянальны банк Украіны, праз 10 дзён мне адказалі, што даюць указаньні банкам разблякоўваць рахункі толькі на падставе адпаведнага звароту СБУ. Калі я зьвярнулася з гэтай просьбай у СБУ, мне паабяцалі паведаміць, але ўжо больш як паўгода няма ніякага адказу.
Наколькі я зразумела, пасьля зьмены кіраўніцтва СБУ ўвогуле спынілі працэс разблякаваньня рахункаў беларусаў», — паведаміла кліентка ўкраінскага «Прыватбанку».

Ганна даведалася, што банк можа зь яе заблякаванага рахунку пералічыць грошы на іншы ейны банкаўскі рахунак.

«Але толькі ў тым выпадку, калі SWIFT будзе на маё прозьвішча — ні на якія іншыя рахункі яны не пералічваюць грошы. Аднак, паколькі я цяпер не ва Ўкраіне, то мне і гэтага дабіцца цяпер складана», — кажа жанчына.

«Беларускіх журналістаў далучылі да ворагаў Украіны»

Пасьля пратэстаў 2020 году ва Ўкраіну прыехала шмат беларускіх журналістаў: вымушаны былі рэлякавацца цэлыя рэдакцыі незалежных СМІ. З пачаткам вайны ім давялося пераяжджаць другі раз. Але літаральна празь дзень пасьля пачатку вайны ва ўсіх заблякавалі рахункі.

Журналістка Алена Прыходзька кажа, што ведае шмат калег, якія ўсе свае сродкі, ашчаджэньні перавялі зь Беларусі на рахункі ўкраінскіх банкаў.

«На гэтыя новыя рахункі прыходзілі ганарары, у некаторых на рахунках былі ня толькі ўласныя сродкі, а і грошы для нейкіх праектаў. Усё гэта заблякавалі. Людзі апынуліся наагул бяз сродкаў для існаваньня. Сытуацыя вельмі драматычная. За калегаў вельмі крыўдна і прыкра, што людзі згубілі ўсё. Увесь час гэтыя журналісты змагаліся з рэжымам, былі пад пагрозай у Беларусі. Яны на радзіме цярпелі ад рэжыму Лукашэнкі, вымушаны былі выехаць ад перасьледу. А потым яшчэ такі ўдар атрымалі ад ураду Ўкраіны — беларускіх журналістаў далучылі да ворагаў! Ніякай шкоды Ўкраіне яны не наносілі. Чаму да нас такое стаўленьне, вялікае пытаньне», — разважае Алена Прыходзька.

Беларуская асацыяцыя журналістаў зь першых дзён вайны спрабавала дапамагчы калегам, складала сьпісы беларускіх журналістаў, пісала лісты ў Службу бясьпекі Ўкраіны, у Нацыянальны банк, якія праводзілі вельмі сур’ёзныя праверкі і давалі ўказаньне банкам разблякаваць рахункі. І спачатку былі станоўчыя вынікі, кажа Алена Прыходзька.

«У нас былі два пасьпяховыя кейсы, у кожным прыкладна па 30 чалавек. Наколькі я бачыла потым зваротную сувязь, 80 адсоткам людзей карткі разблякавалі. Але ня ўсім. Потым мы падрыхтавалі трэці сьпіс. Бо прыкладна ў 40 чалавек сытуацыя вельмі крытычная. Людзі вымушаны ехаць з Украіны бяз сродкаў, другі раз рэлякавацца.

Ня ведаю, з чым зьвязана такое стаўленьне. Можа, з тым, што кіраўніцтва СБУ памянялася, але гэты трэці ліст, які мы накіравалі яшчэ ў чэрвені, завяз. У абарону журналістаў пісалі ліст і з Аб’яднанага пераходнага кабінэту Ціханоўскай. Але выніку няма. СБУ не ідзе насустрач. Пісалі наўздагон лісты: калі ёсьць пытаньні, мы гатовыя адказаць, людзі гатовыя даць доказы. Але ніякага супрацоўніцтва не атрымалася.

Усё ж была надзея, што зь цягам часу ўкраінскі бок пачне прадметна разьбірацца з кожным. Але цяпер сытуацыя не разьвіваецца», — канстатуе Алена Прыходзька.

Пакуль сувязь аднабаковая. Няма афіцыйных адказаў ні ад СБУ, ні ад Нацбанку, немагчыма даведацца, ці разглядалі яны наагул гэтыя сьпісы.

«Я сама шмат разоў тэлефанавала ў Нацбанк. Некаторыя банкі проста казалі: «Мы нічога ня ведаем, ніякіх лістоў зьверху не было.
Некаторым пашанцавала: хтосьці пісаў у СБУ і банк асабіста і былі адзінкавыя разблякаваньні. Але сёньня працэс разблякаваньня рахункаў беларусаў ва Ўкраіне спыніўся, шанцаў вельмі мала», — кажа Алена Прыходзька.

Паводле адказу Нацыянальнага банку Ўкраіны на запыт аднаго з грамадзян Беларусі аб магчымым разблякаваньні банкаўскага рахунку, установа у сваім рашэньні аб блякаваньні рахункаў грамадзян Беларусі і Расеі спасылаецца на пастанову СБУ. Свабода таксама зьвярнулася з запытам ў Службу бяспекі Украіны наконт сытуацыі, мы апублікуем адказ, як толькі яго атрымаем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG