Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля гісторый з данатамі стараюся не сьвяціцца». Як цяпер пераводзяць грошы ў Беларусь з-за мяжы


Банкамат у Менску. Архіўнае фота
Банкамат у Менску. Архіўнае фота

Беларускія банкі паступова адключаюць ад міжнародных плацяжоў. Альтэрнатывай сталі розныя фінансавыя кампаніі. Летась некаторыя зь іх прыпынілі сваю дзейнасьць у Беларусі, але ня ўсе.

«Пераводжу грошы ў Беларусь праз сэрвіс Paysend»

Беларуска Ганна карыстаецца сыстэмай міжнародных пераводаў Paysend.

«Я пераводжу грошы ў Беларусь праз сэрвіс Paysend. З карткі польскага банку на беларускую картку сыстэмы Visa. Банкі знарок не называю, а то яшчэ прыкрыюць гэтую магчымасьць. Раблю розныя аплаты паслуг у Беларусі. Магу і вэбінары сабе аплаціць, і сушы ці кветкі блізкім заказаць, каб парадаваць. Paysend бярэ невялікую камісію за перасылку.

Да вайны, калі жыла ў Грузіі, карысталася сэрвісам Fin.fo, але чамусьці пасьля пераезду ў Польшчу яго замяніла. Ня памятаю, у чым прычына», — падзялілася Ганна.

Камісія пры пераводзе праз Paysend фіксаваная, складае прыкладна 1,5 эўра. Яе можна пабачыць адразу, у момант пераводу грошай.

Што да Польшчы, на сайце пазначана: «Міжнародныя пераводы на Visa і Mastercard у Рэспубліку Беларусь усяго за 4,9 PLN». 20 лютага 1 беларускі рубель каштаваў 1,613 польскага злотага. Калі вы адправіце 1000 злотых, у Беларусь прыйдзе 616,93 рубля.

Працуе і плятформа для імгненных грашовых пераводаў Fin.do

Камісія ўключаная. Калі 20 лютага перавесьці з Польшчы 1000 злотых, у Беларусі чалавек атрымае 611,24 беларускіх рублёў — на 5,5 рубля менш, чым пры пераводзе праз Paysend.

Банкаўскія пераводы: камісія 15%, абмежаваньні сумы

Бальшыня беларускіх банкаў знаходзіцца пад санкцыямі. І могуць быць праблемы з банкаўскімі пераводамі з-за мяжы.

Перавод з карткі эўрапейскага банку на картку, выпушчаную беларускім банкам, які трапіў пад санкцыі, наагул можа не прайсьці.

Нават калі беларускі банк не ў санкцыйным сьпісе, гэта не азначае, што перавод абавязкова пройдзе: усё залежыць ад рашэньня замежнага банку, які абслугоўвае карту адпраўніка грошай.

Да таго ж пры пераводзе прымяняецца ўнутраны курс аплатнай сыстэмы. А ён можа моцна адрозьнівацца ад курсу Нацыянальнага банку Беларусі. Нават калі перавод з-за мяжы пасьпяхова дайшоў да беларуса, камісія за здыманьне грошай непрыемна зьдзівіць атрымальніка. Летам 2022 года беларускія банкі істотна яе павялічылі.

Так, «Беларусбанк» павялічыў камісію ў 15 разоў (з 1% да 15%) пры здыманьні і беларускіх рублёў, і 15% ад сумы валюты (у эквіваленце ў беларускіх рублях).

Гэта тычыцца і грашовых пераводаў Visa Direct, Mastercard MoneySend, «Белкарт»/ «Мір».

Тое самае зрабілі «МТБанк», «Альфа-Банк», «Тэхнабанк» — за перавод з-за мяжы з атрымальніка грошай бярэцца камісія 15% ад сумы.

А «БНБ-Банк» наагул увёў забарону на любыя пераводы з-за мяжы на свае карткі. Праўда, Беларускі народны банк выбачаецца за нязручнасьці. У «РРБ-Банку» (Банк росту і разьвіцьця бізнэсу) са студзеня 2023 году пры атрыманьні даляравага пераводу здымаецца камісія банкам-карэспандэнтам памерам 80$.

Часьцяком беларусы адкрывалі карту «Мир», эмітаваную расейскім банкам: яна папаўнялася ў Расеі, а сродкі здымаліся ў Беларусі.

Аднак многія беларускія банкі для картак «Мир», імітаваных банкамі-нерэзыдэнтамі, паднялі камісію да 15% (пры атрыманьні гатоўкі ў касах) і абмежаваньне на зьняцьце ў банкаматах (500 беларускіх рублёў на тыдзень). Так што рабіць банкаўскія пераводы стала нявыгадна з прычыны высокай камісіі.

«Шукаю чалавека за мяжой, у якога ёсьць беларуская картка»

Беларусы таксама шукаюць альтэрнатыўныя шляхі пераводу грошай на радзіму. Андрэй, які жыве ў Літве, прыдумаў такую схему:

«Зь пераводамі ў Беларусь тут складана. Я звычайна раблю так: шукаю чалавека, у якога тут, за мяжой, ёсьць і беларуская картка з грашыма, і картка эўрапейскага банку. Я кідаю яму грошы на эўрапейскую картку, а ён кідае са сваёй беларускай на беларускую, якую я яму скідваю. Такім чынам я перавожу грошы бацькам, якія засталіся ў Менску», — падзяліўся сваім досьведам пераводу грошай у Беларусь Андрэй.

Супрацоўнік буйной ІТ-кампаніі Антон рэлякаваўся зь Менску ў Кракаў. Ён кажа, што беларускім банкам наагул не давярае.

«У мяне ў Менску засталіся бацькі-пэнсіянэры. Натуральна, трэба дапамаць ім. Я і раней банкам не асабліва давяраў. Беларускія банкі „зьліваюць“ інфармацыю ўсім, хто запросіць, і гэта ня толькі падатковая інспэкцыя. А пасьля гісторый з данатамі тым больш стараюся не „сьвяціцца“ ў Беларусі і не „засьвечваць“ сваякоў. Бо потым прыпішуць фінансаваньне невядома чаго.

Перадаю наяўныя грошы і гасьцінцы празь сяброў ці знаёмых, якія езьдзяць у Беларусь. Сумы дазволеныя, ня надта вялікія. Атрымліваецца ня вельмі рытмічна, але так мне спакайней», — кажа Антон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG