Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская выведка заўважыла перамяшчэньне войскаў бяз знакаў адрозьненьня ля паўночнай мяжы


Жыхары Чарнігаўскай вобласьці вітаюць украінскае войска, якое вызваліла іх ад расейскай акупацыі. Красавік 2022
Жыхары Чарнігаўскай вобласьці вітаюць украінскае войска, якое вызваліла іх ад расейскай акупацыі. Красавік 2022

А ў Генштабе Ўкраіны мяркуюць, што Расея працягвае падтрымліваць інфармацыйную кампанію аб магчымым паўторным наступе на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, але там няма неабходных для гэтага ўдарных фармаваньняў.

Апэратыўнае камандаваньне «Поўнач» заявіла, што ў раёне паўночных межаў з Чарнігаўскай вобласьцю зафіксавалі рух калён вайсковай тэхнікі ў раёне мяжы з Чарнігаўскай вобласьцю без апазнавальных знакаў і жывой сілы, апранутай у «піксэль», падобны да формы Ўзброеных сіл Украіны.

«Акупанты рыхтуюць магчымыя правакацыі да гадавіны поўнамаштабнага наступу, хутчэй за ўсё, іхная мэта — абвінаваціць украінскіх абаронцаў у парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці», — паведамілі ў камандаваньні Ўзброеных сіл Украіны, якія абараняюць поўнач краіны.

У камандаваньні «Поўнач» падкрэсьлілі, што ўкраінскае войска трымае сытуацыю пад кантролем і займаецца выключана абаронай сваёй краіны ад «нахабнага ворага».

У той жа час украінскія вайскоўцы не ўдакладнілі, на чыёй тэрыторыі — беларускай ці расейскай — заўважылі такія перамяшчэньні калён.

У Генштабе Ўкраіны ня бачаць падрыхтоўкі да ўварваньня з тэрыторыі Беларусі

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ брыгадны генэрал Аляксей Громаў заявіў, што Расея працягвае падтрымліваць інфармацыйную кампанію аб магчымым паўторным наступе на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, але там няма неабходных для гэтага ўдарных фармаваньняў.

«Колькасьць асабовага складу, узбраеньня і вайсковай тэхнікі ў рамках групоўкі так званай саюзнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі недастатковая для фармаваньня ўдарных груповак для правядзеньня наступу з тэрыторыі Беларусі», — заявіў Аляксей Громаў 23 лютага на брыфінгу ў Кіеве.

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ брыгадны генэрал Аляксей Громаў
Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ брыгадны генэрал Аляксей Громаў

У той жа час, паводле яго, на вайсковых палігонах працягваецца падрыхтоўка расейскіх войскаў для далейшага перакіданьня ва Ўкраіну.

Аляксей Громаў зьвярнуў увагу на тое, што парлямэнт Беларусі ўхваліў закон аб увядзеньні сьмяротнага пакараньня за дзяржаўную здраду вайскоўцаў і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады.

«Ня выключана, што такім чынам улада Беларусі ажыцьцяўляе ціск на ўласны сілавы блёк у выпадку ўхваленьня Лукашэнкам рашэньня аб непасрэдным удзеле ў вайне супраць Украіны», — мяркуе ён.

«У цяперашніх умовах кіраўніцтва Менску і далей будзе выконваць пастаўленыя перад імі патрабаваньні аб падрыхтоўцы падразьдзелаў Узброеных сіл Расеі за кошт Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў забесьпячэньні рамонту ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі, аднаўленьні баяздольнасьці падразьдзелаў і пастаўкі боепрыпасаў.

Працягваецца нагнятаньне сытуацыі і стварэньне грамадзкай напружанасьці з мэтай падтрымкі ідэі магчымасьці маштабнага наступу з тэрыторыі Беларусі», — сказаў намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ брыгадны генэрал Аляксей Громаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG