«Пасьля візыту Лукашэнкі ў Сухумі, які праігнараваў закон Грузіі аб акупаваных тэрыторыях, гэта зьяўляецца яшчэ адным парушэньнем сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці», — напісала Саламэ Зурабішвілі ў твітэры.
Міністэрства замежных спраў Грузіі 21 лютага таксама асудзіла сустрэчу Лукашэнкі з Бжанія.
У адказ міністар замежных спраў самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Інала Ардзінба апублікаваў заяву аб тым, што падобныя выказваньні МЗС Грузіі «ўжо набілі аскоміну і сталі насіць дзяжурны характар».
Ён падкрэсьліў, што, нягледзячы на ўсе «намаганьні грузінскага кіраўніцтва, накіраваныя на міжнародную ізаляцыю Рэспублікі Абхазія», яна «пашырае міжнародныя сувязі», што пацьвярджае сустрэча Лукашэнкі і Бжанія.
21 лютага Лукашэнка прыняў Бжанія ў Менску, адзначыўшы, што на іх сустрэчу «чамусьці востра рэагуе кіраўніцтва Грузіі».
Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі ў сувязі зь візытам Бжанія ў Менск заявіў аб падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі.
28 верасьня мінулага году Лукашэнка наведаў абхаскі горад Піцунду і сустрэўся з Бжанія. Такім чынам Лукашэнка дэ-факта прызнаў незалежнасьць Абхазіі, наведаўшы яе без дазволу ўладаў Грузіі. Аднак сусьветная супольнасьць вызнае Абхазію па-ранейшаму часткай Грузіі.
Пасьля ўзброенага канфлікту 2008 году, у якім Абхазію і іншы грузінскі рэгіён, Паўднёвую Асэтыю, актыўна падтрымала Расея, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтымі тэрыторыямі.
Беларусь афіцыйна не прызнала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
7 лютага 2022 году ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Ўладзіміру Салаўёву Лукашэнка заявіў, што не выключае прызнаньня незалежнасьці дзьвюх самаабвешчаных рэспублік і зробіць гэта, «як толькі зразумее» і прэзыдэнт Расеі яму скажа, што ў гэтым ёсьць неабходнасьць». З таго часу ніякага прызнаньня так і не адбылося, нягледзячы на ўзаемныя беларуска-абхаскія паездкі.