У Тбілісі заявілі аб «грубым парушэньні сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі» і «спробе ўзаконіць расейскі акупацыйны рэжым», паведамляе «Эхо Кавказа».
«Заклікаем Беларусь паважаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі ў міжнародна прызнаных межах, спыніць прадпрымаць дзеяньні, якія супярэчаць асноватворным прынцыпам і нормам міжнароднага права», — сказана ў заяве.
- Неафіцыйны візыт Лукашэнкі ў Абхазію ў верасьні 2022 года адбыўся без узгадненьня з Тбілісі. Беларусь не ўваходзіць у лік дзяржаў, якія прызналі незалежнасьць Абхазіі. Пасьля паездкі Лукашэнкі ў Піцунду МЗС Грузіі запатрабавала ад беларускага боку дадатковых тлумачэньняў. У знак пратэсту ў МЗС быў выкліканы амбасадар Беларусі ў Грузіі Анатоль Ліс.
- Візыт Лукашэнку асудзілі прэзыдэнт, прэм’ер і сьпікер парлямэнта Грузіі, іншыя прадстаўнікі ўраду. Яны назвалі гэта парушэньнем міжнароднага права і двухбаковых адносінаў. Кіраўнік парлямэнту Шалва Папуашвілі пры гэтым выказаў надзею на тое, што «Беларусь вернецца да прынцыпаў, прызнаных міжнародным правам, і ў рамках гэтага вызначэньня мы ўбачым, што, асабліва ў дачыненьні да палітыкі непрызнаньня, ніякіх крокаў рабіць ня будзе».