Прадстаўнікі краін Эўразьвязу пры Эўрапейскай радзе 22 лютага разгледзяць новыя санкцыі супраць Беларусі. Пра гэта сьведчыць парадак дня сустрэчы.
«Рашэньне Рады і выканаўчы рэглямэнт аб абмежавальных мерах у сувязі з сытуацыяй у Беларусі і датычнасьцю Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны», — так выглядае адзін з пунктаў парадку дня.
10 студзеня кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен паведаміла, што Эўразьвяз мае намер увесьці новыя санкцыі ў дачыненьні да ўладаў Беларусі за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Паводле зьвестак агенцтва Bloomberg, прапанаваныя абмежаваньні ўключаюць:
- санкцыі на нафту, вугаль, сталь і золата;
- гандлёвыя абмежаваньні на прадметы раскошы, інвэстыцыі;
- меры, якія закрануць авіяцыйны і энэргетычны сэктары краіны;
- забарона на экспарт тавараў і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах і могуць узмацніць прамысловы патэнцыял краіны.
Пры гэтым прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінэта па транзыце ўлады Павал Латушка нядаўна заявіў, што ў ЭЗ абмяркоўваюць зьняцьце пэрсанальных санкцый з гендырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага і расейскага бізнэсмэна, сябра Лукашэнкі Міхаіла Гуцэрыева, які таксама зьвязаны зь беларускай калійнай галіной. Паводле яго слоў, прыхільнікі зьняцьця санкцый прасоўваюць тэзу, што адыход з рынку «Беларуськалію» і іншых беларускіх калійных кампаній нібыта нэгатыўна паўплывае на сусьветны рынак харчаваньня, але ў рэчаіснасьці лабіруюць камэрцыйныя інтарэсы і карупцыйныя схемы алігархаў.