Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства эканомікі патлумачыла падзеньне грузаперавозак на 33% заходнімі санкцыямі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Па выніках студзеня 2023 году ў беларускай эканоміцы больш за ўсё «аселі» транспарт і перавозкі. 64% экспарту прыпалі на Расею і Кітай.

Такое рэзкае падзеньне паказчыкаў урад зьвязае з заходнімі санкцыямі супраць Беларусі за саўдзел у расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

У студзені 2023 году ВУП склаў 95% да леташняга студзеня, заявіў на тэлеканале «Беларусь-1» намесьнік міністра эканомікі Дзьмітры Ярашэвіч.

«Але ёсьць і тыя галіны, якія ня так добра працуюць, на наш погляд, з аб’ектыўных прычын. У першую чаргу гэта транспарт, перавозкі. У сувязі з усімі абмежаваньнямі сэктаральнымі, якія ўведзены ў адносінах да нашай краіны, вядома, ён ня можа дэманстраваць тыя вынікі, як і летась, таму студзень асядае. Ад яго асядае і опт», — сказаў Ярашэвіч.

«Прамысловасьць спрацавала на ўзроўні 94,6% паводле вынікаў [2022] году, а вось у студзені — 95,9%», — заявіў Ярашэвіч.

Чыноўнік назваў гэта «эфэктыўным ростам», паколькі ён адбыўся «за кошт высокатэхналягічных галін з высокай дабаўленай вартасьцю», «электроніка вырасла ў паўтара раза, машынабудаваньне, электраабсталяваньне і г.д.»

У сельскай гаспадарцы, паводле Ярашэвіча, у студзені адзначаны прырост на 3,4%.

«Гэта за кошт малака — 3,5%, мяса — больш за 5%. Мы нарасьцілі пагалоўе птушкі на 4 млн галоў. Наогул, у цэлым расьце прадукцыйнасьць жывёлагадоўлі», — сказаў намесьнік міністра.

Па сьцьвярджэньні Ярашэвіча, «практычна аднавілі будаўніцтва», «яшчэ няма 100%, але мы набліжаемся». У сакавіку плянуецца пачаць «рост у гэтай сфэры».

У 2022 годзе сальда дзяржавы, паводле чыноўніка, раўняецца 4,3 млрд даляраў. Гэта ён назваў «вельмі добрым вынікам». 64% экспарту прыпалі на Расею і Кітай, «сёлета мы захоўваем гэтыя рынкі».

«Плянуем атрымаць 24,4 млрд даляраў экспартнай выручкі з Расеі — на 1,5 млрд вышэй, чым летась. Я думаю, што гэта пад сілу нам з улікам тых абставін, якія зараз адбываюцца ў Расеі: рынкі ачышчаны (мабыць, маецца на ўвазе сыход заходніх кампаній. — BPN.), дзесьці высокія дамоўленасьці паміж лідэрамі нашых краін дасягнуты», — сказаў Ярашэвіч.

У плянах Мінэканомікі рост экспарту на 15% у Кітай, а таксама 20 інвэстыцыйных праектаў зь бізнэсам гэтай краіны.

Падзеньне грузаперавозак

Пры гэтым статыстыка сьведчыць, што грузаабарот транспарту за апошнія 12 месяцаў скараціўся ў 1,5 раза.

Зьвесткі Белстату гавораць аб падзеньні на 33%.

Апошнія чатыры гады грузаабарот транспарту нязьменна памяншаўся: у 2019 годзе — на 5,8%, у 2020-м — на 5,9%, у 2021-м — на 3,6%, у 2022-м — на 25,4% (разам за гэтыя гады — на 36,2%, са 138 млрд 838 млн да 88 млрд 625,4 млн тона-кілямэтраў).

Пасажыраабарот пачаў аднаўляцца, аднак пакуль не дасягнуў узроўню да пандэміі: 21 млрд 1,8 млн пасажыра-кілямэтраў у 2022 годзе супраць 27 млрд 574 млн — у 2019-м (зьніжэньне на 23,8%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG