Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нідэрлянды закрываюць консульства ў Санкт-Пецярбургу і скарачаюць колькасьць расейскіх дыпляматаў у Гаазе


Расейская амбасада ў Гаазе
Расейская амбасада ў Гаазе

У заходнеэўрапейскай дзяржаве заявілі аб спробах Расеі ўкараняць сваіх агентаў на кантынэнце. За такімі намерамі і дзеяньнямі Масквы ідуць рашэньні аб скарачэньнях.

Улады Нідэрляндаў 18 лютага афіцыйна паведамілі аб сваім рашэньні закрыць консульства краіны ў Санкт-Пецярбургу і скараціць колькасьць расейскіх дыпляматаў, якія працуюць у пасольстве Расеі ў Гаазе.

«Расея працягвае спробы ўкараніць агентаў сваёй выведкі ў Нідэрляндах пад дыпляматычным прыкрыцьцём», — заявіў міністар замежных спраў Вопке Гукстра.

У той жа час, паводле яго слоў, Масква адмаўляецца прадаставіць візы нідэрляндзкім дыпляматам для працы ў консульстве ў Пецярбургу або ў пасольстве ў Маскве.

У Амстэрдаме адзначылі, што рашэньне абмежаваць колькасьць расейскіх дыпляматаў прынялі з улікам таго, каб іх штат адпавядаў колькасьці супрацоўнікаў у амбасадзе Нідэрляндаў у Маскве.

«Таму шэраг расейскіх дыпляматаў павінен пакінуць краіну на працягу двух тыдняў», — гаворыцца ў заяве МЗС Нідэрляндаў без указаньня, колькі менавіта прадстаўнікоў зараз павінны выехаць.

Урад Нідэрляндаў таксама распарадзіўся закрыць да 21 лютага расейскае гандлёвае прадстаўніцтва ў Амстэрдаме.

У МЗС Расеі заявілі РІА Новости, што Масква адкажа на рашэньне Нідэрляндаў скараціць колькасьць расейскіх дыпляматычных супрацоўнікаў.

Летась увесну Нідэрлянды абвясьцілі аб высылцы 17 расейскіх дыпляматаў з-за падазрэньняў у працы на выведку. Аналягічныя рашэньні тады прынялі Бэльгія, Ірляндыя і Чэхія.

Пасьля высылкі ў Нідэрляндах на той час заставаліся 58 акрэдытаваных расейскіх дыпляматаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG