Расея можа залучыць частку беларускага вайскова-прамысловага комплексу ў рамках спробаў пераўзбраеньня расейскага войска для зацяжной вайны з Украінай, лічаць аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).
Крэмль можа рэквізаваць беларускія заводы і пераабсталяваць іх для вытворчасьці тэхнікі, якую патрабуюць расейскія вайскоўцы, дапускае ISW. Акрамя таго, Расея можа паспрабаваць перапрафіляваць свае заводы для вытворчасьці больш неабходнай тэхнікі, перадаўшы вытворчасьць Су-25 (пра іх напярэдадні казаў Лукашэнка Пуціну) у Беларусь.
Каардынатар экспэртнай сеткі «Нашае меркаваньне», палітычны аналітык Вадзім Мажэйка нагадвае, што заявы Лукашэнкі на апошняй сустрэчы з Пуціным «былі якраз пра тое, што ён гатовы забясьпечыць Расеі падтрымку беларускімі вытворчымі магутнасьцямі і ў самалётах, і ў грузавіках, і ў электронных кампанэнтах. Гэта значыць, ні пра які супраціў крамлёўскаму ўціску зноў жа гаворкі няма, наадварот — Лукашэнка ўсё дае для вайсковай падтрымкі Расеі. Крамлю ня трэба рэквізаваць беларускія заводы, каб вырабляць на іх ваенную прадукцыю (ці яе кампанэнты) для патрэб расейскага войска. Лукашэнка наўпрост кажа, што акажа Пуціну і такую падтрымку. Без усялякага супраціву ціску, ды яшчэ і рады будзе зарабіць на вайсковых замовах».
У ISW таксама ўпэўненыя, што «Менск вымушаны ісьці на саступкі, каб пазьбегнуць непасрэднага ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у вайне».
Палітоляг Вадзім Мажэйка крытыкуе і гэтае цьверджаньне ISW. «Няма ніякіх доказаў ні ціску Крамля, ні супраціву Лукашэнкі, затое ёсьць мноства прыкладаў таго, што ад пачатку вайны Лукашэнка наўпрост дапамагае Пуціну ўсім, што яму патрэбна для вайны (беларуская тэрыторыя, дарогі і аэрадромы, бальніцы і інструктары, etc.). А на няўдзел беларускага войска ў вайне ўплывае яшчэ шмат фактараў, апроч жаданьняў Лукашэнкі: наколькі тэхнічна боегатовае беларускае войска? Зыходзячы з антываенных настрояў беларусаў, які маральны дух салдат? Што будзе пасьля разгрому беларускага войска, колькі войскаў Расеі давядзецца адцягнуць ад вайны для аховы сваёй заходняй мяжы? Але замест роздумаў над гэтымі пытаньнямі прасьцей, вядома, сказаць, што ўся справа ў тым, што Лукашэнка нібыта супраціўляецца нібыта ціску Крамля».
- На сустрэчы з журналістамі ў Менску 16 лютага Лукашэнка сказаў, што гатовы ўступіць у вайну на баку расейцаў, калі з Украіны «хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей», але пры гэтым запэўніваў, што «ні ў якім разе не зьбіраецца ўводзіць свае войскі на тэрыторыю Ўкраіны».