Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПК падтрымаў рашэньне Польшчы закрыць пункт пропуску ў Баброўніках на мяжы зь Беларусьсю


Памежны пераход Баброўнікі (польска-беларуская мяжа). 10 лютага, 2023
Памежны пераход Баброўнікі (польска-беларуская мяжа). 10 лютага, 2023

Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) выступіў з заявай, у якой падтрымаў рашэньне ўраду Польшчы аб закрыцьці грузавога пункту пропуску Баброўнікі (зь беларускага боку — Бераставіца).

Гэтае рашэньне, лічыць АПК, зьяўляецца «адэкватным адказам» на «беззаконьне ў Беларусі, рост колькасьці палітычных зьняволеных і бесчалавечнае абыходжаньне зь імі ў засьценках».

«Хваравітая рэакцыя незаконнага рэжыму», мяркуюць прадстаўнікі кабінэта, сьведчыць аб тым, што «крок Варшавы аказаўся дакладным», паколькі «абмяжоўвае магчымасьці рэжыму фінансаваць рэпрэсіі».

«Мы заклікаем урад Польшчы, Літвы і іншых краін – чальцоў ЭЗ, ЗША і ўсіх дзяржаў, якія заявілі аб сваёй прыхільнасьці да дэмакратычнай, сувэрэннай, незалежнай Беларусі, прадоўжыць нарошчваць ціск на рэжым з мэтай дабіцца спыненьня рэпрэсій і вызваленьня палітычных зьняволеных», — гаворыцца ў заяве.

Разам з тым галоўнай задачай, лічаць члены кабінэта, зьяўляецца менавіта «нанясеньне шкоды рэжыму Лукашэнкі».

«Важна, каб транспартныя пераходы заставаліся адкрытымі, у тым ліку гуманітарныя калідоры ва ўмовах масавых рэпрэсій у Беларусі», — падкрэсьлівае АПК.

Кабінэт лічыць недапушчальнымі «любыя выключэньні ў рамках санкцыйнага рэжыму», у тым ліку «супраць імавернасьці прымяненьня выключэньняў для беларускага калію ў рамках новага пакета санкцый ЭЗ», якая шырока абмяркоўваецца.

«Абʼяднаны пераходны кабінэт выступае за выкарыстаньне ўсіх даступных спосабаў ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай вызваленьня палітычных зьняволеных, — гаворыцца ў дакумэнце. — Лічым магчымым пачатак любых перамоўных працэсаў з рэжымам Лукашэнкі толькі пасьля поўнага спыненьня рэпрэсій і вызваленьня палітвязьняў з гуманітарнага сьпісу ў якасьці першага з боку рэжыму».

На думку АПК, адказнасьць за закрыцьцё памежных пераходаў і іншыя наступствы санкцый «нясе выключна рэжым Лукашэнкі», які «працягвае незаконна ўтрымліваць уладу, праводзіць масавыя рэпрэсіі і іншыя злачынствы супраць чалавечнасьці ў дачыненьні да беларусаў, дзеяньні, якія нясуць пагрозу міжнароднаму міру і бясьпецы».

Прыкладам такіх паводзінаў беларускіх уладаў кабінэт назваў «захоп самалёта для арышту апанэнта, арганізацыю міграцыйнага крызісу на межах з Эўрапейскім саюзам і саўдзел у вайне супраць Украіны на баку Расейскай Федэрацыі».

Найважнейшымі прыярытэтамі працы АПК застаюцца вызваленьне ўсіх палітвязьняў, спыненьне рэпрэсій, саўдзелу Беларусі ў вайне РФ супраць Украіны, вывад расейскіх войскаў з беларускай тэрыторыі, абарона сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны.

10 лютага Польшча на няпэўны тэрмін заблякавала адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску, Баброўнікі. Кіраўнік МУС Марыюш Каміньскі аргумэнтаваў гэта «важнай справай дзяржаўнай бясьпекі».

МЗС Беларусі выказала часоваму паверанаму ў справах Польшчы Марціну Вайцэхоўскаму «рашучы пратэст» супраць дзеяньняў польскіх уладаў. Дыплямату ўказалі на «катэгарычную непрымальнасьць гэтага кроку, які абвастрае і без таго вельмі складаную сытуацыю на беларуска-польскай мяжы і парушае правы тысяч грамадзян Беларусі, Польшчы і многіх іншых краін».

Падкрэсьлена «контрапрадуктыўнасць любых спроб націску на Беларусь».

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG