Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца на Варшаўскім мосьце, апошнім незакрытым беларускім пераходзе з Польшчай

абноўлена

Здымак з камэры на Варшаўскім мосьце, чэргі аўтамабіляў. 13 лютага 2023
Здымак з камэры на Варшаўскім мосьце, чэргі аўтамабіляў. 13 лютага 2023

Праз закрыцьцё шэрагу пераходаў узрасла нагрузка на пункт пропуску ў Берасьці.

Пасьля рашэньня польскіх уладаў закрыць пункт пропуску ў Баброўніках (Бераставіца зь беларускага боку) паміж Беларусьсю і Польшчай застаўся адзін пункт, празь які могуць праехаць легкавыя аўтамабілі — на Варшаўскім мосьце (Берасьце-Тэрэспаль). На ім па стане на 10-ю гадзіну 13 лютага сабралася 300 аўтамабіляў.

Узрасла нагрузка і на літоўскія прапускныя пункты. Больш за 50 аўтамабіляў знаходзяцца ў пункце пропуску «Прывалка», больш за 40 — у «Беняконях», звыш 20 — у «Лошы» і «Катлоўцы». На мяжы з Латвіяй чэргаў на гэты момант няма.

Пункт «Прывалка» (зь літоўскага боку «Райгардас») — найбліжэйшы да Польшчы, адпаведна, туды могуць накіравацца аўтамабілі, якія раней езьдзілі праз Баброўнікі. У гэтым пункце на гэты момант чакаюць мытнага афармленьня і 230 грузавікоў.

Раней Мытны камітэт Рэспублікі Беларусь спрагназаваў «значнае павелічэньне нагрузкі» на двух астатніх пераходах з Польшчай — Казловічы (грузавы транспарт) і Берасьце (легкавы). Пры гэтым, як паведамлялася, «частка патоку, які ідзе з польскага боку, пераразьмяркуецца на літоўскія пункты пропуску, у прыватнасьці, найбліжэйшую Прывалку».

Да закрыцьця «Баброўнікаў», паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, празь Бераставіцу накіроўвалася каля 30% грузавікоў і 40% легкавога транспарту ад агульнага аўтамабільнага патоку ў бок Польшчы.

Як паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце, за першыя выходныя пасьля закрыцьця пункту Баброўнікі-Бераставіца паток легкавых аўто, якія ідуць у ЭЗ, вырас на 16%. Затрымкі ў афармленьні фіксаваліся перад пунктамі пропуску Тэрэспаль (Берасьце) на польскай мяжы і Райгардас (Прывалка) на літоўскай.

Колькасць фур, якія чакаюць уезду ў Эўразьвяз, павялічылася за гэты час на 20%.

Таксама ў ведамстве расказалі пра колькасьць замежнікаў, якія наведалі Беларусь па бязьвізавым рэжыме з пачатку 2023 году, назваўшы лічбу ў 48 тысяч 488 чалавек. Паводле гэтай статыстыкі, абсалютную бальшыню замежнікаў, якія скарысталіся такой магчымасьцю, склалі грамадзяне Літвы, звыш 35 тысяч чалавек.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG