Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыляцеў кіраўнік МЗС Вугоршчыны. Ён хоча прадставіць «пазыцыю міру»

абноўлена

Пэтэр Сіярта ў Менску, 13 лютага 2023
Пэтэр Сіярта ў Менску, 13 лютага 2023

Неанансаваны візыт мае на мэце перамовы з фактычным кіраўніцтвам Беларусі.

Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта прыляцеў у Менск. У беларускай сталіцы ён сустрэнецца з новым міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам. Факт візыту пацьвердзіла дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Таксама ў плянах вугорскага палітыка сустрэча зь міністрам эканомікі Беларусі Аляксандрам Чарвяковым.

Паводле вугорскай службы Радыё Свабода Szabad Europa, мэтай візыту Будапэшт абвясьціў «захаваньне каналаў сувязі» паміж дзьвюма краінамі.

Адразу пасьля выхаду з самалёта ў Менску вугорскі дыплямат зрабіў кароткае паведамленьне.

«Вугоршчына чакае ад усіх членаў міжнароднай супольнасьці як мага хутчэйшых дзеяньняў дзеля міру і пазьбяганьня дзеяньняў, якія нясуць рызыку падаўжэньня або эскаляцыі вайны».

Вугорскі міністар напісаў у фэйсбуку з нагоды візыту ў Менск:

«Вайна ва Ўкраіне абвастраецца, з прычыны баёў гіне ўсё больш людзей. Чалавечыя жыцьці трэба ратаваць зараз, а гэта можна зрабіць толькі зь мірам. Вугоршчына чакае, што ўсе сябры міжнароднай супольнасьці будуць дзейнічаць у імя міру як мага хутчэй і пазьбягаць дзеяньняў, якія рызыкуюць падоўжыць або абвастрыць вайну.

Гэтую пазыцыю міру я таксама буду прадстаўляць сёньня на сваіх перамовах у Менску. Відавочна, што шмат хто будзе нападаць на візыт, але наша пазыцыя адназначная: каналы сувязі павінны быць адкрытыя. Калі б мы ня дзейнічалі такім чынам, я ня змог бы нават сёньня перадаць пасланьне закліку да міру».

Першы падобны візыт з 2020 году

Папярэдні раз прадстаўнік Вугоршчыны пабываў у Беларусі 5 чэрвеня 2020 году, яшчэ да сфальшаваных выбараў прэзыдэнта і хвалі масавых рэпрэсій. Тады Беларусь з афіцыйным візытам наведаў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Пасьля таго прадстаўнікі краін Эўразьвязу на ўзроўні прэм'ераў ці кіраўнікоў МЗС не прыяжджалі.

У Эўразьвязе разважаюць, ці ўключаць Беларусь у 10 пакет санкцый

15 лютага амбасадары Эўразьвязу абмяркуюць 10-ы пакет санкцый супраць Расеі. Ці будуць у ім і беларускія ўлады, канчаткова няясна.

Прарыву ў дачыненьні да Беларусі ў апошнім пакеце санкцый Эўразьвязу пакуль не чакаецца, паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк:

«Апошні пакет санкцый ЭЗ супраць Беларусі застаецца тупіковым, галоўным чынам з прычыны прапанаваных выключэньняў для беларускіх угнаеньняў. Я не чакаю прарыву на гэтым тыдні».

Раней Юзьвяк паведамляў, што Беларусь ня згадваецца ў апошніх пакетах санкцый Эўразьвязу на просьбу Ўкраіны. Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што паведамленьні аб просьбе Ўкраіны не ўключаць Беларусь у апошнія пакеты санкцый ЭЗ не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Вугоршчына з самага пачатку поўнамаштабнай расейска-ўкраінскай вайны 24 лютага 2022-га займала неадназначную пазыцыю, адрозную ад большасьці краін Эўразьвязу, куды сама ўваходзіць. Кіраўніцтва дзяржавы, у тым ліку асабіста Сіярта, выказвалася супраць перадачы ўзбраеньняў Украіне, нібыта праз засьцярогу наконт вугорскага насельніцтва ўкраінскага Закарпацьця.

Прэм’ер-міністра Віктара Орбана і Сіярта абвінавачвалі ў празьмернай супрацы з Масквой. Вугоршчына стала адной з краін, якія адхілілі прапанову забараніць расейцам атрымліваць шэнгенскія візы.

Адносна ўвядзеньня Эўразьвязам «столі» на цану расейскай нафты Пэтэр Сіярта заявіў, што яго краіна «шмат змагалася» за нацыянальныя інтарэсы падчас перамоваў у Эўразьвязе, у выніку чаго была вызваленая ад неабходнасьці прымяненьня гэтых захадаў адносна сябе.

У ліпені 2022 году Сіярта наведаў Маскву, дзе сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым. Тады ж Віктар Орбан выказаўся за мірныя перамовы, заявіўшы, што ЭЗ ня варта рабіць стаўку на перамогу Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG