«Перамовы ў верасьні 2022 году ў Самаркандзе надалі моцны імпульс беларуска-іранскаму ўзаемадзеяньню ва ўсіх сфэрах. Разьлічваю наведаць Тэгеран у бліжэйшы час і абмеркаваць актуальныя пытаньні двухбаковага, рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня», — цытуе віншаваньне Лукашэнкі ягоная прэс-служба.
На думку Лукашэнкі, Іран адыгрывае «важную ролю ў рэгіёне і ва ўсім сьвеце», дэманструючы «хуткую дынаміку эканамічнага разьвіцьця і росту дабрабыту насельніцтва ў сёньняшніх складаных умовах». У віншаваньні ён падкрэсьліў, што Беларусь «ва ўсе часы заставалася побач з Іранам, захоўвала вернасьць сяброўству і раўнапраўнаму дыялёгу».
Міністар прамысловасьці Беларусі Аляксандар Рагожнік сёньня заявіў, што «Беларусь і Іран рыхтуюць маштабны і амбіцыйны плян сумеснай работы на бліжэйшыя гады — дарожную карту ўсебаковага супрацоўніцтва».
Таваразварот Беларусі і Ірану ў 2021 годзе склаў 33,3 млн даляраў. Зьвесткі за 2022 год пакуль адсутнічаюць, паводле амбасадара Ірана ў Беларусі Саіда Яры і міністра прамысловасьці Беларусі, гэты паказьнік «вырас утрая».
- Іран, які ўжо каля 15 гадоў знаходзіцца пад санкцыямі Рады Бяспекі ААН праз сваю ядзерную праграму, зь мінулага крытыкуюць за верагоднае садзейнічаньне Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Дэмакратычныя краіны абвінавачваюць Тэгеран у продажы Расеі дронаў-камікадзэ «Шахед-136», якія Расея ўжывае для пашкоджаньня ўкраінскай інфраструктуры, у тым ліку грамадзянскай. Іран адмаўляе пастаўкі дронаў Расеі.
- Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае, а ўсьлед за ім і кіраўніцтва Беларусі называюць поўнамаштабную вайну супраць украінскага народа, якую Расея пачала 24 лютага мінулага года. Разам з тым часам Лукашэнка наўпрост называе разьвязаны Расеяй канфлікт вайной.
- Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.