Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран, які пастаўляе Расеі дроны для атак Украіны, атрымае расейскія самалёты СУ-35


Самалёт Су-35
Самалёт Су-35

Іран атрымае расейскія зьнішчальнікі Су-35, якія стануць самымі сучаснымі самалётамі ў войску краіны.

Тэгеран заказаў у Масквы сыстэмы супрацьпаветранай абароны, ракетныя ўстаноўкі і верталёты. Пра гэта ў інтэрвію агенцтву «Тасьнім» заявіў член камітэту іранскага парлямэнту ў нацыянальнай бясьпецы Шахрыяр Хейдары.

Паводле яго, пастаўка адбудзецца ў пачатку наступнага году — па пэрсыдзкім календары Новы год будзе адзначацца ў сакавіку.

Словы Хейдары — першае пацьверджаньне з боку афіцыйных асоб Ірану паставак сучаснай расейскай авіятэхнікі. Раней аб магчымай угодзе паведамлялі крыніцы заходніх СМІ ў выведніцкай супольнасьці.

Ізраільскі 12-ы канал паведамляў, што гаворка можа ісьці адразу аб 24 зьнішчальніках, якія першапачаткова хацелі прадаць Эгіпту. Ад гэтай угоды Эгіпет адмовіўся, напэўна, пад ціскам Злучаных Штатаў.

У сьнежні прадстаўнікі Адміністрацыі прэзыдэнта ЗША паведамілі журналістам, што супрацоўніцтва Расеі і Ірану ў вайсковай сфэры дасягнула «беспрэцэдэнтнага ўзроўню». Гэта адбываецца на фоне фактычнай ізаляцыі рэжымаў аяталы і Пуціна з боку краін Захаду.

Тэгеран пастаўляе Маскве баявыя бесьпілётныя лятальныя апараты, якія расейскае войска выкарыстоўвае ва Ўкраіне. Паведамлялася, што зь іх выкарыстаньнем расейскім войскам дапамагаюць іранскія вайскоўцы, якія прыбылі на анэксаваную тэрыторыю Ўкраіны.

Белы дом папярэджваў, што пастаўка расейскіх зьнішчальнікаў можа зьмяніць балянс сіл у рэгіёне.

Зьнішчальнікі-бамбавікі Су-34 выкарыстоўваюцца расейскім войскам з 2014 году і актыўна прапануюцца на экспарт. Самалёты разьлічаны на нанясеньне ракетна-бомбавых удараў у глыбіні тэрыторыі суперніка. У вайне з Украінай Расея выкарыстоўвае іх у абмежаваным маштабе праз насычэньне ўкраінскага войска сыстэмамі супрацьпаветранай абароны.

За апошнія гады Іран не купляў новых зьнішчальнікаў, за выключэньнем некалькіх расейскіх зьнішчальнікаў МіГ-29 Fulcrum, якія ён набыў у 1990-х гадах. Але і яны, відаць, пазбаўленьны нармальнага абслугоўваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG